Нябачная праца

У апошні дзень чэрвеня адзначаюць сваё прафесійнае свята людзі, праца якіх, на першы погляд, нябачная, маўляў, яны там у офісах і канторах толькі і ведаюць, што чаі “ганяюць”…

Я дазволю сабе не пагадзіцца з такой думкай, бо ўклад бухгалтараў і эканамістаў у развіццё эканомікі такі ж важкі, як і любога іншага работніка, хоць, з другога боку, калі работа ладзіцца і эканоміка паспяхова развіваецца, то чаму б не даць вачам адпачыць ад шматлікіх калонак лічбаў і не папіць духмянай гарбаты? Тым больш, што без адукаванага эканаміста сёння не можа абысціся ніводнае вытворчае падраздзяленне.
Да шматлікага атраду гэтых спе­цыялістаў адносіць сябе і Ніна Супрунюк з Чарнян. І не важна, што па сваёй асноўнай прафесіі яна заатэхнік – у васьмідзясятыя гады завочна закончыла Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, а пазней з дзясятак гадоў узначальвала жывёлагадоўчую галіну калгаса імя Крупскай. Большая частка яе жыцця ўсё ж звязана з лічбамі і іх падлікамі. А паспяхова спраўляцца з гэтай работай (першыя 6 гадоў Ніна працавала галоўным бухгалтарам у мясцовым сельскім Савеце) дапамагалі шасцімесячныя курсы бухгалтараў, якія дзяўчына закончыла ў Баранавічах адразу пасля школы. Там жа набывала і свой першы вопыт.
На пасаду бухгалтара ў калгас яе запрасілі ў 1980 годзе. Яна згадзілася, бо працаваць з лічбамі ёй падабалася. Ды і аб’ём работы ў калгасе не ішоў ні ў якое параўнанне з тым, што быў у сельскім Савеце: тут было дзе развярнуцца. Старанне і вялікая адказнасць жанчыны за даручаную справу не засталіся незаўважанымі. У хуткім часе кіраўніцтва гаспадаркі прызначыла яе намеснікам галоўнага бухгалтара. Менавіта падчас пераходу на працу ў калгас Ніна паступіла вучыцца ў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вучобу яна паспяхова спалучала з работай. Старалася ўнікаць ва ўсе тонкасці заатэхнічнай справы. І, як аказалася,не дарма. Бо ўжо напрыканцы васьмідзясятых кіраўніцтва калгаса накіравала яе, можна сказаць, на пярэдні край сельгасвытворчасці – даверыла ўзначальваць жывёлагадоўчую галіну.
Параўноўваючы сваю цяперашнюю работу галоўнага эканаміста з работай галоўнага заатэхніка, Ніна Парфіраўна гаворыць, што працаваць неабходна ўсюды. Толькі тады можна дасягнуць жадаемага. Калі была заатэхнікам, перажывала за надоі і прыбаўленні ў вазе жывёлы, за тое, ці ў час накармілі і падаілі рагуль. А зараз перажываць даводзіцца за вытворчыя паказчыкі гаспадаркі.
Магчыма, яна працавала б у жывёлагадоўлі і дагэтуль. Ды толькі пасля смерці мужа: яго няма ўжо 18 гадоў, жанчыне цяжка стала спалучаць работу заатэхніка з выхаваннем дваіх непаўналетніх дзяцей. Старшыня, а тады гаспадарку ўзначальваў ужо Міхаіл Перкавец, па словах Ніны Парфіраўны, пашкадаваў яе і зноў перавёў на работу ў кантору: каб раніцай яна магла сабраць і адправіць хлопцаў у школу, а вечарам – прыгатаваць для іх вячэру і пажадаць “Добрай ночы”.
Так Ніна Супрунюк зноў вярнулася да сваёй лічбавай работы, хоць і на пасадзе галоўнага заатэхніка лічыць даводзілася нямала. Нейкі час яна працавала бухгалтарам, а з 2001 года – галоўным эканамістам. І Міхаіл Міхайлавіч не шкадуе, што некалі зрабіў такую ракіроўку кадраў. Бо адукаваны і вопытны эканаміст заўсёды знаходка для любога вытворчага падраздзялення – няхай гэта вялікая арганізацыя, сельгаспрадпрыемства ці малое вытворчае падраздзяленне. Ён і вынікі работы падвядзе, і аналіз фінансава-эканамічнай дзейнасці зробіць,параіць, як павысіць прадукцыйнасць працы, зменшыць страты. Тым больш эканаміст з вялікім вопытам работы бухгалтара, як у Ніны Парфір’еўны.
Зараз вось сельскагаспадарчы кааператыў адзін з першых у раёне праводзіць рэарганізацыю ў адкрытае акцыянернае таварыства. А гэта вялікая і адказная работа. Напачатку склалі план рэарганізацыі СВК, правялі рас­тлумачальныя гутаркі з членамі калектыву, зрабілі інвентарызацыю маёмасці, аналіз фінансавага стану СВК, разлік статутнага фонду і разлік памеру долі райвыканкама ў статутным фондзе, разлік памеру долі членаў СВК у статутным фондзе, склалі перадатачны акт. І ўсё гэта пры самым непасрэдным ўдзеле галоўнага эканаміста.
— Наша Ніна Парфіраўна не толькі добра падлікі вядзе і фінансавыя аналізы робіць, але і справаздачы цікавыя піша, — заўважае эканаміст па аплаце Людміла Седляр.
— Дык, магчыма, Вам варта было пайсці ў журналістыку, — дадаю я.
— Даводзіцца быць і эканамістам, і журналістам, і шмат яшчэ кім, калі працуеш у сельгасвытворчасці, — ні то жартам, ні то ўсур’ёз адказвае Ніна Парфіраўна. – Але мне гэта не ў цяжар.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вось такая яна, галоўны эканаміст СВК “Чарняны” Ніна Супрунюк.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

Buy Oxyndrol online

здесь