АГРАГАРАДОК «ЛЯХАВЕЦКІ»

2007 год стаў новай кропкай адліку ў гісторыі вёскі Ляхаўцы – цэнтральнай сядзібы СВК “Ляхаўцы”. Менавіта з гэтага часу сельскі населены пункт, у якім жыве сёння больш за 870 чалавек, атрымаў статус аграгарадка. На тэрыторыі яго ёсць дзіцячы сад  і сярэдняя агульнаадукацыйная школа,  дзе вучыцца 129 дзяцей, абноўлены Дом культуры, бібліятэка, сярод паслуг якой – магчымасць пошуку інфармацыі праз сетку Інтэрнэт, аддзяленні паштовай сувязі і ашчадбанка, два магазіны, кропка грамадскага харчавання.  Каб забяспечыць жыхарам аграгарадка магчымасць карыстацца ўсімі відамі сацыяльна-бытавых паслуг, адзін з пустуючых будынкаў быў пераабсталяваны ва ўтульны комплексны прыёмны пункт. Спектр медыцынскіх паслуг аказваюць жыхарам  аграгарадка і васьмі бліжэйшых  да яго вёсак спецыялісты сельскай ўрачэбнай амбулаторыі.

Ганарацца ў Ляхаўцах сваёй гісторыка-культурнай каштоўнасцю – Свята-Раства-Багародзічнай царквою, якая была заснавана ў 1713 годзе.
Аграгарадок “Ляхавецкі” ўваходзіць у пяцёрку самых вялікіх  сельскіх населеных пунктаў раёна. Яго не спяшаецца пакідаць моладзь.  Сёння ў Ляхаўцах падрастае 145 дзяцей, 20 сем’яў маюць статус мнагадзетных. Разумеючы, што для сельскіх жыхароў, асабліва маладых, акрамя бытавых умоў , месца работы і добрай зарплаты,  важны яшчэ  і цікавы адпачынак, у аграгарадку імкнуцца максімальна арганізаваць яго.
Жыхары вёскі забяспечаны ўсім неабходным у сацыяльным плане, праводзяцца работы па газіфікацыі, будуюцца дамы, ключы ад якіх атрымліваюць жывёлаводы, механізатары, маладыя спецыялісты. З 2007 года ў аграгарадку было пабудавана 10 добраўпарадкаваных домікаў. У планах гаспадаркі на 2010 год будаўніцтва яшчэ трох. І такія планы не выпадковыя. У СВК “Ляхаўцы”, дзе працуе 180 чалавек, калектыў адносна малады, а значыць важна думаць аб перспектыве. Будуючы жыллё, у гаспадарцы не забываюць клапаціцца і аб умовах працы. Нядаўна тут пабудавалі новую малочнатаварную ферму на 200 галоў дойнага статка.  Такі крок даў магчымасць нарошчваць пагалоўе, якое цяпер складае 700 галоў, і перайсці на новыя тэхналогіі даення.
Відавочным з’яўляецца і тэхнічнае пераўзбраенне гаспадаркі. Нядаўна тут былі набыты кормаўборачны комплекс КГ-6, сушылка “Мікмар”, трактар МТЗ-2522, два пагрузчыкі “Амкадор”.
Будучае аграгарадка за маладымі, за тымі, хто сёння сядзіць за школьнай партай. У Ляхавецкай школе з ранніх гадоў выхоўваюць у дзяцей любоў да сваёй маленькай радзімы, на прыкладах землякоў, якія ў розныя гады вучыліся ў школе,  дапамагаюць вывучаць гісторыю вёскі. А вядомых, таленавітых людзей ляхавецкая зямля вырасціла нямала. Гэта і Пётр Пачэнчук, майстар спорту міжнароднага класа, сярэбраны прызёр Маскоўскай алімпіяды 1980 года, і Валянцін Курдзюк, чэмпіён БССР па скачках у вышыню, і Аляксей Філатаў, пісьменнік, аўтар кнігі “Ляхавецкая торба”, і многія іншыя. Раўняючыся на іх, сённяшнія вучні школы не адстаюць. Прымаючы ў 2009 годзе ўдзел у рэспубліканскай навукова-даследчыцкай  кан­ферэнцыі, каманда юных астраномаў з Ляхаўцаў заняла першае месца, усе пяць аўтараў даследчай работы атрымалі прэмію з фонду Прэзідэнта РБ і занесены ў рэспубліканскі банк адоранай моладзі. Візітнай карткай школы з’яўляецца высокі працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёлета, як і летась, студэнтамі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў сталі больш за 50 працэнтаў выпускнікоў. Многія з іх, магчыма, вернуцца ў родныя мясціны, каб зрабіць свой аграгарадок яшчэ больш прыгожым, а жыццё ў ім – не горшым, чым у гараджан.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у аграгарадку “Ляхавецкі”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


etalon.com.ua

www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!