Невыпадковае шчасце

У жыцці нічога не бывае выпадковым, усё мае сваю заканамернасць. У гэтым усё больш пераконваешся з гадамі. Зусім не выпадковым было і размеркаванне ў Ваўкавыскі раён выпускніка Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Мікалая Крэня. Там, у вёсцы з лірычнай назвай Раднікі, сустрэў ён  сваё каханне – дзяўчыну Таццяну. Сустрэў і вырашыў, што юная студэнтка – будучы педагог, абавязкова будзе яго жонкаю. Так і атрымалася.
У вёску Олтуш, на радзіму мужа, сям’я Крэняў пера­ехала,  калі першынцу ў сям’і – дачцэ Надзеі — было пяць гадоў, а малодшай Але – усяго годзік. Хімік-біёлаг па спецыяльнасці, Таццяна ў пошуках работы прыйшла ў раённы аддзел адукацыі. Але прапанаваць нешта ў мясцовай школе маладому педагогу не змаглі. Затое шукалі спецыяліста, які б мог узначаліць у Олтушы калектыў дзіцячага сада. Згадзіцца на пасаду кіраўніка ў 25-гадовым узросце, калі, як гаворыцца, і вопыту зусім няма, ды і не кожны цябе сур’ёзна ўспрымае, было няпроста. Але Таццяна, рашучая і настойлівая, адважылася.
— Спачатку было няпроста, далёка не ўсё атрымлівалася, трэба было многаму вучыцца, бо работа ў школе вельмі адрозніваецца ад работы ў дзіцячым садзе, — прызнавалася Таццяна Іванаўна.
Але ў яе ўсё атрымалася. З часам прыйшоў вопыт, а з ім і патрабавальнасць, прынцыповасць і празорлівасць кіраўніка. Яна і сёння ўмела арганізоўвае работу немалога калектыву, у якім падыход да кожнага павінен быць асобны, бо калектыў – жаночы.
— Ці ўдаецца не праектаваць дзелавы настрой кіраўніка на сям’ю? – пытаюся ў Таццяны.
Яна ўсміхаецца:
— Часам, вырашаючы на рабоце важныя пытанні, так закруцішся, што, вярнуўшыся дамоў, працягваеш кіраваць, тады мяне спыняюць, маўляў, адпачні крыху, ты не на рабоце, а дома.
Між іншым, дома Таццяна Іванаўна клапатлівая гаспадыня, уважлівая жонка, пяшчотная, але патрабавальная матуля. Менавіта ад яе дзяўчынкі навучыліся ўмела гаспадарыць на кухні.
— Я з маленства вельмі любіла кулінарыць. Ад таты, які ў нас вельмі добра выпякаў розныя смачныя кандытарскія вырабы, навучылася многаму. І пасля восьмага класа збіралася пайсці вучыцца на кандытара, — дзялілася сакрэтам Таццяна Іванаўна. – Але бацькі былі катэгарычна супраць, так і засталася я кандытарам-аматарам.
Праўда, той, хто бачыў упрыгожаныя Таццянай Крэнь торты, ніколі не скажа, што рабіў іх не прафесіянал: настолькі прыгожа атрымліваюцца ў яе кветкі з крэму і цеста, настолькі непаўторным малюнкам ўпрыгожаны кожны выраб.
Кандытарскі талент матулі кропля ў кроплю пераняла і дачка Надзея. За што б ні ўзялася юны кандытар, заўжды атрымліваецца прыгожы і смачны шэдэўр. А вось Ала – гэта першая памочніца таты. Прыгатаваць яна, вядома, умее любую страву, але калі тата возіцца з аўтамабілем, дзяўчынка ахвотна памяняе кухню на гараж   і будзе цэлымі гадзінамі дапамагаць у рамонце.
2007-ы год для сям’і Крэняў стаў асаблівым. На вялікае свята, 2 жніўня, бацькі атрымалі яшчэ адзін падарунак лёсу – сыночка Ілью. Выхаваннем яго з самага маленькага ўзросту заняліся клапатлівыя сястрычкі. І трэба сказаць, што яны прыро­джаныя выхавальнікі – хлопчык расце самастойным, акуратным, паслухмяным і вельмі гаспадарлівым.
Праўда, нягледзячы на педагагічныя здольнасці, якія, напэўна, перайшлі ў спадчыну ад матулі, Надзея, для якой сёлетні год быў вельмі адказным – пасля заканчэння гімназіі трэба было вызначыцца з выбарам прафесіі,  вырашыла набыць спецыяльнасць менеджара-эканаміста і, атрымаўшы высокія балы за тэсты, стала студэнткай аднаго са сталічных універсітэтаў.
У доме Крэняў пануюць згода і паразуменне. Бо тут ўсё робяць разам – і адпачываюць, і працуюць. Ды і з суседзямі, аднавяскоўцамі мірна жывуць. Мікалая ў вёсцы паважаюць за слушную параду, яго стрыманасць і ўважлівасць да людзей, Таццяну – за дзелавітасць (нездарма яна абрана дэпутатам мясцовага Савета), ветлівасць, шчырасць і жаночую мудрасць, а яшчэ – за сціпласць…
— Ды не трэба пра нас нічога пісаць, мы ж  звычайная сям’я, — не раз у час размовы паўтарала Таццяна Іванаўна.
Так, звычайная, але больш бы такіх, звычайных, ад якіх свет наш прыгажэе..
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: Таццяна Крэнь: “Калі дзеці побач, і на душы радасна…”
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


креатин

www.best-cooler.reviews

www.avtovoz.co.ua