Кветачніца Марыя

У школе яна любіла матэматыку, таму і прафесію выбрала лічбавую, а кветкамі, якія ўпрыгожваюць падворак яе дома з ранняй вясны да позняй восені, захапляецца ўсё жыццё

Калі заходзіш на веранду гэтага прасторнага і вялікага для аднаго чалавека дома, у вочы адразу кідаецца галерэя чорна-белых партрэтаў на сцяне. Пазнаць на іх кагосьці выпадковаму чалавеку няпроста. Хіба што, калі прыгледзецца, на двух з іх можна заўважыць падабенства жанчыны з гаспадыняй. І хоць зараз ёй ужо далёка не 20 і нават не 30 гадоў, у вачах гэткія ж іскрынкі і запал, як у маладосці.
Што тычыцца астатніх партрэтаў, то іх таямніцу раскрывае сама Марыя Іванаўна. На першых трох – яе браты Міша, Ваня і Коля. Таксама ў маладосці. Усе яны, як і сама Марыя Бенясюк, даўно пакінулі Ра­дзеж, адкуль іх карані. Цяпер яны жывуць у Мінску і Брэсце. І называюць братоў ужо не па-дзіцячаму, а, як і належыць з узростам, Міхаіл, Іван і Мікалай, у прыдачу з імем па бацьку. Хоць для сястры яны па-ранейшаму Міша, Ваня і Коля.
А жанчына і мужчына — бацькі Марыі Іванаўны: Аляксандра Піліпаўна і Іван Трафімавіч Касянікі. Іх ужо няма. Затое ёсць добры працяг – дзеці, ўнукі і праўнукі. Яны не толькі прадаўжальнікі роду, але і залог таму, што прозвішча Касянік будзе існаваць і надалей. Гэта значыць, што бацькі сваю місію выканалі спаўна.
Паспяхова справілася з гэтай місіяй і пара з другога партрэтнага фотаздымка. Мужчыну на ім я не пазнала. А вось у маладой жанчыне адразу ж убачыла Марыю Іванаўну. Магчыма таму, што даўно знаёма з ёй. І ведаю яе больш не як цяперашнюю пенсіянерку-кветачніцу, а як колішняга галоўнага спецыяліста калгаса “Чырвоны партызан”. Адукаванага эканаміста, а пазней і старшыню прафкама гаспадаркі ў адной асобе. А яшчэ, як ветлівую і абаяльную жанчыну.
Мужчыну на фотаздымку побач з сабой назвала сама гаспадыня дома: «Гэта Сцяпан, мой муж», — і распавяла, як амаль адразу пасля школы выйшла замуж.
А што тут дзіўнага, калі безаглядна, як гавораць, закахалася ў маладога старшыню Олтушскага сельскага Савета Сцяпана Бенесюка. Гэта пазней ужо, калі яны з мужам пераехалі жыць у Хаціслаў, адкуль ён родам, і Марыя стала працаваць у калгасе “Запаветы Леніна” другім эканамістам, яна завочна паступіла ў Столінскі сельгастэхнікум. Потым быў яшчэ і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску. Тады ж яна проста працавала начальнікам Ра­дзежскага паштовага аддзялення сувязі. Дзяўчына была маладая і шчаслівая, як і ўсе, хто кахае сам і каго кахаюць. І пра ранняе замужжа, хоць у сямейным жыцці ўсяго хапіла, ніколі не пашкадавала, бо добрага ў ім усё ж было больш. А галоўны яго набытак – дзве дачкі-кветкі.
— Працаваць і жыць тады было цікава, — распавядала пра работу ў калгасе “Запаветы Леніна” Марыя Іванаўна. — Спецыялісты, як і сам старшыня, былі маладыя. Мы не баяліся цяжкасцей. Сумесна спраўляліся з імі, а пасля гэтак жа дружна і весела адпачывалі. Сумаваць не было калі.
Пра многія жыццёвыя перыпетыі і людскія лёсы маглі б распавесці і пажаўцелыя ад часу невялічкія фатаграфіі, сабраныя яшчэ ў адной рамцы. Але пра іх я распытваць не стала. Калі гаспадыня дома захоўвае іх, значыць яны дарагія для яе. І гэтым усё сказана…
Маладая сям’я Бенесюкоў прыжылася ў калгасе. І, магчыма, яна тут і засталася б назаўсёды. Ды толькі жыццё распарадзілася па-свойму. У хуткім часе Сцяпана, як перспектыўнага маладога чалавека, накіравалі на вучобу ў вышэйшую партыйную школу. Нейкі перыяд разам з мужам жыла ў Мінску і Марыя. А калі праз пэўны час Сцяпан са стацыянара перавёўся на завочнае аддзяленне і яны зноў вярнуліся ў Хаціслаў, то ім давялося пераехаць у Лукава. Туды мужа накіравалі на работу намеснікам старшыні мясцовага калгаса і сакратаром партыйнай арганізацыі па сумяшчальніцтву.
Ну а Марыя зноў аказалася ў свеце лічбаў. Спачатку працавала бухгалтарам ў сельскім Савеце, пасля – бухгалтарам калгаснага аўтапарка, а калі тагачасны галоўны эканаміст Валянціна Маеўская стала намеснікам кіраўніка гаспадаркі і сакратаром партыйнай арганізацыі, вызваленую пасаду прапанавалі Марыі. І яна згадзілася, бо работа з лічбамі прыносіла ёй задавальненне.
— Праца эканаміста нябачная. І заключаецца яна не столькі ва ўменні лічыць, — гаворыць Марыя Іванаўна, — колькі ва ўменні аналізаваць і думаць. Калі, напрыклад, маладняк буйной рагатай жывёлы не дае прыбаўленняў у вазе, то неабходна было вывучыць рацыёны кармлення цялят, паглядзець умовы іх утрымання, нават тое, як адносяцца да выканання сваіх абавязкаў даглядчыкі. Усё гэта прааналізаваць і толькі тады рабіць нейкія заключэнні. І калгаснікі да эканаміста адносіліся прад­узята. Можна нават сказаць, не любілі яго, бо лічылі, што менавіта ён эканоміць на іх зарплаце.
Такую нелюбоў, прычым незаслужана, адчула на сабе і Марыя Бенясюк. Неаднойчы за гады працы на пасадзе галоўнага эканаміста калгаса “Чырвоны партызан” даводзілася ёй чуць крыўдныя словы ад работнікаў гаспадаркі за тое, што быццам яна “рэжа” ім зарплату. Але гэта, відаць, доля кожнага эканаміста. Бо цяпер, калі яна не працуе ўжо, тыя ж самыя людзі іншым разам гавораць адваротнае. Маўляў, вось калі Марыя Іванаўна была…
І сярод адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі людзей гэтай прафесіі я нешта не прыпомню. Усё больш механізатары і жывёлаводы – непасрэдныя вытворцы сельгаспрадукцыі. Ці яшчэ аграномы з інжынерамі, калі гаспадарка атрымае добры ўраджай з хлебнай нівы. Эканамістаў і бухгалтараў у дадзеным выпадку неяк не заўважаюць, хоць без іх удзелу не выконваецца ні адна работа. Асабіста Марыя Бенясюк і на нарады штораніцы хадзіла, і вынікі спаборніцтва падчас адказных сельгаскампаній падводзіла, і, акрамя сваёй асноўнай, шмат іншай работы выконвала. І тады, між іншым, у гаспадарцы не было сучаснай вылічальнай тэхнікі. У першыя гады работы ўсе падліковыя аперацыі даводзілася выконваць “феліксамі” – так называлі ручныя вылічальныя машынкі. Калі ў гаспадарцы нешта не атрымлівалася, то і эканамісту даставалася.
Марыя Іванаўна распавядала пра гэта без долі крыўды. Тым больш, што ёй пашанцавала на кіраўнікоў, з якімі даводзілася працаваць і ўмацоўваць эканоміку гаспадаркі. Мікалай Бардыга быў першым яе кіраўніком у калгасе “Чырвоны партызан”. З ім, прызнаецца колішні эканаміст гаспадаркі, працавалася лягчэй, чым з іншымі. Затое Валерый Бялкоў заўжды гарой стаяў за сваіх спецыялістаў.
Увогуле, пра работу ў калгасе, а яна ж яшчэ 16 гадоў з’яўлялася нявызваленым старшынёй прафсаюзнага камітэта гаспадаркі, і пра жыццё ў Лукаве – менавіта гэтую вёску, а не Радзеж Марыя Бенясюк лічыць сваёй маленькай радзімай, бо тут прайшла большая частка яе жыцця, жанчына магла б расказаць нямала цікавага. Але ўсё гэта ўжо ў мінулым, і яна не вельмі хоча ўспамінаць яго. Хоць пра яе і не забываюць. Летась, напрыклад, з нагоды 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, напярэдадні Дня працы да яе ў госці завіталі старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Бойка. За актыўную работу ў прафсаюзах яны ўручылі Марыі Бенясюк пісьмо Падзякі абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовую прэмію.
І дом яе, які здаўся мне занадта вялікім для аднаго чалавека, калі сям’я была ў поўным зборы, не выглядаў такім прасторным. Дочкі павырасталі і разляцеліся, нібыта птушкі з гнязда. Ларыса жыве ў Брэсце, а старэйшая Таццяна, дарэчы, кветачніца, як і мама, — з сям’ёй ва ўласным доме ў Лукаве. Пакінуў свой дом і гаспадар. Яго няма ўжо 12 гадоў…
Марыя Іванаўна прызнаецца, што цяжка было прывыкаць да адзіноты першыя два гады пасля таго, як выйшла на пенсію, хоць адна яна практычна і не заставалася: пастаянна побач знаходзіліся дзеці і ўнукі. І ўсё ж зімовыя вечары былі такімі доўгімі…
А яна любіць лета і заўсёды чакае яго. Менавіта летам ёй, як гавораць, ёсць дзе развярнуцца і чым заняцца. Што і не дзіўна. Ля дома Марыі Бенясюк размясціліся каля 70 найменняў кветак і дэкаратыўных кустарнікаў, якія цвітуць з ранняй вясны і да позняй восені. І за ўсёй гэтай расліннасцю патрэбен гаспадарскі догляд, а яшчэ — любоў. Бо кветкі, як і людзі, любяць пяшчоту. Вось яна і песціць сваіх “гадаванцаў”: абавязкова праполе, вадзіцай напоіць у спякоту, зямлю падрыхліць, паразмаўляе з імі. А іншы раз у маўклівым задуменні проста залюбуецца рознакаляровай квеценню. Гэтая прыгажосць не толькі радуе вока і сагравае душу, але і настройвае на аптымістычны лад.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Марыя БЕНЯСЮК у сваім кветкавым царстве.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.06.2015 г.

Добавить комментарий


e-kirpich.kiev.ua/

dekorde.com/30-prikhozhie

Профнастил под кирпич
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!