Пошук гармоніі паміж зместам і формай

Нядаўна на базе СШ №2 прайшла раённая навукова-практычная канферэнцыя педагагічных работнікаў “Сучасны вучэбны занятак: пошук гармоніі паміж зместам і формай”. На ёй выхавальнікі дашкольных устаноў, педагогі спецыяльнай адукацыі, а таксама настаўнікі-прадметнікі дзяліліся багатым вопытам, прэзентавалі свае напрацоўкі, спрачаліся, абмяркоўвалі актуальныя і надзённыя пытанні.
Работа на канферэнцыі была арганізавана ў 3 секцыях: “Дашкольная і спецыяльная адукацыя”, “І ступень агульнай сярэдняй адукацыі (пачатковыя класы). Выхаваўчая работа і дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі”, “ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі” (5-11 класы). Было заслухана 29 выступленняў.
— Усе яны былі адметнымі і актуальнымі, — кажа Аксана Краўчанка, загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета. — Мерапрыемства мела на мэце распаўсюджванне паспяховага вопыту работы для павышэння якасці адукацыі. Асноўныя задачы, якія мы ставілі, — гэта развіццё творчага патэнцыялу педагагічных работнікаў, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, развіццё творчай дзейнасці педагогаў, калектываў па ўкараненні абноўленага зместу адукацыі, метадаў і арганізацыйных форм навучання і выхавання.
Па выніках канферэнцыі дыпломамі былі ўзнагароджаны: Юлія Быстрыцкая (яслі-сад №4), Алена Мішчук (Ляхавецкі д/с-СШ), Ніна Мрочка (Хаціслаўская СШ), Надзея Букацюк (Гвозніцкі д/с-СШ), Валянціна Літвін (Макранская СШ), Таццяна Лапцева (раённы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), Алена Ляўковіч (раённая гімназія), Ірына Каралюк (Олтушская СШ), Алеся Бойка (Лукаўская СШ), Іна Касьянік (СШ №1).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іна Касьянік, настаўніца нямецкай мовы СШ №1, адна з дыпламантак раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагагічных работнікаў Маларытчыны.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.05.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!