“Памятаць – значыць жыць!”

Так называлася акцыя, якая была прымеркавана да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Яе правялі РК ГА “БРСМ”, райсавет ветэранаў сумесна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Замшанскай базавай школай і Маларыцкім лясгасам.

На тэрыторыі былога хутара «Бераг» (цяпер лясны масіў прыкладна за 4 кіламетры ад Маларыты) ёсць безыменная магіла часоў Вялікай Айчыннай вайны. Але аб гэтым мала хто ведаў. Нехта на магіле паставіў крыж і нават абгарадзіў яе. А вучні Замшанскай школы ўзялі своеасаблівае шэфства над магілай. Гэтай вясной яны навялі на ёй парадак. Але людзі, якія тут пахаваны, варты таго, каб іх імёны былі вернуты з небыцця. Менавіта такую задачу перад сабой паставіў Мікалай Гардзяюк, дырэктар Замшанскай базавай школы.
— Я ведаў, хто тут пахаваны, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Трагедыя на гэтым хутары разыгралася 71 год таму, а дакладней — 21 чэрвеня 1944 г. Тады была знішчана за сувязь з партызанамі сям’я жыхара в. Лазкі Дзяміда Сацюка.
Дзямід Андрыянавіч і яго жонка Праскоўя Назараўна, дочкі Варвара і Аляксандра, цётка Еўдакія жылі на хутары, займаліся сельскай гаспадаркай. Акрамя таго, у іх пражываў сын аднаго з партызан Ульян Русавук. Паліцэйскі-здраднік данёс, што на хутары «Бераг» збіраюцца партызаны. Фашысты знянацку ўварваліся ў дом Дзяміда Сацюка, моцна яго збілі. Затым усю сям’ю завялі ў хлеў і расстралялі. Пасля хлеў падпалілі знутры і наглуха закрылі дзверы ў ім. Выратавацца цудам здолела толькі старэйшая Варвара. Ёй было 19 гадоў. Варвара схавалася ў кустах і за ўсім назірала здалёк.
У хляве фашысты ў той дзень спалілі Дзяміда Сацюка (было 60 гадоў), яго жонку Праскоўю Сацюк (45 гадоў), іх дачку Аляксандру (5 гадоў), а таксама 70-гадовую цётку Еўдакію Сацюк і 14-гадовага Ульяна Русавука.
Пазней на месца пажару прыехаў Сцяпан Чыкіта, зяць Дзяміда Сацюка. У хляве ён знайшоў 5 абгарэлых трупаў. Немцы не дазвалялі пахаваць загінуўшых. Пасля Сцяпан Чыкіта ўсё ж такі здолеў зрабіць гэта.
Пасля заканчэння вайны хутар, дзе жыла сям’я Дзяміда Сацюка, не быў адноўлены. Праз некаторы час на месцы былой сядзібы пасадзілі сосны. Мясцовасць паступова зарасла лесам, а магіла згубілася сярод высокіх дрэў.
Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на былы хутар «Бераг» завіталі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Маларытчыны і Замшанскай базавай школы. На крыжы яны прымацавалі часовую шыльдачку, пакуль не будзе зроблена пастаянная, дзе запісаны ўсе тыя, хто тут загінуў ад рук фашысцкіх захопнікаў, а таксама ўсклалі кошык з кветкамі да магілы ахвяр Вялікай Айчыннай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: на былым хутары «Бераг», дзе за сувязь з партызанамі была знішчана сям’я Дзяміда Сацюка.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.photolifeway.com

источник majbutne.com.ua

shtory.ua/gotovye-komplekty