“З любоўю да песні”

Так называўся абласны песенны форум, што прайшоў нядаўна ў Пінску і прысвечаны быў 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікамі яго сталі лепшыя песенныя калектывы і асобныя выканаўцы з усіх раёнаў вобласці, у тым ліку і прадстаўнікі нашага раёна – народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”, сямейны дуэт Барысюкоў і вакальны ансамбль “Акалада” гарадскога Дома культуры, а таксама самадзейны выканаўца-бард Яўген Гурба.

У тыя дні Пінск нібы расквітнеў ад калейдаскопу рознакаляровых касцюмаў самадзейных артыстаў, творчага натхнення, музыкі і песень, і таго незвычайнага эмацыянальнага ўздыму, што суправаджае ўсе культурныя мерапрыемствы. Праграма свята была досыць насычанай. Бардаўскія песні ў выкананні аўтараў сталі своеасаблівай цікавай часткай свята і прагучалі ў парку культуры і адпачынку. А масавыя калектывы з рознымі, як кажуць, прафесіяналамі, манерамі выканання, раздзяліліся для вызначэння кожны сваіх функцый. Акадэмічныя хоры і ансамблі суправаджалі ў той дзень царкоўныя богаслужэнні, што праходзі­лі паўсюдна напярэдадні вялікага рэлігійнага свята – Сёмухі. Таму прыхільнікі духоўных спеваў мелі магчымасць атрымаць асалоду ад кранаючых душу мілагучных твораў у храмах горада. А народныя калектывы вобласці бойка і весела дэманстравалі свой лепшы песенны рэпертуар на святочным канцэрце ў пасёлку Парахонск, зліваючыся ў чаруючым фінальным зводным спеве.
З удзячнасцю і душэўнай цеплынёй прымалі творчыя калектывы ў гаспадарках раёна. Нашы самадзейныя артысты разам з ансамблем “Заранка” Драгічынскага раёна дэманстравалі мастацкі густ і сапраўдны песенны майстар-клас, уражваючы сваім талентам жыхароў маляўнічай пінскай вёсачкі.
Кульмінацыяй наступнага дня стаў гала-канцэрт лепшых выканаўцаў твораў ваеннай тэматыкі. Творчыя калектывы і асобныя выканаўцы імкнуліся данесці да слухача свае песні з такой дакладнасцю і пранікнёнасцю, што здавалася, нібы самі пабывалі на той вайне. У гледачоў міжволі з’явілася магчымасць яшчэ раз прыгадаць тыя цяжкія гады, бо ў ваенных песнях, сумных і вясёлых, расказвалася то пра жорсткі бой, то пра салдацкі прывал, то пра самаадданае франтавое каханне. Жыццесцвярджальным акордам прагучалі ў канцэрце песні “Беларускае Палессе” ў выкананні сямейнага дуэту ў складзе Аляксандра і Аляксея Барысюкоў, “Мы – беларусы” ў выкананні вакальнага ансамбля “Акалада”. Усе ўдзельнікі абласнога песеннага форуму атрымалі дымломы, памятныя сувеніры і падарункі, а таксама шмат незабыўных уражанняў, творчага вопыту, яркіх сустрэч і духоўных набыткаў. Вялікі дзякуй усім самадзейным артыстам, кіраўнікам калектываў, сапраўдным прыхільнікам песні!
Наталля Галавій, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
НА ЗДЫМКУ: народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”, які ў ліку іншых прымаў удзел у абласным песенным форуме.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.06.2015 г.

Добавить комментарий


http://www.etalon.com.ua

www.optiontradingstrategies.net

https://alfaakb.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!