Апаленыя полымем вайны

Чытальная зала раённай бібліятэкі стала месцам правядзення сустрэчы “Апаленыя полымем вайны” ў рамках абласной акцыі “Раскажы мне пра вайну”. На яе былі запрошаны ваеннаслужачыя тэрміновай службы пагранкамендатуры “Маларыта” і вучні адзінаццатых класаў СШ №1. Да юнакоў і дзяўчат завіталі майстры мастацкага слова Брэстчыны: Іван Мельнічук, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, і Аляксей Філатаў, член гэтай арганізацыі.
Прайшло сем дзясяткаў гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, але рэха яе да гэтага часу не сціхае ў людскіх сэрцах. Мы не маем права забываць пра яе жахі, пра тое, што вайна нясе смерць, пакуты, голад, страшэнны боль. І не было, напэўна, на Беларусі ні адной сям’і, якую б сваім чорным крылом не закранула вайна. Аднак у маладога пакалення ёсць яшчэ магчымасць з першых вуснаў чуць успаміны пра ваеннае ліхалецце. Імі падзяліліся Аляксей Георгіевіч і Іван Міхайлавіч.
Аляксей Філатаў у першыя гадзіны вайны 22 чэрвеня 1941г. застаўся сіратой. Яго маці, якая прыехала ўвечары 21 чэрвеня ў Маларыту да сястры Марыі Нікіценка, каб забраць у трывожны час сям’ю з небяспечнага раёна, была забіта на ганку школы асколкамі ад авіябомбы. Разам з маці загінуў і родны брат Аляксея Філатава. Параненая бабуля, з выбітымі асколкамі вачамі, разам са скалечанымі дзецьмі апынулася ў захопленым немцамі мясцовым шпіталі. Цёткам Марыя, якая даглядала хлопчыка, пайшла ў падполле. У 1943 г. яна трапіла ў гестапа і пасля васьмі месяцаў катавання была расстраляна на допыце. Так атрымалася, што двухгадовага хлопчыка ўзялі ў сваю настаўніцкую сям’ю Аляксей і Ларыса Афанасьевы з в. Ляхаўцы.
У вайну Аляксей Філатаў зведаў яшчэ адно страшнае выпрабаванне лёсу: стаў непаўналетнім вязнем канцлагера Потшыкаў пад г. Чанстахова ў Польшчы, куды трапіў у 1944г. разам з прыёмнымі бацькамі. Цудам змог выжыць у канцлагеры. Яго жыццё, дзякуючы настойлівасці бацькоў, уратаваў нямецкі ваенны доктар.
Шмат успамінаў ваеннага часу захоўвае і памяць Івана Мельнічука. Ён нарадзіўся 15 верасня 1939 г. у сялянскай сям’і ў в. Носава, што ля г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяводства (Польшча), перажыў нямецкую акупацыю, не раз бачыў смерць на свае вочы. У 1944 г., пасля вызвалення Прыбужжа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, з сям’ёй пераехаў спачатку ва Украіну, а затым – у Беларусь і пасяліўся на радзіме прадзедаў у в. Сычы Брэсцкага раёна…
Падчас сустрэчы пісьменнікі чыталі свае творы, адказвалі на пытанні прысутных.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: сустрэча ў раённай бібліятэцы была цікавай і пазнавальнай.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


e-kirpich.kiev.ua

www.onlyyou.od.ua/

https://velotime.com.ua