Аўра мнагадзетнага шчасця

Што такое мнагадзетная сям’я? Гэта пяць, шэсць, сем ці больш “я”, якія жывуць адным духам, агульнымі клопатамі, радасцямі. Гэта свой маленькі свет пачуццяў, эмоцый з непаўторнай аўрай мнагадзетнага шчасця. І чым дружнейшая сям’я, тым больш пазітыву выпраменьвае яе аўра. У гэтым змаглі пераканацца ўсе, хто знайшоў час пабыць на традыцыйным конкурсе мнагадзетных сям’яў, які быў арганізаваны ў раёне агульнымі намаганнямі спецыялістаў гарадскога Дома культуры, тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. 

А гледачоў у вялікай зале ГДК было, што вельмі радуе, нямала. Першае знаёмства з сем’ямі-канкурсанткамі пачалося яшчэ ў фае, дзе была арганізавана выстава сямейнай творчасці з даволі арыгінальнымі вырабамі з паперы, стужак, пацерак.
Але асноўнае можна было паглядзець у зале, калі сем’і Баброўскіх з Чарнян, Сацюкоў з Арэхава, Ліхван з Макран, Ярмалюкоў і Варабей з Маларыты выйшлі на сцэну. Грунтоўнае знаёмства з кожнай з іх паасобку і было галоўнай задачай першых трох намінацый – “Сямейныя традыцыі”, “Мой дом – мая крэпасць” і “Бацькоўскае шчасце”. Што лепш раскажа пра сям’ю, як не сямейныя фотаздымкі, у якіх адлюстроўваюцца будні і святы, захоўваюцца самыя важныя моманты і падзеі?! Менавіта з фотапрэзентацыі і пачалі свае выступленні сямейныя каманды. А гледачы ў зале пра кожную сям’ю пачулі шмат цікавага. Напрыклад, што ў сям’і Анатоля і Таццяны Баброўскіх, дзе на радасць таты і мамы гадуецца чацвёра дзяцей, – Дзяніс, Вераніка, Аляксандр і Насця, агульная колькасць блізкіх сваякоў — 74, з якіх 55 уваходзяць у сямейнае дрэва Баброўскіх і 19 – Міхалькевічаў. Што ў сям’і Канстанціна і Наталлі Сацюкоў з Арэхава, у якой пяць “я” – тата, мама, дзве дачушкі Кацярына і Вераніка і сын Паўлік, вельмі любяць здзіўляць адзін аднаго добрымі справамі. А ў сям’і Аляксандра і Юліі Ліхван з самага маленства сыны Арцём, Валянцін і Глеб вучацца ад таты, у якога “залатыя рукі”, майстравітасці. Што ў сям’і Васіля і Алены Варабей з Маларыты ёсць свой “райскі сад” з дзеткамі-кветачкамі — Сярожам, Жэнем, Аняй і Іванкай. І паколькі дзяцей лічаць бацькі самым галоўным багаццем, яны вельмі рады, што ў дом хутка зноў завітае бусел. Што сям’ю Віктара і Аксаны Ярмалюкоў з Маларыты аб’ядноўвае калектыўная творчасць, бо ўсе ў ёй, і бацькі, і дзеці – Зарана, Станіслаў, Ксенія і Расціслаў – добра спяваюць, валодаюць рознымі музычнымі інструментамі.
Каб прэтэндаваць на званне лепшай, сем’ям давялося праявіць кемлівасць у пошуку выйсця з канфліктнай сітуацыі, паказаць сябе дружнай камандай, здольнай і разам песню праспяваць, і выразна, з душою, верш прачытаць, і танцам парадаваць, і кулінарнымі шэдэўрамі здзівіць строгае незалежнае журы. А каб атмасфера ў зале не была напружанай ад чакання ацэнак, усіх — і канкурсантаў, і гледачоў, радавалі сваімі песнямі салісты эстраднай студыі “Забава”.
Кожная сям’я – удзельніца конкурсу — была па-свойму цікавай, творчай, са сваёй іскрынкай. Менавіта гэта і дапамагло журы вызначыць пераможцаў у розных намінацыях. Сям’я Ліхван атрымала дыплом у намінацыі “Сямейны кулінарны шэдэўр”, сям’я Варабей — у намінацыі “Сямейныя традыцыі”, сям’я Баброўскіх — у намінацыі “Бацькоўскае шчасце”, сям’я Сацюкоў — у намінацыі “Мой дом – мая крэпасць”. А пераможцай конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я — 2015” стала сям’я Ярмалюкоў. Пад авацыі залы пераможцы і намінанты атрымалі падарункі і кветкі, якія былі набыты дзякуючы спонсарам конкурсу: прыватным прадпрыемствам “Камфорт і кампанія”, ”Чыстая кампанія”, “АўтонаВек”, раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, раённаму камітэту прафсаюза работнікаў АПК, раённаму камітэту прафсаюза работнікаў адукацыі, раённаму камітэту ГА “БРСМ”, Маларыцкаму кансервавагародніна­сушыльнаму камбінату, райспажыўтаварыству і індывідуальнаму прад­прымальніку Таццяне Старасотнікавай. Усе яны дапамаглі ператварыць конкурс у свята. Віншуючы сем’і, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, які ўзначальваў журы, адзначыў, што конкурс – гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з лепшымі мнагадзетнымі сем’ямі раёна. І такія сем’і, як прыклад надзейнасці, павінны заўжды быць у цэнтры ўвагі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час конкурснай праграмы; пераможца конкурсу – сям’я Ярмалюкоў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.06.2015 г.

Добавить комментарий


http://sledoc.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!