Рубяжы Айчыны пад пільным наглядам

З пачатку гэтага года на ўчастку 2-й мабільнай пагранзаставы выяўлена больш за 50 парушэнняў пагранічнага заканадаўства, а кантрабанднага тавару апошнім часам затрымана на суму 1,8 мільярда беларускіх рублёў

І хоць сёння граніца з Украінай, працягласць якой па Маларыцкім раёне больш за 70 кіламетраў, — пакуль далёка не адпавядае неабходным патрабаванням: акрамя металічных вышак, няма тут ні сапраўднай пагранічнай паласы, ні калючага дроту, як,напрыклад, на мяжы з той жа Польшчай, важнасць яе аховы ніколькі не меншая. Асабліва цяпер,калі ў суседняй краіне, з жыхарамі якой беларусы парадніліся і ў прамым, і ў пераносным сэнсе, такая нестабільная сітуацыя.
Граніца з Украінай зусім маладая, і ў яе, як гавораць, яшчэ ўсё наперадзе: і дэмаркацыя, якая ў гэтым годзе пачалася ўжо, і абсталяванне ўсімі пагранічнымі атрыбутамі. А пакуль яна праходзіць па палях, лугах і лясных масівах, дзе вельмі няпроста звычайнаму чалавеку вызначыць тую мяжу, што па­дзяляе краіны. Вось і парушаюць жыхары прыгранічных тэрыторый абедзвюх дзяржаў гэты нябачны рубеж, а іншым разам проста забываюць, што цяпер нельга, як раней, хадзіць ці ездзіць у госці да родзічаў і знаёмых без дакументаў і спецыяльнага пропуску. Хоць, як адзначаў падчас наведання заставы 2-й мабільнай брыгады аддзела пагранслужбы «Маларыта» яе начальнік маёр Ігар Пухальскі, ёсць і злосныя парушальнікі дзяржаўнай граніцы. Яны займаюцца перавозкай кантрабандных тавараў.
Распавядаючы пра будні пагра­нічнікаў, сярод якіх не толькі салдаты тэрміновай службы, але і кантрактнікі, Ігар Аляксандравіч гаворыць і пра новыя тэхнічныя сродкі, якія паступаюць на ўзбраенне, пра бытавыя ўмовы ахоўнікаў дзяржаўнай граніцы, пра Дні адчыненых дзвярэй, пра работу гурткоў “Юныя сябры пагранічнікаў”, якія дзейнічаюць у Мельніцкай васьмігадовай, Арэхаўскай і Маларыцкай №1 сярэдніх школах. А яшчэ — пра дапамогу, якую аказваюць мясцовыя органы ўлады, іншыя ўстановы раёна і добраахвотныя дружыны. І пра ролю мясцовага насельніцтва ў выяўленні парушальнікаў граніцы. Адзначае, што жыхары прыгранічных населеных пунктаў апошнім часам не толькі самі стараюцца не парушаць пагранічнае заканадаўства, але і актыўна супрацоўнічаюць з пагранічнікамі. Хоць напачатку на кантакт ішлі неахвотна.
На заставе знаёмімся з малодшым сяржантам Дзмітрыем Кухарэнкам, які ўдзельнічаў у затрыманні раней дэпартаванага парушальніка рубяжоў Айчыны. Прыгожы, падцягнуты. Сапраўдны абаронца граніцы. Родам хлопец з Гомеля. І вельмі ганарыцца, што службу праходзіць на граніцы, бо тут усё сапраўднае: і жыццё, і парушальнікі.
А намеснік начальніка 2-й мабільнай заставы старшы лейтэнант Аляксандр Кур’яновіч удзельнічаў у затрыманні кантрабандных тавараў на суму больш за 300 мільёнаў беларускіх рублёў.
— Ці даводзілася падчас затрымання прымяняць агнястрэльную зброю?- цікаўлюся ў старшага лейтэнанта.
— Пакуль хапала толькі сігнальнага пісталета, — адказвае афіцэр…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: службу на граніцы нясуць малодшыя сяржанты Дзмітрый Кухарэнка і Аляксандр Гусак.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.05.2015 г.

Добавить комментарий


mitsubishi.niko.ua

https://vanco.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!