Ваенная тайна Карнілы Бідзюка

Год назад Карніла Карні­лавіч Бідзюк пахаваў жонку.
— Жылі мы дружна, — не хаваючы слёз, расказваў ён, — добрая яна была, акуратная, гаспадарлівая, клапатлівая, уважлівая, шчырая, таму мне не хапае яе кожны дзень. І хоць дзеці часта прыязджаюць,  — шчыра гаварыў Карніла Карнілавіч,  — век свой добра ў пары дажываць.
Таму не-не, ды і ідзе ён на могілкі, каб пагаварыць па душах са сваёй другой палавінкай, выплакацца, прызнацца, як сумуе без яе.
А каб адагнаць ад сябе сум, склаўшы рукі не сядзіць, хаця яму ўжо 83. Узяў касу, наладзіў яе і двор абкасіў. Коз трымае, каб малачко сваё было, парадак у хаце падтрымлівае і ў думках часта вяртаецца ў маладосць. А на яе якраз выпала вайна. На фронце Карніла Карнілавіч не быў. Яму тады ўсяго толькі 15 гадоў споўнілася, але партызанам дапамагаць, як і многія іншыя яго равеснікі, стараўся. Памятае, як аднойчы яны разам з Васем Кардзелюком, Рыгорам Страйчуком, зрабіўшы самаробныя прыстасаванні, паціху размініравалі ўчасткі дарогі ад Чарнян да Дарапеевіч, па якіх нельга было праехаць і прайсці з-за мін. Васіль, праўда, у час адной з такіх аперацый загінуў, а яго – Карнілу, крыху толькі асколкам зачапіла. Але ўсё ж   дарогу хлопцы «прачысцілі».
Сем гадоў Карніла Карні­лавіч служыў у арміі, а калі дэмабілізаваўся, працаваў рахункаводам-касірам у сельсавеце, крыху пазней – брыгадзірам у калгасе, лесніком.
Жонка, Валянціна Яфімаўна, увесь час працавала ў сельскай гаспадарцы.
Двое дзяцей выгадавалі Бідзюкі: сына і дачку. І хоць цяпер яны жывуць не з бацькам, яго не забываюць. Часта  наведваюцца. Любяць частавацца смачнымі салодкімі яблыкамі з дзядулевага саду ўнукі і праўнукі.
— Сын і сёння ўжо з самай раніцы прыязджаў, — расказваў Карніла Карнілавіч. – Унучкі вунь ля хаты кветак насадзілі, каб яны мяне радавалі…
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Чарняны.
НА ЗДЫМКУ: урадзіла сёлета садавіна ў садзе Карнілы БІДЗЮКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!