Акорды майскіх дзён

Адсвяткавалі 70 гадоў Вялікай Перамогі. Думаю, ніхто з нас, ветэра­наў вайны, франтавікоў, у святочныя майскія дні не застаўся без увагі, добрых слоў, пажаданняў, падарункаў. Вельмі дарагімі сэрцу падарункамі сталі тэлефонныя званкі. Прыемна было, што дзеці, падлеткі праяўляюць столькі цікавасці і ўвагі да тэмы вайны. Напярэдадні свята Перамогі мяне павіншавалі былыя выхаванцы Маларыцкага дзіцячага дома і школы-інтэрната Вольга Барадзіна (Саланенчанкава) і Анатоль Дакучаеў з Брэста. Былі званкі з Мінска ад Васіля Іванюка – ураджэнца в. Чарняны, які цяпер працуе дырэктарам установы рэспубліканскага Цэнтра Алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Прыемна было пачуць голас Ганны Сяўрук (Яўдасюк), актывісткі і члена савета школьнага музея.
Мяне запрасілі на многія мерапрыемствы. У СШ №1 я быў на занятках школьнага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў групы падоўжанага дня на патрыятычную тэму, якія вяла Ларыса Васільеўна Алексяюк. Дзеці ўспаміналі сваіх родных, дзядуль, бабуль, гаварылі, як ім жылося ў гады ліхалецця. З цікавасцю слухалі дзеці расказ і пра мой ваенны шлях.
У СШ №1, якую ўзначальвае Наталля Віктараўна Іванова, заўжды ўдзялялі і цяпер надаюць шмат увагі патрыятычнаму выхаванню. 8 мая, напярэдадні Дня Перамогі, тут адбылася агульнашкольная лінейка з нагоды адкрыцця абноўленай мемарыяльнай дошкі М.І Бугаёвай. Да вайны Марыя Іосіфаўна працавала завучам і настаўніцай у Маларыцкай сярэдняй школе. Калі пачалася Вялікая Айчынная, яна змагалася ў падполлі, загінула ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У знак памяці аб мужнай патрыётцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка на фасадзе будынка школы №1. Яе імем названа вуліца ў нашым горадзе. Марыя Іосіфаўна аддала Радзіме ўсё, што магла. Мы яе будзем памятаць як мужную і адважную.
Напярэдадні свята двойчы пабываў у СШ №2. Наогул, я часта сустракаюся з вучнямі гэтай школы. Дзякуючы клапатліваму і неабыякаваму дырэктару СШ №2 Любові Васільеўне Куц, тут паспяхова вырашаюцца праблемы патрыятычнага выхавання дзяцей. У гонар свята вучні падрыхтавалі і правялі агульнашкольны агляд-конкурс строю і патрыятычнай песні. 30 мая на базе гэтай установы адбыліся паказальныя і, хачу сказаць, вельмі хвалюючыя выступленні супрацоўнікаў мытных органаў са сваімі службовымі сабакамі, на якіх у ліку ганаровых гасцей быў і я. Удзельнічаў у закладцы памятнай алеі з 70-ці чырвоных дубкоў у гарадскім парку, дзе разам са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам пасадзілі тут першае дрэўца.
Удзячны і ўрачам раённай бальніцы, якія напярэдадні свята наведалі мяне дома, абследавалі, далі ацэнку стану майго здароўя. Не пакінулі без увагі і работнікі іншых служб.
9 мая прыняў удзел ва ўрачыстым шэсці да ўскраіны Маларыты, перакрыжавання дарог, дзе ўстаноўлены помнік загінуўшым у гады вайны. Сюды ідуць людзі з сумам і высакароднымі пачуццямі, бо тут пахаваны тыя, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе з ворагам.
Што патрэбна чалавеку, каб адчуваць радасць? Напэўна, кожнаму нешта сваё. Але ёсць тое, што патрэбна нам усім, – увага, клопат, дабрыня. Усё гэта я адчуваў у святочныя майскія дні.
Шчыра дзякую ўсім.
Васіль МАРКАЎ, франтавік.
НА ЗДЫМКУ: Васіль МАРКАЎ.

Опубликовано в «ГЧ» 24.06.2015 г.

Добавить комментарий


www.renault.niko.ua

читать дальше ka4alka.com.ua

также читайте
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!