«Эмоцыі людзей мяне натхняюць»

Прызналася ў час інтэрв’ю карэспандэнту райгазеты “” фіналістка народнага шоу “Я магу!” наша зямлячка з Мельнікаў Святлана Саўчук.

Напомнім, што ўраджэнка вёскі Мельнікі нашага раёна Святлана Саўчук у ліку 24 таленавітых маладых людзей Беларусі была фіналісткай тэлевізійнага праекта народнага шоу “Я магу!” У інтэрв’ю, якое Святлана ахвотна згадзілася даць карэспандэнту райгазеты, яна расказала аб многім з таго, што засталося за кадрам, чаго не ўбачылі тэлегледачы, падзялілася сваімі ўражаннямі, раскрыла некаторыя “закулісныя“ сакрэты.

— Святлана, у той вечар, калі на беларускім тэлебачанні паказвалі фінальныя выступленні 24 самых таленавітых беларусаў, мы, твае землякі, ні на хвілінку не адыходзілі ад тэлевізараў. Баяліся прапусціць тваё выступленне, бо добра не ведалі, якой па ліку ты будзеш выступаць. Нумар 14 табе выпаў па жэрабю?
— Парадак і чарговасць выступлення вызначалі самі арганізатары шоу. Як вы, напэўна, заўважылі, нумары чаргаваліся па жанрах.
— А час для выступлення адводзілі?
— Мне, да прыкладу, трэба было выканаць свой нумар усяго за 3 хвіліны 30 секунд.
— Але з хваляваннем назіраючы за тваёй работай, за тым, як спраўна падпарадкоўваюцца тваім рукам рабочыя інструменты, мы, гледачы, нават за такі кароценькі адрэзак часу пераканаліся, што ты не проста таленавіты чалавек, ты — унікальнасць. Гэта праявілася і ў самой ідэі фінальнага нумара, і ў спосабе яго выканання. А як яна нарадзілася, ідэя?
— Спачатку ў мяне была вельмі маштабная ідэя, тым больш, што я займаюся фрыстайлам на ролікавых каньках. Але калі я даведалася, што на выступленне адводзіцца ўсяго толькі тры з паловай хвіліны, усе свае планы адклала ўбок і старалася прыдумаць нешта больш простае. Тое-сёе падказалі сябры, якія добра ведаюць мяне і мае здольнасці. Геніяльная думка прыходзіць раптоўна. Так яна з’явілася і ў мяне. Я вырашыла намаляваць 2 карціны. Доўга думала, каго маляваць. І спынілася на тым, што гэта павінна быць асоба, якую ўсе ведаюць, у адваротным выпадку карціна не выкліча вялікіх эмоцый, не будзе эфекту нечаканасці. Выбрала Уладзіміра Мулявіна. Ну а другая карціна, карта Беларусі, была выклікана чыста пачуццём патрыятызму.
— Якраз ён і быў, эфект нечаканасці, калі мы, гледачы, пасля трох з паловай напружаных хвілін убачылі, што выйшла з-пад тваіх рук у канчатковым выніку.
— Намаляваць 2 карціны за такі кароткі час — гэта было не толькі нечаканасцю для гледачоў, але і рэкордам для мяне самой. У рабоце мне вельмі дапамагае музыка. Калі яе ўключаюць, забываю пра ўсё і пагружаюся ў сваю любімую творчасць.
— У час паўфінальнага выступлення ты вельмі ўдала намалявала партрэт тэлевядучай члена журы Святланы Бароўскай. Гэтая ідэя ўзнікла спантанна?
— Я не збіралася яе маляваць, такая думка ўзнікла сапраўды спантанна, хаця мяне мае так званыя канкурэнты абвінавацілі ў падхалімажы (смяецца – аўтар).
— Вам, вядома ж, давалі час падрыхтавацца да фінальнага выступлення?
— У кожнага з нас было больш чым месяц на падрыхтоўку. За гэты час трэба было шмат зрабіць: да прыкладу, падрыхтаваць эскізы, набыць неабходныя матэрыялы і інш. Скажам, мне трэба было зрабіць жалезныя стойкі. Праўда, тут мне дапамаглі мае браты, якія іх зрабілі і перадалі ў Мінск. Кожны дзень быў для мяне напружаным. Сама навучылася абыходзіцца з малатком, іншымі інструментамі.
— А ўсё гэта патрабавала і пэўных матэрыяльных затрат?
— Вядома, але для добрай справы я ніколі не шкадую грошай.
— Ці справядліва, на тваю думку, быў выбраны пераможца шоу?
— Скажу шчыра: мне не было крыўдна з-за таго, што большасць балаў у выніку галасавання набрала не я. Лепш дастойна прайграць, чым незаслужана стаць пераможцай. Мяне радуе, што ўдзел у шоу даў магчымасць атрымаць максімум задавальнення, падштурхнуў на новыя ідэі. Калі я выходжу на сцэну,я ўся на эмоцыях, а гэта маса адрэналіну. Больш таго, я адчуваю энергію гледачоў, якія мяне падтрымліваюць, а яна заўсёды дае мне сілы, натхняе.
— Думаю, што ў кожнага з фіналістаў была магчымасць паглядзець выступленні сваіх канкурэнтаў. А каму аддавала перавагу ты, Святлана?
— Ведаеце, пра што думала, калі глядзела выступленні фіналістаў? Як шмат у нас у Беларусі таленавітых людзей, моладзі ў прыватнасці! Наколькі разнастайныя іх таленты! Проста зачароўвалася, калі гля­дзела нумар біт-боксера Ільі Данільчыка з Баранавіч, кампазіцыю музычнай групы з Магілёва. Мне вельмі запомніўся і гітарыст, бо сама нераўнадушная да гітары. Пакланялася перад талентам юнага цырульніка.
— Члены журы, якія дзяліліся сваімі ўражаннямі пасля выступлення кожнага фіналіста, пасля таго, як ты закончыла сваю работу, усе ўсталі. Гэта доказ таго, што яны былі ў захапленні ад тваёй унікальнасці. І падкрэслілі, акрамя іншага, і тваю гарманічнасць. Між іншым, гэта не маглі адзначыць для сябе і мы, гледачы. Гармонія была ва ўсім: і ў адзенні, і ў прычосцы, і ў тваім артыстызме. Прычоску табе, напэўна, славутыя мінскія майстры-цырульнікі рабілі?
— Прычоску я рабіла сама, а сукенку шыла ў аднаго з віцебскіх мадэльераў.
— Ты зносішся з тымі, з кім разам выступала?
— Нікога з іх я не лічыла сваім канкурэнтам, у кожным бачыла добрага сябра, таму амаль з усімі падтрымліваю сувязі і зношуся і цяпер. А Ілья Данільчык, які служыць у Баранавічах, нядаўна запрасіў мяне выступіць разам з ім у іх воінскай часці. Там нас так цудоўна прынялі! Хаця сцэна, на якой я выступала, для мяне была экстрэмальнай.
— Святлана, упэўнена, што ў цябе мноства планаў і задум. Можаш некаторымі з іх падзяліцца?
— Хачу сябе паспрабаваць ва ўкраінскім шоу “Украіна мае таленты”, таму ў тых, хто сочыць за маёй творчасцю, будзе магчымасць зноў убачыць мяне па тэлебачанні на ўкраінскіх каналах. Хочацца паказаць нешта вельмі грандыёзнае, новае, зноў жа маштабнае, зноў жа з эфектам нечаканасці. Рыхтаваць проста і просты нумар для мяне нецікава. Я прывыкла рабіць усё па максімуму. Ну а пра далейшыя мэты і планы пакуль гаварыць не хачу. Няхай гэта будзе маім асабістым сакрэтам.
— Святлана, вельмі прыемна было з табой асабіста пазнаёміцца і пазносіцца. Упэўнена, што мы яшчэ не раз бу­дзем бачыць цябе на вялікіх сцэнах і атрымліваць адрэналін ад эфекту нечаканасці, якім звычайна багаты твае творчыя работы. Ты не проста талент, ты — унікальнасць. А гэта, па словах Чарнышэўскага, дае кожнаму двайную сілу. Няхай усё жыццё цябе натхняюць на творчасць эмоцыі людзей!
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: фіналістка тэлешоу “Я магу!” Святлана Саўчук.

Опубликовано в «ГЧ» 20.05.2015 г.

«Эмоцыі людзей мяне натхняюць»: 1 комментарий

  • 20.10.2015 в 1:55 пп
    Permalink

    Очень талантливая девочка . Успехов ей.

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

www.topobzor.info

best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!