Няма невядомых салдат, ёсць невядомыя героі

Вялікая Айчынная вайна зноў напомніла пра сябе. Але не выбухамі снарадаў, не разрывамі бомб, ні залпамі гармат, ні гулам варожых самалётаў… На тэрыторыі Хаціслаўскага сельсавета знайшлі астанкі 11 байцоў, тых, хто, набліжаючы Перамогу, аддаў сваё жыццё, змагаючыся з ненавісным ворагам. Гэта стала магчымым, дзякуючы намаганням Пятра Ківачука, настаўніка гісторыі Мельніцкай базавай школы, энтузіяста, які ўжо многа зрабіў для ўвекавечання памяці тых, хто загінуў на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Дзякуючы пошукавай дзейнасці Пятра Іванавіча, напрыклад, быў знойдзены ў пясчаным кар’еры ордэн Чырвонай Зоркі. Нумар яго, які добра захаваўся, дазволіў праз архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў г. Падольску Маскоўскай вобласці ўстанавіць імя героя-ўладальніка – Пят­ра Георгіевіча Іваненкі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, тэлефаніста 102-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады 423-га стралковага палка. Акрамя таго, у перыяд з 2009 па 2011 гг. Пётр Ківачук вёў работу па прызнанні былой партызанкі Кацярыны Васільеўны Саўчук (да замужжа Церашчук) удзельніцай вайны. Напярэдадні 23 лютага 2011 г. жанчыне ўрачыста ўручылі пасведчанне партызана Беларусі, памятны знак “Партызан Беларусі”, юбілейны медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.
— 25 чэрвеня 1941г. у ваколіцах Хаціслава быў жорсткі бой,- расказвае Пётр Іванавіч. – Магутны і нечаканы ўдар ворага прыняла 75-я стралковая дывізія. Многа тады загінула чырвонаармейцаў на маларыцкай зямлі. Паколькі не было магчымасці пахаваць салдат на могілках, іх хавалі там, дзе паміралі. Такіх месцаў — вядомых і невядомых — яшчэ, напэўна, многа ёсць на Маларытчыне. А вось цяпер іх стала на 3 менш. 26-30 мая на тэрыторыі Хаціслаўскага сельсавета праводзілі сумесныя раскопкі падраздзяленні 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і 90-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.
— З расійскімі калегамі мы праводзілі раскопкі на тых месцах, дзе, магчыма, былі пахаванні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — кажа маёр Сяргей Дашкевіч, намеснік камандзіра 2-ой спецыялізаванай роты 52-га АСПБ. – З беларускага боку ў іх было задзейнічана 8 чалавек, з расійскага — 12. Акрамя таго, нам дапамагалі: Алег Шышацкі, раённы ваенны камісар, прадстаўнікі Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства (г.Масква). Бясспрэчна, што мы не знайшлі б астанкі 11 чырвонаармейцаў, каб не намаганні Пятра Ківачука. Як нам сказалі, менавіта ён і “закруціў” гэтую справу.
— Пошукамі пахаванняў на тэрыторыі сельсавета займаюся даўно, — гаворыць Пётр Іванавіч. – Кажуць, што вайна да таго часу не закончыцца, пакуль з яе не вернецца апошні салдат, жывым ці мёртвым. Да раскопак, якія былі праведзены цяпер, я ўшчыльную падышоў 2 гады таму. Так склалася, што тады пра адно магчымае яшчэ пахаванне мне паведаміла жыхарка в.Хаціслаў Тамара Канькова.
— Пра тое месца пахавання ведала з 1970г., але чамусьці асоба нікому і не гаварыла, — успамінае Тамара Ільінічна. — І толькі пасля таго, як на Кургане Славы адбылося перазахаванне, вырашыла пагаварыць з Пятром Іванавічам. Мая мама, Вера Іванаўна Ківачук, не раз расказвала, што яе бацька, а мой дзед, Іван Паўлавіч Бенясюк, прыкладна 25-26 чэрвеня 1941г. ля свайго хлява заўважыў забітага чырвонаармейца. Каб ніхто не бачыў, дзядуля сам салдата і пахаваў. Пад грушаю, непадалёк ад сваёй сядзібы.
26 мая астанкі чырвонаармейца адкапалі. Разам з ім у магіле знайшлі таксама 6 савецкіх манет 1936-1940 гадоў выпуску, тры запалы ад ручной гранаты РДГ-33, якія былі на ўзбраенні на пачатку вайны. Медальёна, на жаль, пры салдату не было. Ён будзе перазахаваны як безыменны.
28-29 мая прадстаўнікі беларускіх і расійскіх асобных спецыялізаваных пошукавых батальёнаў працавалі паміж вёскамі Мельнікі і Ляхаўцы ў лесе. Раскопкі вялі на месцы, якое называецца “Жупіца”. У вайну тут праходзіла франтавая дарога.
-Гэтае магчымае месца пахавання салдат апошняй вайны паказаў Мікалай Мікалаевіч Касьянік, былы ляснічы з в.Ляхаўцы, — гаворыць Пётр Ківачук. — Пра яго ведаў і мой бацька, які таксама шмат гадоў працаваў лесніком. Па інфармацыі, якая ёсць, двое чырвонаармейцаў, магчыма, з 75-ай стралковай дывізіі напалі на нямецкі дазор на лясной дарозе ў чэрвені 1941г. і былі забіты ў перастрэлцы. Салдат пахавалі леснікі ля дарогі. Адзін з іх на магіле пасадзіў дуб, каб абазначыць месца. Пазней на дрэве з’явілася зарубка, каб не зблытаць яго з іншымі дубамі… Аднак астанкаў, на жаль, знайсці не ўдалося.
Затое 30 мая адкапалі астанкі 10 чырвонаармейцаў за 800 метраў на захад ад вясковых могілак в.Хаціслаў.
— З правага боку ад дарогі на “Велінава” (назва былога, цяпер ужо асушанага балота), ля абгароджанага мурашніка, пад сасною, знайшлі брацкую магілу, — кажа Пётр Іванавіч. – Пра гэтае месца ведаў я, а таксама Яўген Міхалеўскі з Маларыты, валанцёр, які аказаў значную дапамогу пры пошуках астанкаў, і некаторыя жыхары Хаціслава. Па словах Івана Емяльянавіча Саўчука, тут было пахавана 3-4 удзельнікі вайны. На самой жа справе іх аказалася ажно 10.
— Каб знайсці гэтую магілу, мы абследавалі тэрыторыю прыкладна на 4 кіламетрах квадратных, — гаворыць камандзір роты капітан Антон Елін (Расія). — Усе байцы, якіх мы паднялі з магілы, на нашу думку, памерлі ад асколачных раненняў. Мяркуем, што ўзрост чырвонаармейцаў — прыблізна 20-25 гадоў. Сярод іх, перакананы, ёсць і адзін афіцэр. На гэта ўскосна ўказвае тое, што засталося ад пары хромавых ботаў (добра захаваліся галоўкі ботаў і іх ніжняя частка), магчыма, палявой камандзірскай сумкі. З магілы паднялі частку партупеі, кабуру ад ТТ, простыя алоўкі, ручку, лінейку, люстэрка, а таксама — амаль 20 манет (1936-1939 гадоў выпуску), рэшткі працівагаза, абутку, сцізорыкі, гузікі, патроны…
Аднак самым каштоўным стала тое, што знайшлі 2 медальёны. Адзін з іх разламаны папалам асколкам, у ім нават захавалася папяровая пацяруха, а другі – закрыты. Гэта – зачэпка. Ёсць надзея, што спецыялісты яго адкрыюць і прачытаюць імя і прозвішча чырвонаармейца, які загінуў у ваколіцах Хаціслава і застаўся ляжаць тут навечна. Цяпер мы ўжо ведаем, што 10 пахаваных у брацкай магіле салдат хутчэй за ўсё — гэта байцы 184-га Туркестанскага стралковага палка, пра што сведчыць круглая латунная пячатка для пакетаў камандзіра гаспадарчага ўзвода гэтага палка, якая знойдзена ў магіле пры раскопках.
* * *
27 мая амаль увесь дзень ішоў дождж, які перашкодзіў праводзіць запланаваныя работы. Таму прадстаўнікі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і 90-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі наведалі гісторыка-краязнаўчы музей Мельніцкай базавай школы. Спачатку Пётр Ківачук правёў экскурсію, цікава расказваў пра першыя дні вайны і баі ў ваколіцах Хаціслава. У музеі асабліва ўражваюць каштоўныя рэліквіі: салдацкія пісьмы, прадметы ваеннага часу, кавалак хлеба з блакаднага Ленінграда, картка на хлеб, што выдавалася ў блакадным Ленінградзе, копіі газетных артыкулаў і інш. Затым адбылася сустрэча з вучнямі ўстановы адукацыі, дзе афіцэры і салдаты расказалі пра тое, чым яны займаюцца.
За час работы Мельніцкага музея Пётр Ківачук устанавіў дзясяткі імёнаў землякоў і тых, хто змагаўся ў ваколіцах вёсак Мельнікі і Хаціслаў. Пошукавая праца працягваецца яшчэ і цяпер.
— Многае, на жаль, яшчэ невядома, прыхавана ўжо даўнасцю гадоў, – кажа Пётр Ківачук. –Пакуль ёсць яшчэ жывыя сведкі тых падзей, то неабходна выкарыстоўваць такую магчымасць. Перакананы, што няма невядомых салдат, ёсць невядомыя героі.

* * *
Яшчэ 11 чалавек праз 70 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся з яе. Але яны вернуцца не дадому, а на Курган Славы ля могілак в.Хаціслаў, на тую вышыню, да якой 74 гады таму так і не дайшлі. Тут 11 чырвонаармейцаў застануцца ляжаць са сваімі баявымі таварышамі навечна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: падчас пошукавых раскопак астанкаў салдат Вялікай Айчыннай вайны на месцах баёў у Хаціслаўскім сельсавеце.
Фота аўтара і  Алега Крэмянеўскага.
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што ўстаноўлены ўладальнік палкавой пячаткі. Ім аказаўся лейтэнант Іван Маркавіч Дзіхно, 1910 г.н., ураджэнец в. Перавалочная Прылукскага раёна Чарнігаўскай вобласці.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2015 г.

Добавить комментарий


www.progressive.ua

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!