Працяг любімых урокаў

Пасля заканчэння Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна Анатоль Морскі атрымаў свабодны дыплом, бо вучыўся на платным аддзяленні. А гэта значыць, што ў яго было права выбару і ён мог працаўладкавацца там, дзе хацеў. Але юнак доўга не раздумваў і прыйшоў да дырэктара Олтушскай сярэдняй школы Наталлі Пятроўны Зезюковай прасіцца на работу.

— Я добра ведала Анатоля яшчэ вучнем, бо ён вучыўся ў нашай школе, таму з задавальненнем задаволіла яго просьбу працаваць у нас настаўнікам фізічнай культуры. А ведалі яго ў нашым калектыве як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, вельмі добрага, чулага і неканфліктнага.
І вось ужо трэці год Анатоль Морскі настаўнічае ў Олтушскай школе.
— Спачатку неяк крыху бянтэжыўся, — прызнаваўся Анатоль, — калі пераступіў парог школы ў новай ролі. Маўляў, учарашнія мае настаўнікі сёння для мяне яшчэ і калегі. І ў той жа час гэта нараджала ў душы нейкія новыя якасці – большую патрабавальнасць да сябе, большую адказнасць. Мне не хацелася расчараваць нікога з маіх учарашніх настаўнікаў.
— Анатоль, а на каго са сваіх былых педагогаў Вам хацелася б быць падобным?
— Разумнай патрабавальнасці, асабістай дысцыплінаванасці і спраўнасці я заўсёды вучыўся ў Анатоля Аляксандравіча Алесіка – аднаго са сваіх любімых настаўнікаў. Ён прывучаў нас дабівацца пастаўленай мэты, не спыняцца на дасягнутым, абавязкова ісці наперад, як кажуць, хутчэй, вышэй, мацней. Мы, вучні, на кожным уроку пераконваліся, як шчыра любіць Анатоль Аляксандравіч сваю прафесію, як хоча, каб кожны з нас развіваўся фізічна, быў моцным, вынослівым. Таму для многіх яго ўрокі былі любімымі, як і для мяне.
— Можна сцвярджаць, што Ваш любімы настаўнік і адыграў значную ролю ў тым, што Вы сталі яго паслядоўнікам?
— Вы маеце рацыю.
— Анатоль, як Вы ацэньваеце стан фізічнага здароўя сённяшніх дзяцей?
— Яны намнога фізічна слабейшыя, нават калі параўноўваць з маімі аднагодкамі. Прызнаюся, мяне проста шакіравала, калі бачыў, што вучні не могуць выконваць нават самыя простыя практыкаванні, што ім цяжка зрабіць мінімум іх. Прычым, не толькі дзяўчынкам, але і хлопчыкам. Адмоўную ролю, лічу, тут адыгрывае тое, што нашы дзеці цяпер заселі дома ля камп’ютараў, тэлевізараў, смартфонаў, планшэтаў, што яны мала рухаюцца. Таму адну з асноўных сваіх задач бачу ў тым, каб захапіць іх фізкультурай і спортам, пераканаць, наколькі яны неабходныя кожнаму з нас і ў любым узросце, што фізкультура і спорт дапамагаюць загартоўваць характар, выпрацоўваюць сілу волі, вынослівасць – якасці, якія вельмі патрэбныя чалавеку ў жыцці.
— І ўсё ж, напэўна, ёсць дзеці, якіх Вы як настаўнік паспелі заўважыць у плане іх спартыўных здольнасцей?
— Хоць такіх і не надта шмат, але яны ёсць амаль у кожным класе. Скажам, у пятым гэта Вячаслаў Сымонік, у шостым – Антон Кацэвіч, у сёмым – Руслан Церашчук, у восьмым – Марына Яцура, у адзінаццатым – Наталля Пявец. Гэта тыя дзеці, якія любяць фізкультуру і спорт, вельмі часта выступаюць на спаборніцтвах розных узроўняў, абараняюць гонар школы. Прычым, не па адным, а па многіх відах спорту: лёгкай атлетыцы, футболе, валейболе.
— Адораныя дзеці ў настаўнікаў часта ходзяць у любімчыках, і ў Вас так?
— У мяне любімчыкаў няма, для мяне ўсе вучні аднолькавыя. Калі бачу, што дзіця стараецца, але ў яго не атрымліваецца ў сілу фізічнай слабасці, ніколі не пашкадую для яго добрай адзнакі.
— А самі якія віды спорту любіце?
— З дзяцінства навучыўся і люблю плаваць, цяпер маю трэці дарослы разрад па плаванні, вельмі падабаліся і падабаюцца мне гульнявыя віды спорту, здаў нарматывы майстра спорту па цяжкай атлетыцы. Праўда, штангай цяпер ужо не займаюся.
— Ці ўсяго хапае Вам як маладому спецыялісту, каб Вы камфортна адчувалі сябе ў калектыве?
— Я вельмі рады, што трапіў менавіта ў калектыў Олтушскай школы. Вельмі ўдзячны яе дырэктару Наталлі Пятроўне Зезюковай, што паверыла ў мяне і стараецца ствараць для педагогаў і дзяцей такія ўмовы, якія пад­ахвочваюць працаваць і вучыцца з высокай аддачай. У калектыве нямала педагогаў, у каго можна пераняць многа добрага, у тым ліку і высокае педагагічнае майстэрства. Не магу не сказаць, што непакрыўджаны і ў плане матэрыяльнага ўзнагароджання.
— А чым займаецца малады спецыяліст Анатоль Морскі ў вольны час?
— Люблю павазіцца з тэхнікай, з задавальненнем рыбачу. Балазе, у нашых азёрах і вадаёмах водзіцца шмат рыбы. Наогул, не люблю сядзець без справы.
* * *
З 27 настаўнікаў, якія працуюць у Олтушскай сярэдняй школе, 9 – яе былыя выпускнікі. У іх ліку і Анатоль Морскі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: настаўнік фізічнай культуры Олтушскай сярэдняй школы Анатоль МОРСКІ разам са сваімі выхаванцамі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 16.05.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://biceps-ua.com/

granit-sunrise.com.ua

В интеренете нашел авторитетный портал со статьями про http://avrora-trans.com.