Ёсць такое прадпрыемства. Пра яго ведаюць не толькі ў Беларусі

ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” адзначыў сваё 60-годдзе.

Створаны ў 1955 годзе камбінат за 6 дзесяцігоддзяў прайшоў нялёгкі шлях выпрабаванняў. Былі ўзлёты, былі і падзенні. Праве­дзеная за апошнія 10 гадоў вялікая мадэрнізацыя, умелае кіраўніцтва дазволілі камбінату сёння быць лідарам па вытворчасці дзіцячага харчавання ў рэспубліцы. Больш за 100 найменняў — такі асартымент дзіцячых кансерваў. Рост вытворчасці за апошнія 10 гадоў унушальны. Калі ў 2004 годзе выпуск кансерваў на 1 работніка складаў 25 тысяч слоікаў у год, то за мінулы год ён павялічыўся ў 4 разы. Прадукцыю ведаюць далёка за межамі краіны. Экспарт расце. У 2004 годзе замежным спажыўцам было адпраўлена яе на 30 тысяч долараў, а толькі за мінулы год за межы рэспублікі экспартавана маларыцкіх кансерваў ужо больш чым на два мільёны долараў ЗША.
Дырэктар камбіната Таццяна Камянчук, якая ўзначаліла прадпрыемства 10 гадоў назад, лічыць, што за поспехамі стаіць калектыў. Згуртаваны і адданы. Людзі, якія ўмеюць працаваць і працуюць з душой.
За ўсю гісторыю камбіната тут не часта мяняліся кіраўнікі. Іх было ўсяго 4 – Іван Шорыкаў, Мікалай Губарэвіч, Іван Камянецкі, які стаяў ля руля 30 гадоў, і цяперашні – Таццяна Камянчук. Тут нямала такіх, хто аддаў прадпрыемству 30-40 гадоў свайго жыцця. Самы вялікі стаж у Таццяны Бурыта. Больш за 35 гадоў на камбінаце працуе Уладзімір Меляшчук. Дзясяткамі гадоў вылічваецца працоўная біяграфія Любові Карабейка, Галіны Гардзеевай, Валянці­ны Грыгарук, Юрыя Вітрука, Валянціны Бягезы, Любові Хмяльніцкай, Ганны Дацык, Кацярыны Галавій, Людмілы Вазнасіменка, Любові Белявец і многіх іншых. Менавіта ім, цяперашнім работнікам і пенсіянерам, ветэранам працы, былі адрасаваны словы падзякі, уручаны граматы, падарункі ў час святочнай праграмы ў ГДК з нагоды юбілею прадпрыемства.
— Я ўдзячны лёсу за тое, што ён звёў мяне з такімі згуртаванымі людзьмі, што мае лепшыя 30 гадоў жыцця прайшлі на гэтым прадпрыемстве, — шчыра прызнаваўся былы дырэктар Іван Камянецкі.
І такая непадробная шчырасць пераконвала, што сіла поспехаў – у калектыве, у тых, каго заводская прахадная вывела ў людзі. Калі былая работніца камбіната Вольга Маркаўна Касачук ўзнімалася на сцэну за ўзнагародай, яна плакала. Даўно на пенсіі. Дарогу жыцця пракладвала тут, тут адчувала пульс яго. Ах, як гады праляцелі. Лепшыя гады. Яна спазнала іх цану. Таму не магла стрымаць слёз.
Вельмі шмат цёплых слоў прызнання было выказана цяперашняму “капітану карабля”, умеламу кіраўніку Таццяне Камянчук. Сказаць, што любіць Таццяна Уладзіміраўна сваю работу, — значыць нічога не сказаць. Для яе кіраўніцтва – гэта найперш за ўсё адказнасць за тое, каб прадукцыя прадпрыемства была запатрабавана, і адчуванне гордасці за сваю працу і працу сваіх падначаленых. Вельмі розныя і шматлікія ўзнагароды, якімі адзначана работа калектыву і прадпрыемства, сама яго прадукцыя, без якой цяжка ўявіць прылаўкі магазінаў, сведчаць пра шырокае прызнанне яго поспехаў. Таму невыпадкова святочную ўрачыстасць з нагоды юбілею з калектывам раздзялілі прадстаўнікі раённай улады, канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнікі самых розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Палітра радасці за тое, што маларыцкае прадпрыемства ведаюць не толькі ў Беларусі, панавала на працягу ўсёй урачыстасці, якую цудоўна завяршыў канцэрт дзяржаўнага маладзёжнага эстраднага калектыву “Алюр” з Мінска.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: у час святкавання юбілею камбіната ў гарадскім Доме культуры.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.05.2015 г.

Добавить комментарий


https://poliv.ua/

www.photolifeway.com/shkola-i-teoriya-fotografij-baza-znanij-fotografa
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!