Аграгарадок “Лукаўскі”

Аграгарадок “Лу­каў­скі” – цэнтральная сядзіба СВК “Чырвоны партызан”. Сельгаскааператыў быў арганізаваны ў ліпені 2002 г., знаходзіцца ў 20-ці км ад Маларыты. У склад гаспадаркі ўваходзяць вёскі Лукава, Высокае, Грушка, Ст. Забалацце, Н. Забалацце, Ужова. Сувязь з абласным цэнтрам ажыццяўляецца па асфальтаванай дарозе.
Аграгарадок “Лу­каўскі” – гэта цэнтр Лукаўскага сельсавета, агульная колькасць  на­сельніцтва якога складае 1155 чалавек. 700 з іх жывуць у в. Лукава. Дэмаграфічны пашпарт аграгарадка такі: працаздольнае насельніцтва складае 580 чалавек, пенсіянеры – 380, дзеці і падлеткі – 200 чалавек. Ёсць такія аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння: сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, два сельскія клубы, тры бібліятэкі, урачэбная амбулаторыя агульнай практыкі, чатыры магазіны, аддзяленні ашчадбанка, пошты, комплексны прыёмны пункт.
* * *
Вёска Лукава ўсё часцей прыцягвае для жыхарства і маладыя сем’і, і гараджан-пенсіянераў. Умовы для жыцця тут прыбліжаны да гарадскіх. Асабліва гэта адчулася пасля таго, як у 2007 г. быў пабудаваны аграгарадок.

Большая частка сродкаў была затрачана на рэканструкцыю сярэдняй школы і Дома культуры. Цяпер гэтыя два сучасныя будынкі з цікавай архітэктурай упрыгожваюць цэнтр Лукава і выконваюць сваё прызначэнне: у школе займаецца да 150 вучняў, працуюць 35 настаўнікаў, арганізаваны гурткі па інтарэсах, спартыў­ныя секцыі, працуе фізкультурна-аздараў­ленчы клуб “Атлант” з сілавым і лыжным трэнажорамі, велатрэкам, добрай бегавой дарожкай. Ёсць тут вялікая спартыўная зала з прагумаваным пакрыццём – пакуль адзіная ў раёне. Дом культуры стаў месцам правядзення многіх цікавых святаў не толькі мясцовага, але і раённага маштабу. Дзіцячы сад у в. Лукава наведваюць больш за 40 самых маленькіх жыхароў аграгарадка, і гэта сведчыць пра тое, што ў вёскі ёсць будучае. Усе, хто працуе у гэтай установе, родам з Лукава.
Своечасова атрымлі­ваюць неабходную медыцынскую дапамогу жыхары аграгарадка ў мясцовай урачэбнай амбулаторыі, дзе працуе 9 чалавек. Тут ёсць урач з медуніверсітэцкай адукацыяй, працу­юць працэдурны, ста­ма­талагічны, фі­зія­тэ­рапеўтычны кабі­неты, лабараторыя. У фізіятэрапеўтычным кабінеце ёсць поўны набор неабходнага медыцынскага інвентару: ультрагук, кварц, УВЧ, магітэр, электрафарэз, дарсанваль. У амбулаторыі працуе дзённы стацыянар на 5 ложкаў. Ёсць машына хуткай дапамогі.
Не страціла, а наадварот, атрымала другое жыццё бытавое абслугоўванне. Пасля капітальнага рамонту адкрыўся комплексны прыёмны пункт, дзе цяпер аказваюць 10 відаў паслуг: рамонт швейных вырабаў, абутку, бытавых машын, тэле- і радыё­апаратуры, паслугі цырульніка і гадзіннікавага майстра. Арганізаваны фотапаслугі, рытуальныя паслугі, прымаюцца заказы ў хімчыстку і пральню.
Сапраўдным інфарма­цыйным цэнтрам Лукава стала бібліятэка, што размясцілася ў Доме культуры, з кніжным фондам у 11,5 тысячы кніг. Яна камп’ютэрызавана, што дазволіла значна палепшыць інфармацыйна-бібліяграфічную работу і садзейнічала ўвядзенню новых відаў платных паслуг, план па якіх з году ў год стабільна выконваецца.
Насельніцтва аграгарадка забяспечана сродкамі стацыянарнай сувязі на 100%. Яму прадастаўлены паслугі сотавай перасоўнай электрасувязі апера­тарамі МТС і Velсom. Палепшана работа вулічнага асвятлення – уключаны новыя свяцільні з энергазберагальнымі лямпамі. Штогод у аграгарадку праводзяцца месячнікі і суботнікі па добраўпарадкаванні, а таксама агляды-конкурсы на лепшае ўтрыманне тэрыторый сярод прадпры­емстваў і прыватных домаўладанняў. Традыцыйнымі сталі святы вёсак. Славутасцю Лукава з’яўляецца возера, якое мае форму лука – адсюль і назва вёскі. На беразе возера знаходзіцца аграэкасядзіба “Хатні ачаг”, дзе ў мінулым годзе пабывала каля 100 турыстаў, сярод якіх былі палякі, немцы, літоўцы. Разыначкі “Хатняга ачага” – гэта лукаўская кухня, этнаграфічны куток, пах натуральнага дрэва ў пакоях… Таму перад тым, як крычаць: “Турцыя! Турцыя!” – варта задумацца: “А, мабыць, Лукава?”
Работы па добраўпа­радкаванні аграгарадка не заканчваюцца. Вось у гэтым годзе ўведзена ўжо другая чарга рэканструяванай мясцовай школы, згодна з Праграмай адраджэння і развіцця вёскі працягваецца будаўніцтва до­мі­каў. 31 чалавек на сённяшні дзень з’яўляецца забудоўшчыкам. Усё больш жы­хароў Лукава хочуць, каб іх двары выглядалі лепш, таму высаджваюць шмат кветак, выкарыстоўваюць розныя малыя архітэктурныя формы.
У сувязі з бу­даўніц­твам аграгарадка значна ўмацавана ма­тэрыяльна-тэхнічная база СВК “Чырвоны партызан”. Да ўсіх фермаў гаспадаркі заасфальтаваны пад’язныя дарогі, тэрыторыя мехдвара. Уведзены ў строй МТФ у в. Ст. Забалацце на 220 галоў і ў кастрычніку 2009 г. новая ферма ў в. Лукава на 720 галоў дойнага статка з беспрывязным утрыманнем жывёлы, дзе ўстаноўлена малочнае абсталяванне нямецкай фірмы “Вестфалле Суржэ” з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі. Увесь статак абслугоўваюць 4 даяркі. Комплекс уключае ў сябе 3 ка­роўнікі, малочны блок, радзільнае аддзяленне, падсобныя памяшканні. З-за празрыстага даху кароўнікі светлыя. Укараненне новых тэхналогій атрымання малака на ферме дазволіла павысіць яго якасць. Цяпер гэта адна з самых прадуктыўных ферм з усіх у кааператыве, і колькасць малака, якое рэалізуецца вышэйшым гатункам, тут самая вялікая. На гэтай ферме створаны ўсе ўмовы для атрымання малака высокіх якасцей. А гэта дадатковы прыбытак гаспадаркі, бо малочная прадукцыя самая рэнтабельная і прыносіць даход. Напрыклад, за мінулы год сума выручкі ад рэалізацыі малака па гаспадарцы склала 56% ад усёй рэалізаванай ім прадукцыі.
Асноўны напрамак развіцця СВК “Чыр­воны партызан” — малочна-мясны з развітым раслінаводствам. У 2009 г. атрыманы валавы надой малака ў колькасці 4832 тоны. Удой на 1 карову склаў 5289 кг. Атрыманы 1231 цнт малака на 100 га сельгасугоддзяў. Па вытворчасці малака СВК “Чырвоны партызан” утрымлівае 3-е месца ў раёне. СВК “Чырвоны партызан” – валастваральная гаспадарка. Ён заваёўваў першае месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці зерня (2002 г.), другое – у 2003 г., а ў 2007 г. стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па на­рыхтоўцы кармоў.
Новыя тэхналогіі прыйшлі і ў механі­зацыю. Як лічыць старшыня СВК Сяргей Сценанюк, які вось ужо 14-ы год узначальвае гаспадарку, будучае за тэхнікай новага пакалення айчыннай і замежнай вытворчасці, прызначанай для работы з камбінаванымі агрэгатамі, якія адначасова выконваюць некалькі аперацый. Тут за 4 апошнія гады амаль на 2 мільярды рублёў закуплена новай тэхнікі. Гэта і МАЗы-600-тоннікі, ДжонДзір, Мега-204, МТЗ-3022 і іншыя машыны. Амаль уся тэхніка закуплена па лізінгу. На ёй працуюць адукаваныя механізатары, якія любяць яе і стараюцца атрымаць ад яе максімальную аддачу.
У СВК “Чырвоны партызан” працуе 230 чалавек. Сярод іх 9 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 18 – з сярэдне-спецыяльнай.Цякучасць кадраў тут мінімальная. Дастойная аплата працы – адзін з фактараў прыцягальнасці работы ў сельскай гаспадарцы. У 2009 г. сярэднямесячная зарплата па гаспадарцы склала 617 тысяч рублёў, у жывёлаводаў  — каля 800000. Праз 6 дзён кожны працаўнік мае законны выхадны. А ўзнавіць сілы, як прызнаецца малады спецыяліст Уладзімір Неўдах, які працуе галоўным эканамістам у СВК, ёсць дзе. “Прыемна прыйсці ў добраўпарадкаваны дом, прычым цёплы зімой, бо вёска ж газіфікавана, прыняць цёплы душ, паглядзець тэлевізар, а летам з карысцю адпачыць каля дома, як на дачы”, — гаворыць ён.
За 4 гады ў Лукаве пабудавана 29 домікаў згодна з Праграмай адраджэння і развіцця вёскі, у 2010 г. будуюцца яшчэ 4. На чарзе на атрыманне жылля — усяго  некалькі чалавек. У СВК вырашаецца пытанне аб выдачы мэтавых накіраванняў выпускнікам мясцовай школы ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы. “Чалавек павінен спатрэбіцца там, дзе нарадзіўся”, — так лічаць у аграгарадку “Лукаўскі”.
Ніна СВІЦЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


данабол

pofar.com.ua

surrogacy