Хобі ў спадчыну

Вялікі сярэбраны медаль міжнароднай філатэлістычнай выставы “Лондан EUROPHILEX 2015” атрымала калекцыя “Птушкі возера Олтуш і яго ваколіц” Надзеі Дземядзюк, вучаніцы 5 класа Олтушскай СШ. Выстава праходзіла ў маі ў сталіцы Велікабрытаніі пад патранажам Яе вялікасці каралевы Велікабрытаніі Лізаветы ІІ і была прысвечана 175-годдзю з дня выпуску першай у свеце паштовай маркі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Федэрацыя еўрапейскіх філатэлістычных асацыяцый і Брытанскі саюз філатэлістычных асацыяцый.
Дасягнуты поспех – гэта сумесная праца Надзеі і яе дзядулі Вячаслава Зезюкова, метадыста раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Вячаслаў Мікалаевіч збірае маркі з 12-гадовага ўзросту. Дарэчы, сёння ў яго прыватнай калекцыі толькі па прыблізных падліках налічваецца амаль 20 тысяч марак. Надзея збірае маркі толькі пяты год. У яе калекцыі пакуль што каля 600 марак. Аднак да свайго захаплення дзяўчынка адносіцца вельмі сур’ёзна.
— Вячаслаў Мікалаевіч, як калекцыя “Птушкі во­зера Олтуш і яго ваколіц” трапіла на адну з самых вялікіх і прэстыжных выстаў у Еўропе? Нехта, напэўна, дапамог?
— Не, — смяецца ён. – Трэба сказаць, што гэтую калекцыю ўнучцы падарыў 3 гады назад. Цяпер Надзея дэталёва ёю займаецца сама. Я толькі выступаю ў ролі кансультанта. А як апынуліся ў Лондане? За апошнія тры гады калекцыя з узнагародамі вярнулася з 4 міжнародных філатэлістычных выстаў у Мінску і 2 – у Польшчы. Напрыклад, у жніўні 2013 г. яна адзначана пазалочаным памятным медалём і дыпломам за ўдзел у выставе, якая была прымеркавана да 85-годдзя Гродзенскага заапарка. У жніўні 2013 г. гэтая ж самая экспазіцыя яшчэ выстаўлялася і ў польскім горадзе Чэрамха. Там яна адзначана кубкам, дыпломам і пазалочаным медалём.
Падчас апошняй з іх, якая прайшла летам 2014г. у Польшчы, арганізатары адабралі калекцыю “Птуш­­кі возера Олтуш і яго ваколіц” на ўдзел у міжнароднай выставе.
— Затым пачаўся дзевяці­месячны падрыхтоўчы этап, — кажа Надзея Дземядзюк. – За гэты час неабходна было зрабіць многае. Усю неабходную інфармацыю на нямецкую мову перакладала мая мама Алеся Вячаславаўна, настаўніца Олтушскай школы…
— А лонданскія навед­вальнікі выставы што змаглі ўбачыць на олтуш­скіх стэндах?
— Згодна з умовамі, мы прадстаўлялі матэрыялы з калекцыі толькі на адным стэндзе, куды ўваходзіла 16 лістоў памерам А4, — расказвае Надзея Дземядзюк. — А гэта каля 50 марак, 15 канвертаў, іншыя рарытэтныя рэчы. Наогул жа ў экспазіцыі “Птушкі возера Олтуш і яго ваколіц” цяпер налічваецца амаль 500 філатэлістычных адзінак. У Лондан паехала самае-самае, калі можна так сказаць, арыгінальнае, рэдкае, што выклікае ціка­васць у прафесіяналаў і спецыялістаў.Між іншым, па звестках арнітолагаў, у ваколіцах Олтуша водзіцца больш за 280 птушак. У калекцыі “Птушкі возера Олтуш і яго ваколіц” сабрана пакуль што 95 марак з выявамі мясцовых птушак. Таму да завяршэння справы яшчэ далёка.
— Спачатку быў праведзены адборачны цыкл, — гаворыць Вячаслаў Зезюкоў. – Арганізатары міжнароднай выставы ў адпаведнасці з зацверджанымі крытэрыямі адабралі 1400 канкурсантаў-удзельнікаў. Сюды трапіла 6 беларусаў, з іх – 4 прадстаўнікі Брэстчыны. У іх ліку — і Надзея.
* * *
Вячаслаў Зезюкоў прымаў нядаўна ўдзел у VІІІ Нацыянальнай філатэлістычнай выставе “Белфіла-2015”, якая праходзіла ў маі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На ёй было прадстаўлена больш за 100 калекцый з Беларусі, Азербайджана, Германіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны…
— На “Белфіле-2015” я ўпершыню выстаўляў калекцыю “Пчалярства – занятак здаўна высакародны”, над якой працую ўжо 3 гады, — кажа Вячаслаў Мікалаевіч. – У ёй прадстаўлена было 3 стэнды (200 марак, амаль 40 канвертаў…). Калекцыя адлюстроўвае гісторыю пчалярства праз філатэлістычны матэрыял, склад пчалінай сям’і, расказвае пра блізкіх “родзічаў” пчол, сістэму вулляў, ворагаў і шкоднікаў пчол, пра меданосы.
Калекцыя “Пчалярства – занятак здаўна высакародны” Вячаслава Зезюкова на “Белфіле-2015” атрымала пазалочаны медаль.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Надзея Дземядзюк і Вячаслаў Зезюкоў, філатэлісты з Олтуша.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий