Вёска ва ўзросце 26

Надаючы першачарговую ўвагу развіццю сельгасвытворчасці, будаўніцтву новых еўрапейскага ўзору фермаў, комплексу аб’ектаў, неабходных для бесперабойнага вытворчага сельскагаспадарчага працэсу, павышэнню культуры земляробства, укараненню новых тэхналогій, у СВК “Дарапеевічы “ра­зам з тым мэтанакіравана і настойліва вырашалі і жыллёвую праблему.

Цяпер на балансе гас­па­даркі знаходзіцца 96 дамоў. 74 з іх, за выключэннем 8-кватэрнага і 4-кватэрнага дамоў, былі пабудаваны за апошнія 26 гадоў. А гэта значыць у бытнасць цяперашняга кіраўніка гаспадаркі Васіля Фядосавіча Юхімука.
Самым ураджайным на ўзвядзенне новага жылля быў 2004 год. Тады было пабудавана 9 дамоў. На 8 і 5 дамоў стала большай вёска ў 2005 і 2006 гадах адпаведна.
І хоць цяпер чаргі на атрыманне жылля і паляпшэнне жыллёвых умоў як такой у гаспадарцы няма,кіраўнік СВК не пакідае жыллёвае пытанне па-за ўвагай.
— Людзі да нас едуць пастаянна, — расказваў кі­раўнік СВК Васіль Юхімук, — уладкоўваюцца на работу, і яны, вядома ж, разлічваюць на добраўпарадкаванае жыллё. Свабоднага ў нас новага цяпер няма, таму палічылі не лішнім аднавіць старое .
Праўда, узнікла адна праблема. Жылыя шматкватэрныя дамы некалі былі на балансе гаспадаркі, затым іх перадалі на баланс камунальнай службы. Але людзі ўсё роўна ішлі да старшыні СВК з праблемамі і просьбамі. Як-ніяк, а дамам гэтым больш чым 30 год . І капітальны рамонт за ўвесь час у іх не праводзілі. Таму калі ўдалося станоўча вырашыць пытанне з ведамаснай прыналежнасцю, кіраўніцтва гаспадаркі запланавала іх рэканструкцыю.
На яе правядзенне патрэбны былі мільярды рублёў. А іх у гаспадарцы, вядома ж, не было. Але старшыня сельгаскааператыву не адклаў гэтую справу, як кажуць , на доўгі час. Неяк у Дарапеевічы на сустрэчу з выбаршчыкамі , вяскоўцамі, прыехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі. Васіль Фядосавіч і выкарыстаў магчымасць звярнуцца да яго з просьбай пасадзейнічаць у выдзяленні крэдыту. Тым больш, што кіраўнік гаспадаркі сам дэпутат райсавета і не мог праігнараваць наказ сваіх выбаршчыкаў
Уладзімір Іванавіч унік у сітуацыю, добра ў ёй разабраўся і паабяцаў дапамагчы. Сваё слова ён стрымаў. На рэканструкцыю 8-кватэр­нага жылога дома ў Дарапеевічах быў выдзелены крэдыт. Усяго на гэтым аб’екце было асвоена больш чым 2 мільярды рублёў, у тым ліку 378 мільёнаў бюджэтных сродкаў.
Што і казаць, дом 1983 года пабудовы цяпер не пазнаць. Тут заменены вокны, дзверы,сантэхнічнае абсталяванне, каналізацыя. Замест ацяпляльных катлоў, што некалі працавалі на цвёрдым паліве, устаноўлены новыя, якія працуюць на газе. Капітальна адрамантаваны дах, зашклёныя балконы.
Адна з тых, хто жыве ў рэканструяваным доме, — галоўны бухгалтар СВК Аксана Шлык. Сама яна брэстаўчанка, а гэта значыць расла ў гарадскіх умовах. Але я думаю, Аксана не крывіла душою, калі гаварыла, што ў кватэрах адноўленага дома, якія гаспадарка выдзеліла ім, маладым спецыялістам, умовы не горшыя, чым у гарадскіх.
…Праходзім з Аксанай у кватэры, дзе жывуць пяцёра маладых спецыялістаў. Адразу заўважаю, што рамонт у доме зроблены сапраўды добры.У кожнай з дзяўчат — свой асобны пакой. Кухня хоць і агульная, але вялікая, прасторная. Аксана заўважае, што наўрад ці ў большасці студэнцкіх інтэрнатаў ёсць такія ўмовы. І прызнаецца, што, трапіўшы ў такую аддаленую вёску, яна, у параўнанні з некаторымі сваімі аднакурснікамі па Палескім дзяржаўным універсітэце, аказалася ў выйгрышным становішчы.
— Многія з нашых здымаюць жыллё. А нават яго ў многіх вёсках знайсці вельмі цяжка. І, як правіла, кватэры без выгод, — дзялілася Аксана. — Таму мне вельмі і вельмі пашанцавала. У кватэры ёсць усе выгоды, неабходная мэбля, бытавая тэхніка .
Між іншым, тое-сёе з мэблі, да прыкладу, шафы, ложкі маладым спецыялістам купіла гаспадарка, дзе, як адзначыла Аксана Шлык, неабыякавыя да маладых кадраў, усяляк стараюцца падтрымаць іх, дапамагчы.
Так, моладзь, якая не памятае сваю вёску 20-25-гадовай даўніны, не можа па-сапраўднаму ацаніць, колькі тут зроблена за гэтыя гады, як непазнавальна змянілася цэнтральная сядзіба сельгаспрадпрыемства. А вось людзі больш сталага ўзросту, пажылыя, думаю, не могуць не прызнаць, што цяперашнія Дарапеевічы з іх новымі так званымі жылымі мікрараёнамі, сучаснымі добраўпарадкаванымі да­мамі (а такіх амаль паўвёскі) – гэта вынік мэтанакіраванай работы па адраджэнні сяла, па яго развіцці, якую актыўна і настойліва праводзіў згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі цяперашні кіраўнік СВК Васіль Фядосавіч Юхімук.
Не, ён не памыляўся, калі 26 гадоў таму назад, заняўшы крэсла старшыні тагачаснага калгаса, у якасці галоўных ставіў перад сабою задачы не толькі вытворчага характару, але і сацыяльныя.
Памятаю і я, што адчувала, калі ўпершыню, 33 гады таму назад,трапіла ў Дарапеевічы. Здавалася, тут спынілася жыццё. Назаўсёды. Затое цяпер, калі бываеш у гэтым населеным пункце, радуешся, яшчэ і яшчэ раз пераконваешся, як шмат можна зрабіць, да якога ўзроўню ўзняць вытворчасць, калі ты неабыякавы чалавек, адукаваны і зацікаўлены кіраўнік, калі ты не спыняешся на дасягнутым. Сённяшні старшыня СВК – з ліку такіх.
Сусветны фінансавы крызіс перакрэсліў многія планы. У тым ліку і кіраўніка дарапеевіцкага сельгаскааператыва. Ён перажывае, ці ўдасца ўсё ж завяршыць распачатае будаўніцтва яшчэ адной жывёлагадоўчай фермы. Сваіх грошай на такую “махіну”, вядома ж , няма. А разлічваць на дапамогу дзяржавы ў такі складаны час наўрад ці варта. І тым не менш, Дарапеевічы—адзіны, напэўна, на сёння населены пункт, адзіная гаспадарка, дзе можна бачыць будаўнічую тэхніку і будаўнікоў. Падрадчыкі з ПМК-20 рэканструююць тут 4-кватэрны жылы дом, які быў пабудаваны ў 1979 годзе. Калі нішто не перашкодзіць, ён таксама набудзе другое жыццё і будзе пасаваць да суседняга дома, 8-кватэрнага, які пасля рэканструкцыі стаў як новы і цяпер ужо не рэжа вока на фоне абноўленай школы, дагледжанага праваслаўнага храма. Спадзяемся, што і жыць у абноўленым доме будзе каму. У гаспадарку, як адзначаў яе кіраўнік,з мэтай працаўладкавання прыязджаюць многія, у чым лішні раз пераканала і спецыяліст па кадрах Людміла Мікалаеўна Рабчынская. Яна прывяла такія лічбы: у 2011 годзе ў СВК прыехала 55, у 2012-м – 40, у 2013-м – 31, у 2014-м – 44 чалавекі і ўжо 15 чалавек сёлета.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: “Стары дом пасля рэканструкцыі стаў, можна сказаць, новым”, — адзначае малады спецыяліст галоўны бухгалтар Аксана Шлык, якая задаволена сваімі жыллёвымі ўмовамі; будаўнікі з ПМК-20 забяспечаны фронтам работ: рэканструкцыя 4-ква­тэрнага жылога дома – у разгары.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.05.2015 г.

Добавить комментарий


https://steroid-pharm.com

еще по теме

adulttorrent.org/category/popular-torrents/15
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!