Неба слабых не любіць

Станіслаў Голуб нарадзіўся ў вёсцы Масевічы. Дом, у якім ён вырас, амаль замыкаў доўгую вясковую вуліцу. Далей ішоў лес. У вёсцы ўсе ведалі: у доме Сцяпана Самуілавіча ўсё добра і трывала – і людзі, і сцены. Дзеці – дочкі Святлана і Галіна, сын Станіслаў гадаваліся на вачах усёй вёскі. Людзі ведалі: растуць працавітымі і добрымі, ветлівымі і сумленнымі. Нейкая асобая пяшчота, цеплыня, шчырая прыхільнасць і любоў звязвала дзяцей і бацькоў. Бацькі… Я ведаю, пашанцавала дзецям Веры Сцяпанаўны і Сцяпана Самуілавіча на бацькоў. Але і бацькі былі шчаслівыя дзецьмі, удзячнымі, чулымі, якія ўсё разумелі. З гордасцю і павагай гаворыць Станіслаў пра маці і бацьку. Гэта ўсвядомленыя пачуцці, а таму такія моцныя і трывалыя.
Ужо ў шостым класе Пажэжынскай СШ Станіслаў пачаў з захапленнем, упартасцю займацца футболам, тэнісам. З першых дзён заняткаў ад юнага спартсмена патрабаваліся не толькі пэўная фізічная падрыхтоўка, але і воля, уменне пераадольваць хвілінную слабасць, выкласціся і хутка ўзнавіць сілы. Слабыя неўзабаве пакінулі заняткі. Станіслаў жа застаўся. Так ужо ў дзяцінстве праявіўся яго характар – настойлівы і мэтанакіраваны. Спорт дапамагаў яму загартоўваць характар. Станіслаў прыкмеціў, што стаў не толькі мацнейшым і больш вынослівым, чым раней, але і больш акуратным, больш удалым у многіх справах. Тады ён яшчэ не мог падумаць, як спатрэбяцца яму ў жыцці фізічная загартоўка, рэакцыя і спрытнасць – навыкі, набытыя ў спорце. Яму не прарочылі бліскучага будучага. Ён быў проста сумленным, працавітым, прыстойным хлопцам, звычайным вучнем. Нармальным! Мне здаецца, што менавіта тут, ва ўстойлівай, моцнай нармальнасці, і зараджаюцца, выспяваюць энергія, высакароднасць і самаадданасць, якія пры пэўным збегу абставін праяўляюцца як учынак. Пасля 9 класа ён усур’ёз задумаўся пра сваё будучае, і, напэўна, тады ўпершыню ўявіў сябе ў форме афіцэра-лётчыка, які вядзе ў атаку моцных і мужных людзей. Пра неба Станіслаў марыў з дзяцінства. Яшчэ ў школе перачытаў усе кнігі пра лётчыкаў, якія толькі былі ў мясцовай бібліятэцы. Яго цікавіла паўсядзённае жыццё герояў, ён шукаў у ім тое, што можна было выхаваць у сабе. Разумеў: неба слабых не любіць. Ва ўсім гэтым была нейкая сімволіка і заканамернасць, што стварала настрой і падмацоўвала яго мару пра будучае. Станіслаў не проста марыў. Ён рыхтаваўся. Ён набліжаў сваё будучае паспяховай вучобай у школе і напружанымі спартыўнымі трэніроўкамі. Ён ужо, напэўна, ведаў, што спатрэбіцца яму ў арміі, і імкнуўся развіць у сабе якасці характару, якія дапамогуць яму ў будучай службе.
Прайшоў яшчэ адзін год, і ён паехаў паступаць у Саратаўскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Хутка прыйшла ў бацькоўскі дом кароткая тэлеграма: “Здаў экзамены. Залічаны. Станіслаў”.

Так пачалося яго новае жыццё. А ажыццяўленне мары было ўжо зусім блізкім. Наперадзе – 4 гады напружанай вучобы. Давялося пакінуць родны дом, вёску, школу, але ўспаміны пра іх заўсёды будуць саграваць яго.
“Як сугучны маім пачуццям былі рубцоўскія вершы”, — успамінае Станіслаў.
Школа моя деревянная!
Время придет уезжать –
Речка за мною туманная
Будет бежать и бежать.
С каждой избою и тучею,
С громом, готовым упасть,
Чувствую самую жгучую,
Самую смертную связь.
Спачатку ён сумаваў і часта бачыў у сне бацькоўскі дом і сваіх родных. І растлумачыць гэта можна тым, што ніколі раней не быў так далёка ад родных мясцін.
…Вось ён прыехаў у водпуск. Ідзе па роднай вуліцы ў па-маладзецку запракінутай на патыліцу фуражцы, памахваючы невялікім чамаданчыкам. Ён, не спяшаючыся, з усмешкай лавіў на сабе зацікаўленыя позіркі рэдкіх прахожых, пазнаваў любімыя месцы хлапечых гульняў і ўсё бліжэй падыходзіў да дома, дзе нарадзіўся і вырас, дзе жывуць самыя блізкія яму людзі. Ён прыехаў, нікога не папярэдзіўшы. І вось ужо ўзяўся за сасновую штыкеціну веснічак, выфарбаваных, як і ўся агароджа, у зялёны колер…

Што было далей, Станіслаў ужо не ўбачыў. Спрытна намотваючы анучы і абуваючы боты, да якіх ён паспеў ужо прывыкнуць, па камандзе днявальнага “Рота, пад’ём!” выбег у калідор казармы.
— Падрыхтавацца да бегу! Бягом марш!
Строй адклікнуўся спачатку блытаным, а потым рытмічным топатам ботаў. Так пачынаўся чарговы дзень курсанта Станіслава Голуба. Ішлі дні, тыдні, ён прывыкаў да абстаноўкі, што была навокал, і сам не прыкмеціў, як вучоба і служба сталі ўсё больш займаць яго думкі, патрабаваць поўнай аддачы. У жніўні, яшчэ да прыняцця прысягі, Станіслаў упершыню зрабіў крок у адкрыты люк самалёта і паспытаў ні з чым не параўнальнае пачуццё ў час палёту з парашутам, калі здаецца, што ты лунаеш пад беласнежным купалам паміж небам і зямлёй, што свет стаў для цябе шырэйшым, а вакол цябе незвычайна далёкі загадкавы гарызонт.
Першы скачок быў нескладаным. Потым Станіслава і яго таварышаў чакалі сапраўды цяжкія, нават небяспечныя скачкі з прызямленнем на перакрыжаваную мясцовасць, на ваду, на пляцоўку абмежаваных памераў. Аднак менавіта гэтае выпрабаванне, якое ён паспяхова вытрымаў, надало яму ўпэўненасці ў сваіх сілах і цвёрдае перакананне ў тым, што выбар зрабіў правільны. Ён быў заняты па-сапраўднаму сур’ёзнай, адказнай мужчынскай справай. Ён вучыўся абараняць Радзіму. У вучылішчы Станіслава прыкмецілі адразу. Ён старанна асвойваў вучэбную праграму, настойліва вучыўся кіраваць верталётам. Кожны палёт дастаўляў яму сапраўдную асалоду. Ужо тады ён валодаў добрай вытрымкай, упартасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Менавіта тады ў яго службовых характарыстыках адзначаюцца выдатная тэхніка пілатавання, уменне адукавана дзейнічаць у складанай паветранай абстаноўцы, смеласць пры выкананні палётных заданняў.
Палёты, палёты, палёты… Шмат іх было, і амаль кожны з іх патрабаваў асобага падыходу. Ніколі не пашкадаваў Станіслаў потым, што выбраў прафесію верталётчыка. Нарэшце ў жыцці Станіслава Голуба і яго аднакурснікаў настаў непаўторна хвалюючы памятны дзень…
На пляцы выстраіліся падраздзяленні курсантаў. Начальнік штаба вучылішча зачытаў загад Міністра абароны аб прысваенні выпускнікам афіцэрскіх званняў. Маладыя лейтэнанты, апранутыя ў парадную форму ўжо з пагонамі, што блішчэлі пазалотай, пад гукі аркестра, чаканячы крок, па чарзе падыходзілі да начальніка вучылішча і прымалі з яго рук дыпломы. Радасць неперадаваемая! А хутка было і размеркаванне выпускнікоў. Станіслава накіравалі ў Кобрынскі авіяцыйны полк. На службу ён прыехаў не адзін, а з маладзенькай нявестай, верным і адданым сябрам Ларысай.
У баявой часці, дзе лейтэнант Голуб зрабіў свае першыя крокі ў афіцэрскай службе, хацеў лятаць, ірваўся ў неба, а давялося вывучаць новую для яго машыну. Інструктары, у асноўным летчыкі першага класа, патрабавальныя і таленавітыя, прасілі адно запомніць: выдатна ведаць авіятэхніку для лётчыка не менш важна, чым выдатна лятаць.

Станіслаў добра ведаў матэрыяльную частку верталёта, лятаў чыста, упэўнена. Ён быў уседлівы, гаварыў мала. І калі ўступаў у размову, гаварыў канкрэтна і пераканаўча. З меркаваннем Голуба лейтэнанты лічыліся. Вучоба Станіславу заўсёды давалася лёгка. І ўсё ж нельга сказаць, што ў яго ўсё ішло, як гаворыцца, без сучка і задзірынкі. Былі і няўдачы. Праўда, яны не выбівалі яго з сядла, наадварот, прымушалі працаваць яшчэ больш настойліва. Спачатку Станіслаў дапускаў памылкі пры пасадцы. Перажываў вельмі, месца сабе не знаходзіў. Турбаваў свайго камандзіра экіпажа, камандзіра звяна, займаўся на спецыяльным трэнажоры.
На “агледзіны” – у першы свой палёт у палку — Станіслаў Голуб вылецеў разам з інструктарам. Быў бязвоблачны, ясны дзень. У такіх умовах палёт па кругу, як гавораць лётчыкі, што прагулка па цяністай алеі. А Голуб хваляваўся, бо гэты палёт – яго візітная картка. Як злятае, так і меркаваць пра яго будуць у палку як пра лётчыка. Лейтэнант адну за адной выконваў неабходныя аперацыі. Інструктар маўчаў. Што азначала яго маўчанне, адабрэнне або незадаволенасць з нагоды дзеянняў маладога лётчыка, Станіслаў не ведаў. Ды і не думаў пра гэта. Ён быў увесь ва ўладзе палёту. Выкананы апошні разварот, верталёт вяртаецца на аэрадром. Яшчэ некалькі хвілін палёту – і наперадзе ўзлётна-пасадачная паласа. Ручку ад сябе, машына пайшла на зніжэнне, і праз нейкае імгненне шасі плаўна дакранулася да «бетонкі».
Лётчыкі выбраліся з кабіны.
— Чакаеце заўваг? – усміхнуўся інструктар.
— Іх не будзе, на першы раз нядрэнна. Так трымаць!
За гады службы ў Кобрынскім палку было шмат палётаў, што патрабавалі вялікага напружання, маральных і фізічных сіл. Тут жа даводзілася вырашаць таксама розныя задачы. Трэба было не толькі адпрацоўваць вучэбныя практыкаванні, вылятаючы ў пілатажныя зоны ці на палігон для выканання стрэльбаў, бомбакіданняў, пускаў ракет. Не раз экіпаж дапамагаў калгасам убіраць ураджай, прыходзіў на выручку пагранічнікам. Здаралася, прымалі ўдзел і ў барацьбе са стыхійнымі бедствамі. Такая “шматпрофільнасць” работы развівала ў яго самастойнасць і ініцыятыву, гатоўнасць узяць на сябе ўсю паўнату адказнасці за прынятае рашэнне. Служба тут для Станіслава Голуба з’явілася сур’ёзнай школай лётнага, тактычнага і агнявога майстэрства.
…Цяжкі транспартны самалёт заруліў на стаянку. Марудна апусцілася апарэль грузавога адсека. У твар пахнула непрывычна гарачым паветрам. Сонца паліла няшчадна. На гарызонце, куды ні зірні, сінелі грамады гор. Дзесьці далёка за імі засталіся ранейшая служба ў палку, дом, сям’я і каханая, цяпер ужо жонка Лорачка, Лорка (так ласкава ён і цяпер яе называе), якая насіла пад сэрцам свайго першынца. А для Станіслава Голуба тут, на афганскай зямлі, пачыналася новая старонка яго афіцэрскай біяграфіі. Усё, чаму навучыўся, набыў лётчык у вучэбных буднях, цяпер падвяргалася самаму сур’ёзнаму выпрабаванню.

Неба Афганістана… Такое ж бла­кітнае і бяздоннае, як і неба радзімы. І ўсё ж не такое. У сваім, родным, верталётчыкі ляталі без аглядкі. Тут жа, таго і глядзі, неба можа выбухнуць крывавым сполахам ракеты, вогненным росчыркам кулямётнай чаргі.
Ляталі верталётчыкі кожны дзень. Прыкрывалі баявыя дзеянні афганскіх воінаў, вывозілі параненых, падаўлялі душманскія агнявыя кропкі. Ледзь не на пузе поўзалі верталёты па гарах, выкурваючы з нор бандытаў. Удала прыстасаваныя ў Афганістане для перавозкі грузаў, верталёты МІ-8 у поўнай меры выкарыстоўваліся па іх прамому прызначэнню. Шмат было работы, звязанай з дастаўкай у высакагорныя раёны розных народнагаспадарчых грузаў, харчавання. Асабліва запомніліся першыя палёты, першыя сустрэчы з мясцовым насельніцтвам, першыя ўражанні.
…Кішлак раскінуўся ля падножжа гор непадалёку ад уваходу ў цясніну. Адшукаць яго было няцяжка. Камандзір экіпажа Ярыкаў здалёк убачыў прысадзістыя глінабітныя домікі з плоскімі дахамі. Перад вылетам яму давялося размаўляць з прадстаўнікамі народнай улады правінцыі. Ад іх ён даведаўся пра вельмі цяжкае становішча ў гэтым аддаленым кішлаку. Мясцовыя жыхары пакутавалі ад банд душманаў. А тут яшчэ зіма выдалася суровай, снежнай. Горная дарога да яго аказалася занесенай. Людзі бедавалі, ім не хапала прадуктаў. Асабліва цяжка было з соллю. І вось цяпер верталётчыкі эскадрыллі везлі самае неабходнае для жыцця. Экіпаж Ярыкава, дзе правым лётчыкам быў Голуб, штурманам Грыцай, два бортмеханікі, радыст, прызямліўся на заснежанай пустэчы. За ім паблізу селі астатнія. Вестка аб тым, што прыляцелі савецкія авіятары, разнеслася маланкай. Да іх адразу ж адусюль пацягнуліся людзі, апранутыя хто ў што. На тварах усмешкі, вочы свецяцца радасцю: нарэшце, яны дачакаліся дапамогі! Арганізавалі разгрузку. Побач з вінтакрылымі машынамі раслі горкі мяшкоў з мукой, цукрам, скрынкі з маслам, рознымі крупамі. Шмат разоў потым Станіслаў з іншымі экіпажамі лятаў у населеныя пункты, раскінутыя па горных далінах Кундуза, дастаўляючы афганцам прадукты, адзенне, абутак. Шмат было розных сустрэч, дзе выказвалася глыбокая падзяка простых людзей гэтай краіны за аказаную дапамогу.
Мы нетаропка размаўлялі са Станіславам. Слухала яго, і з галавы не выходзіла думка, выказаная ім яшчэ пры першай нашай сустрэчы: “Прыкрыць сябра…”. І сапраўды, бо па сутнасці, усё, што ні рабілі Голуб і яго баявыя таварышы, заключана ў гэтай думцы. Яны прыкрывалі сяброў. Гэта і афганскіх сялян, выратоўваючы іх ад галоднай смерці, і афганскіх пехацінцаў, забяспечваючы іх усім неабходным для барацьбы з наёмнікамі бандытаў, і савецкіх воінаў-мотастралкоў (часцей за ўсё), дэсантнікаў, сапёраў… Традыцыі баявога сяброўства, унаследаваныя ад лётчыкаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, у небе Афганістана атрымалі сваё далейшае развіццё. І тое, што лётчыкам эскадрыллі даводзілася рызыкаваць сабой, — суровая рэальнасць.

Нялёгка даводзілася верталётчыкам у Афганістане. Але ваявалі яны ўмела, па-майстэрску. Адпачывалі ў час перадышак. Разам са Станіславам жыло 7 чалавек. Самаму старэйшаму ледзь пераваліла за 30, а самаму малодшаму споўнілася 22. Маладыя афіцэры і прапаршчыкі пасябравалі хутка. Хадзілі ў кіно, гулялі ў тэніс. Пераабсталявалі пакойчык, ён стаў больш зручным, утульным. У ім заўжды было шмат людзей, чуліся жарты, смех. На Новы год аднойчы ў кутку стаяла ёлка, яе даслалі мотастралкі, у знак удзячнасці за баявую падтрымку. Аказаўшыся адзін – няхай нават на некалькі хвілін – Станіслаў назіраў, як усё ярчэй разгараецца касцёр зары, абяцаючы чарговы спякотны дзень. Адчуванне спакою і прыемнай прахалоды, такое рэдкае ў апошні час і такое знаёмае з дзяцінства, настройвала на сентыментальны лад, абуджала ў памяці карціны мінулага. Не-не, ды і падкіне прыемны сюрпрыз памяць. Ці мог ён падумаць, што калі-небудзь акажацца за тысячы кіламетраў ад роднага дома, у далёкай незнаёмай краіне. І раптам успамінаюцца падрабязнасці, даўно забытыя, але такія мілыя сэрцу. Ляжаў з адкрытымі вачыма і бачыў родныя, дзіўныя ўсходы, чароўныя захады сонца, блізкіх і родных яму людзей: маці, сясцёр, жонку, а на сэрца клаліся радкі К. Сіманава:
Жди меня, и я вернусь…
Вось яно, заклінанне, замова, малітва, гэтыя магічныя словы ўзносяцца да нябёсаў, просячы аб дапамозе і абароне. Гэтае палкае і жывое слова стала аховай Станіслава Голуба. Напісанае для абодвух, яно становіцца асабістым і запаветным для вас, для мяне, для мільёнаў чытачоў, таму што жывая душа, жывое каханне.
…Мы сядзім ва ўтульнай кватэры Станіслава Голуба. Жонка Ларыса Уладзіміраўна паказвае сямейныя альбомы. Станіслаў каменціруе асобныя здымкі. Ёсць і афганскія. Ён ахвотна расказвае пра сваю службу ў Афганістане, пра баявых таварышаў. Але ў яго лексіконе няма такіх слоў, як мужнасць, адвага, гераізм. Затое яны ёсць у асабістай справе Станіслава Голуба, ваеннага лётчыка. Калі бачыла, з якім непадробным замілаваннем Станіслаў расказвае пра сваіх дзяцей і з якім захапленнем яго слухае жонка, падумала: а гэта ж і ёсць шчасце. І самае галоўнае: сям’я Станіслава і Ларысы Голуб створана не за адзін дзень, а няпростай працай па крупінках збіраючы, як працаўніцы-пчолкі з палёў нектар, любоў і разуменне, ласку і клопат, дабрыню і радасць, каб стварыць свой маленькі пчаліны рай.
Жыццё ўдалося. Дзеці цудоўныя. Жонка – выдатны чалавек. Неамбіцыёзны. І няма ў ёй кар’ерысцкіх інстынктаў. Якая ёсць – такая ёсць. Ларыса Уладзіміраўна працуе і ведае, што самае найлепшае з усіх пачуццяў – пачуццё сваёй запатрабаванасці людзям. Ну што яшчэ патрэбна?! Здароўя і мірнага неба над галавой!
Марыя НАЎРОСЬ.
в. Пажэжын.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.