Эстафета памяці будучым пакаленням

Першыя экскурсіі ў музеі Олтушскай сярэдняй школы былі праведзены тры з паловай дзесяцігоддзі назад, у далёкім 1981 годзе.

У той час былі яшчэ жывымі многія сведкі ваенных падзей. А таму ўдалося сабраць успаміны землякоў, шматлікія экспанаты. Праведзеная пошукавая работа дала магчымасць стварыць цікавыя экспазіцыі, з якімі маглі знаёміцца школьнікі і госці школы. Але прайшоў час, і музей трэба было абнаўляць. Гэтым і заняліся школьныя аматары музейнай справы. Яны затрацілі нямала часу, каб з сабранага і дапоўненага матэрыялу стварыць новыя сучасныя экспазіцыі. На ўрачыстае адкрыццё іх у Олтушскую школу прыйшло і прыехала шмат гасцей. Гэта і былыя вучні, і настаўнікі, і прадстаўнікі ўлады, і кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства, і непасрэдныя ўдзельнікі баявых падзей – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Яўстафавіч Кацёл, былая непаўналетняя вязніца фашызму Ніна Аляксандраўна Гарашук, многія воіны-інтэрнацыяналісты і, вядома ж, сённяшнія школьнікі. Усе яны трапілі на сапраўднае патрыятычнае свята.
Пярвічных носьбітаў гісто­рыі, людзей, якія прайшлі ваеннае ліхалецце, многае перажылі і маглі б расказаць праўду аб вайне, становіцца з кожным днём усё менш, адзначаў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, які прыняў удзел у сустрэчы і сваім выступленнем адкрыў урачыстасць. І памочнікам у вывучэнні гісторыі, менавіта такой, якая яна была, цяпер можа стаць школьны музей.
Працягваючы размову, дырэктар Олтушскай школы Наталля Зезюкова адзначала, што музей стане цэнтрам патрыятычнага выхавання, дзе будуць праходзіць заняткі па гісторыі, урокі мужнасці. Яна выказвала шчырую падзяку ініцыятарам адкрыцця музея былым педагогам школы Ганне Георгіеўне і Мікалаю Сяргеевічу Анішчукам і сённяшнім стваральнікам экспазіцый — настаўніцы гісторыі Кацярыне Якаўлеўне Алесік, настаўніку геаграфіі Івану Іванавічу Барташуку, майстру вытворчага навучання Вячаславу Мікалаевічу Зезюкову, рабочаму Леаніду Сцяпанавічу Абрамчуку. Не атрымалася б рэалізаваць цікавыя ідэі, адзначала Наталля Пятроўна, без дапамогі сельгаспрадпрыемства “Савушкіна” і многіх нераўнадушных людзей.
Перш, чым пачаць знаёмства з абноўленымі экспа­зіцыямі музея, аб гісторыі іх стварэння распавяла кіраўнік гуртка “Музейная справа” Кацярына Алесік.
Ад імя калектыву школы кіраўнік гуртка выказвала падзяку ўсім, хто перадаў у музей вельмі дарагія для сваёй сям’і рэчы ўдзельнікаў баёў, і запрасіла гасцей на першую экскурсію, якую правялі вучні школы Дзяніс Чуль, Аляксандра Алесік, Марына Яцура і Ілья Пацяюк. У першай зале музея, дзе размясцілася экспазіцыя прысвечаная гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, можна было пазнаёміцца з біяграфіяй зем­лякоў, якія мужна і гераіч­на змагаліся ў дзеючай арміі і партызанскіх атрадах, паслухаць цікавыя гісторыі ваеннага часу. Адразу ж юныя экскурсаводы давалі магчымасць падзяліцца ўспамінамі галоўным гасцям урачыстасці, жывым сведкам ваеннага ліхалецця.
Другая экспазіцыя музея прысвячалася афганскай вайне – далёкай, чужой, але з якой былі звязаны лёсы многіх землякоў, у тым ліку і лёсы больш двух дзясяткаў выпускнікоў Олтушскай школы. Многія з гэтых лю­дзей знайшлі магчымасць прыйсці на ўрачыстае адкрыццё абноўленага музея. Аб памятных момантах службы ў Афганістане расказаў былы воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Кацёл.
Павіншаваў калег з адкрыццём першых экспазіцый абноўленага музея аматар музейнай справы з вёскі Мельнікі Пётр Ківачук. Ён падзяліўся не толькі вопытам работы свайго школьнага музея, але і некаторымі важнымі экспанатамі.
Прагучала яшчэ нямала віншавальных выступленняў, госці разам з юным салістам Антонам Амелянчуком успом­нілі песні Перамогі. А па заканчэнні ўрачыстасці ў кожнага было яшчэ шмат ча­су, каб уважліва пазнаёміцца з экспазіцыямі музея, якія з’яўляюцца своеасаблівай эстафетай памяці будучым пакаленням.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час адкрыцця першых экспазіцый абноўленага музея.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 16.05.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.