Ажываюць блакітныя стужкі каналаў

З рэканструкцыяй і рамонтам меліярацыйнай сеткі раёна паспяхова спраўляюцца работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм

Яшчэ некалькі дзесяці­годдзяў таму людзі гэтай прафесіі былі ў вялікай пашане. За работу па асу­шэнні непраходнай багны і будаўніцтва меліярацыйных аб’ектаў многія з іх (маларытчане таксама) адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Пра пакарыцеляў балот пісалі газеты ўсіх узроўняў, ім прысвя­чаліся выпускі радыё- і тэлевізійных перадач. І гэта заслужана. Бо менавіта дзякуючы меліяратарам, на землях, дзе раней, акрамя хмызняку, нічога не расло, закаласілася залатая збажына.
Гэта быў цікавы і рамантычны час: з камсамоль­скім запалам моладзь адпраўлялася асушваць балоты, а мы, вясковыя дзеці, кідалі звыклыя гульні і спяшаліся туды, дзе працавалі бульдозеры і экскаватары, каб паназіраць за іх работай. І радасці не было канца, калі смуглы ад загару экскаватаршчык дазваляў у абедзенны перапынак пасядзець у кабіне магутнай машыны. Кагосьці гэта так уражвала, што тут жа выспявала жаданне стаць меліяратарам.
Амаль паўвеку прайшло з майскага (1966 г.) Пленума ЦК КПСС, які, па сутнасці, даў старт вялікай рабоце па правядзенні меліярацыі на вялікіх тэрыторыях тады яшчэ адзінага і магутнага Савецкага Саюза. У тым ліку і ў Беларусі, дзе землі цярпелі ад пераўвільготненасці. Не стала выключэннем і Маларытчына, на якой асушэнне балот праводзілі работнікі перасоўнай механізаванай калоны №8.
Даўно гэта было. І вады нямала працякло ў пракладзеных імі каналах. А самі каналы ў некаторых месцах нават паспелі па-новаму зарасці хмызняком і іншай расліннасцю. Няма ўжо і многіх з першых пакарыцеляў балот. І пра меліяратараў на пэўны час быццам забылі, хоць яны нікуды не падзеліся. Так, апошнім часам яны не асвойвалі новыя аб’екты, але ўсе гэтыя гады стараліся захаваць і падтрымаць у парадку тыя, што былі пабудаваны ў далёкія ўжо 70-80-я гады мінулага стагоддзя.
У нашым раёне рамонтам, тэхнічным доглядам і рэканструкцыяй меліярацыйных аб’ектаў займаецца Маларыцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое з 2009 года ўзначальвае Валерый Парчэўскі. На абслугоўванні калектыву, у якім працуе 86 чалавек, знаходзіцца 2410 кіламетраў каналаў, 10 помпавых станцый, 448 падпорных і 1112 пераезных збудаванняў.
Меліяратары рэгулююць узровень вады, абкошваюць і ачышчаюць каналы, высякаюць драўнінна-хмызняковую расліннасць, праводзяць аграмеліярацыйныя мерапрыемствы на асушаных землях, пракладваюць каналізацыйныя сеткі. А яшчэ аказваюць паслугі тэхнікі іншым арганізацыям і прадпрыемствам.
Сёлета, напрыклад, увесь комплекс работ па абслугоўванні меліярацый­ных каналаў выканалі ў СВК “Дарапее­вічы”. Адзіная, па словах дырэктара, гаспадарка, якая своечасова разлічваецца за праведзеныя работы. Цяпер работнікі ПМС працуюць у СВК “Рыта” і “Арэхава”. На аб’екце “Галёўка” меліяратары выраўнялі і ўзаралі 141 гектар сельгасугоддзяў, дзе зараз зелянеюць усходы яравых, а падчас нашага прыезду завяршалі рамонт трубы рэгулятара на рэчцы Прырва. Але тых аб’ёмаў работ, якія яшчэ ёсць, зазначае дырэктар, хопіць толькі на чэрвень. Гэта значыць, што ўжо сёння кіраўніцтву ПМС неабходна шукаць новыя аб’ёмы, што крыху засмучае.
Аднак Валерый Парчэўскі не падае духам. Калектыў, які ён узначальвае, згуртаваны, умее і можа выконваць самыя складаныя работы. І тэхніка для гэтага адпаведная ёсць: машынна-трактарны парк ПМС за апошнія гады абноўлены амаль на 80 працэнтаў. (Праўда, выкарыстоўваецца яна не на поўную магутнасць). А самае галоўнае, што ў меліяратараў, большасць з якіх сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, ёсць вялікае жаданне працаваць, асвойваць новыя і вяртаць да жыцця старыя аб’екты. Сярод тых, хто прысвяціў сваё жыццё прадпрыемству, начальнік планавага аддзела Валянціна Дарагакупец, прараб Мікалай Сівуха, вадзіцелі Аляксандр Баліцэвіч і Сцяпан Палажэвец. Не ўступаюць у майстэрстве ветэранам вытворчасці і маладыя. Добра зарэкамендавалі сябе ў калектыве машыністы-экскаватаршчыкі Васіль Крэнь, Сяргей Дворак, Генадзь Максімук. Дарэчы, многія з іх напярэдадні свайго прафесійнага свята адзначаны ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі. І гэта справядліва, бо дзякуючы ім ажываюць блакітныя стужкі меліярацыйных каналаў, якія так хораша выглядаюць на фоне сакавітых зялёных пасеваў і сенакосаў.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: машыніст-экскаватаршчык Генадзь Максімук і прараб участка №2 Станіслаў Пацук на меліярацыйным аб’екце “Галёўка” СВК “Арэхава”.
Фота Алега Крэмянеўскага.
Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


CreditON mmgp

подробнее sweet-smoke.com.ua

продвижение веб сайта