Хаціслаўскія матывы

Зробленае ў гаспадарцы гаворыць само за сябе і настройвае на добры лад 

На жывёлагадоўчых фермах СВК “Хаціслаўскі” не была больш за чвэрць стагоддзя, як гавораць, з савецкага яшчэ часу. Таму, калі галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Надзея Назарук і галоўны ветурач раёна Ніна Крупская прапанавалі паехаць у гэтую гаспадарку, ахвотна згадзілася. Не для таго, каб нешта параўноўваць ці шукаць негатыўныя факты ў рабоце калектыву. Проста хацелася пранікнуцца атмасферай, у якой жыве і працуе сёння некалі знакамітая гаспадарка, адчуць настрой людзей.
Адразу адзначу, што ўсё ўбачанае на жывёлагадоўчых аб’ектах прыемна ўразіла. І парадак на іх ніколькі не горшы, чым у тых гаспадарках, дзе даводзілася бываць падчас раённых семінараў-нарад. Наадварот, у нечым, магчыма, і лепшы. Жывёла мае добры выгляд, і сваім жыццём, па ўсім відаць, задаволена, і настрой у людзей аптымістычны.
На ферме “Хаціслаў”, дзе ўтрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы на дарошчванні з 4 да 6 месяцаў, былі бачны сляды нядаўняй рэканструкцыі. Замест ранейшых клетак тут устаноўлены металічныя канструкцыі, якімі памяшканні падзелены на секцыі. У іх цяляты ўтрымліваюцца згодна з іх вагавымі кандыцыямі, а яшчэ маюць сухія ляжанкі. Станоўча ўплываюць на мікраклімат у цялятніку дадатковыя вокны з полікарбанатам і светлавы аэратар. Яны зрабілі памяшканне больш светлым і прасторным. Для забеспячэння маладняку вадой устаноўлены новыя паілкі з падагрэвам, зроблены таксама кармавы стол, на якім, акрамя кормасумесі з зялёнай масы, змешанай з леташнім сенажом, убачылі яшчэ і свежае сена.
Камфортна ў сваіх доміках, падасланых саломай, адчувалі сябе на вуліцы і маленькія цяляты на Хаціслаўскай малочнатаварнай ферме. У вёдрах у іх у дастатковай колькасці былі вада і канцэнтраты КР-1. Домікі, каб сюды не мелі доступу чужыя людзі, з абодвух бакоў загароджаны сеткай. А сенасховішча, побач з якім яны ўстаноўлены, плануюць рэканструяваць: зрабіць вокны, павесіць шторы. Пад дах адноўленага памяшкання “пераедуць” на зіму домікі, у якіх будуць утрымлівацца цяляты да 2-месячнага ўзрос­ту.
Добра выглядалі каровы на МТФ “Сушытніца-600”. Тут дойны статак круглы год знаходзіцца ў памяшканні на бяспрывязным утрыманні. На іх кармавым стале мы таксама ўбачылі кормасумесь з сенажу і зялёнай масы, сена. У дадатак да гэтага рагулі атрымліваюць яшчэ па 300 грамаў канцэнтратаў на літр малака. Дагледжанымі і задаволенымі жыццём выглядалі і маленькія цяляты на гэтай ферме. Як да матулі лашчыліся яны да цялятніцы Вольгі Мельнічук. Настрой у жанчыны быў добры. Яна распавяла, што даглядаюць маладняк да 2-месячнага ўзросту тры цялятніцы. Працуюць жывёлаводы кругласутачна. Усе стараюцца, таму і захаванасць маладняку на гэтай ферме стапрацэнтная.
А яшчэ, і пра гэта варта сказаць, побач з домікамі для маленькіх цялят будуецца прафілакторый. Значыць, жывёлагадоўля развіваецца. Бо вялікае і добрае малако пачынаецца з маленькага цялятка. Як яго выгадуеш, тое і атрымаеш.
На тэрыторыі гэтай фермы поўным ходам вялася закладка сенажу ў трэцяе наземнае сховішча: два ўжо былі закладзены і закрытыя плёнкай. На трамбоўцы масы шматгадовых траў, якую з сенажацяў дастаўлялі механізатары і вадзіцелі, былі задзейнічаны пагрузчык “Амкадор” і трактар К-700. Механізатары Юрый Айовіч і Аляксей Ківачук працавалі пад пільным наглядам брыгадзіра паляводчай брыгады Віктара Лямачкі, які быў адказным на закладцы сенажу. З пашпарта сянажнага сховішча, які знаходзіўся тут жа, можна было даведацца, колькі масы закладзена ў папярэднія два дні, якая яе вільготнасць і тэмпература. Гэтыя паказчыкі некалькі разоў на дзень вільгацямерам правярае спецыяліст, адказны на закладцы сенажу. Каб пераканаць нас, што апарат выкарыстоўваецца па прызначэнні, брыгадзір прадэманстраваў яго ў рабоце. А жанчына, якая таксама працавала на сянажным сховішчы, заўважыла, маўляў, напішыце пра нас хоць нешта добрае, падтрымайце нашага маладога старшыню, мы ж стараемся.
І на самой справе, зробленае ў гаспадарцы гаворыць само за сябе.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: брыгадзір паляводчай брыгады Віктар Лямачка кантралюе вільготнасць і тэмпературу закладваемай масы, а механізатар Генадзь Ківачук дастаўляе яе з сенажацяў; цялятніца Вольга Мельнічук ля сваіх гадаванцаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.06.2015 г.

Добавить комментарий


http://etalon.com.ua

our company www.viagra-on.com

progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!