Турніру – быць!

Апошні раз футбольны турнір, у якім на поле выйшлі і школьнікі, і работнікі сельгаспрадпрыемства, і каманды з суседніх вёсак, праводзіўся ў Олтушы два гады таму. І ўсе вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, што сёлета зноў каманды змогуць сустрэцца ў азартнай гульні. На гэты раз на поле выйшла 6 футбольных каманд – зборная Олтуша, каманды спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў прадпрыемства “Савушкіна”, вучняў Олтушскай СШ і гасцей з Ланской.
Самае галоўнае – на полі панаваў дух згуртаванасці, спартыўнага свята. Вельмі прыемна, што паглядзець футбольны турнір прыйшлі на школьны стадыён многія вяскоўцы. І што самае важнае – і школьнікам, і людзям сталым было цікава.
У матчы за трэцяе месца каманда вадзіцеляў прадпрыемства “Савушкіна” змагалася з камандай з Ланской. Олтушскія ігракі не аддалі перамогу гасцям. За першае і другое месцы змагаліся зборная каманда Олтуша і каманда механізатараў “Савушкіна”. Барацьба была напружанай. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу зборнай з Олтуша. Яна і атрымала кубак турніру. Лепшымі ігракамі кожнай з каманд былі прызнаны Назар Кашырэц (зборная з Олтуша), Ігар Алесік (Ланская), Ігар Лонеў (каманда механізатараў), Артур Шкальнюк (Олтушская СШ), Дзмітрый Цецярук (каманда спецыялістаў), Сяргей Шульжык (каманда вадзіцеляў).
Думаю, вельмі добра, што турнір зноў праходзіць. Асабіста мне было вельмі цікава ўдзельнічаць у ім. Спартыўнае свята сабрала разам шмат людзей. Спадзяюся, што, як і запланавалі, мы яшчэ раз збярэмся на футбольным полі напрыканцы лета. І зноў у адных будзе магчымасць пагуляць у футбол, у другіх – атрымаць задавальненне ад гульні ў ролі балельшчыкаў.
Аляксандр ГАЛЯНЧУК, в. Олтуш.
НА ЗДЫМКУ: у час турніру.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.06.2015 г.

Добавить комментарий


https://cl24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!