Цікавы экскурс у прафесію

Сотні навучальных устаноў краіны – універсітэты, каледжы, прафесійныя ліцэі — хутка адчыняць дзверы для сёлетніх абітурыентаў. Кожны, вядома, сам выбірае далейшы шлях, прафесію. Але каб дапамагчы школьнікам больш і лепш зразумець ролю працоўных прафесій, якія сёння самыя запатрабаваныя на рынку працы, у Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці штогод праводзяць традыцыйную прома-акцыю “Будучае краіны ў тваіх руках”. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел амаль 400 вучняў школ з Брэсцкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў, гарадоў Брэста, Кобрына і Маларыты.

Што чакала ўдзельнікаў прома-акцыі? Па-першае, знаёмства з самім ліцэем, яго вучэбнай базай. Па-другое, цікавы экскурс у прафесіі, якія можна набыць у Маларыцкім ДзПЛ СП. А яшчэ — індывідуальныя гутаркі, выставы дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці ліцэістаў вобласці, знаёмства з гурткамі, якія працуюць на базе навучальнай установы і з’яўляюцца вынікам цеснага супрацоўніцтва ліцэя з іншымі ўстановамі.
Сама ідэя правядзення такой акцыі, як адзначаў у размове дырэктар дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Станіслаў Ляшчук, — пераканаць школьнікаў у перавагах сельскагаспадарчых прафесій, дапамагчы ім зразумець, што спецыяльнасці, набытыя ў ліцэі, шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў сельгаспрадпрыемствах, дзе вадзіцелі, механізатары, зваршчыкі, найбольш запатрабаваныя, але і ў многіх іншых, такіх, як дарожная служба, камунальная і лясная гаспадарка, вайсковыя часці і падраздзяленні міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пераканацца ў гэтым удзельнікі акцыі маглі асабіста. Свае ўменні ў рабоце з тэхнікай дэманстравалі школьнікам супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемства лясной гаспадаркі, прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”. Паралельна са знаёмствам з прафесіямі юнакі і дзяўчаты знаёміліся з тэхнічнымі навінкамі. Дэманстрацыя магчымасцей сучасных пажарных машын, магутных трактароў, пагрузчыкаў ператварылася ў сапраўднае аграшоу. Як мог не заваражыць “танец” пагрузчыка з яго разваротамі на адным месцы ці віртуознае закрыццё каўшом пачка запалак? Гледзячы на гэта, школьнікі маглі ўявіць магчымасці сучаснай тэхнікі, пераконваліся, што ў прафесійным ліцэі, а выпускнікі яго якраз і былі тымі віртуозамі, якія кіравалі тэхнікай, можна атрымаць добрыя навыкі, каб стаць прафесіяналам. Юнакі і дзяўчаты, якіх зацікавіў кірмаш прафесій, маглі бліжэй пазнаёміцца з тэхнікай і нават навучыцца кіраваць ёю.
Увогуле, дзякуючы таму, што прома-акцыю падтрымалі многія арганізацыі і прадпрыемствы не толькі раёна, але і вобласці, школьнікаў чакала шмат прыемных сюрпрызаў. Прадпрыемства “Савушкін прадукт” арганізавала для іх дэгустацыю сваёй прадукцыі, Маларыцкае райспажыўтаварыства частавала кашай і чаем, пагранічнікі аддзела пагранічнай службы “Маларыта” і байцы 38-й асобнай брыгады г. Брэста знаёмілі з сучаснай зброяй, атрад міліцыі асобага прызначэння прадэманстраваў свае дзеянні па затрыманні злачынцы, работнікі гарадскога Дома культуры радавалі ўсіх канцэрт­най праграмай, а ліцэісты, якія таксама падрыхтавалі нямала цікавых музычных нумароў, расказвалі пра сваю навучальную ўстанову і запрашалі заўтрашніх выпускнікоў папоўніць рады навучэнцаў.
Юныя госці пакідалі ліцэй задаволенымі і зацікаўленымі. У іх засталося шмат уражанняў і з’явіліся падставы для разваг. Былі і тыя, хто ўжо не вагаўся ў выбары і, развітваючыся, гаварыў: “Да сустрэчы!”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час прома-акцыі “Будучае краіны ў тваіх руках”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.05.2015 г.

Добавить комментарий


photolifeway.com

www.photolifeway.com

http://best-mining.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!