Душою — з вёскай і людзьмі

Вяскоўцы прачынаюцца рана. І хоць цяпер рэдка ў якой вёсцы ўбачыш, як ранкам па вуліцы ідзе, папаўняючыся ля кожных варот, статак кароў-карміцелек, якіх, перш чым адправіць са двара на па­шу, гаспадарам трэба паспець падаіць, усё ж прывычка падымацца “з пеўнямі” ў сельскага жыхара засталася. Вось і Волчыкі – Іван Данілавіч і Вера Мікалаеўна, да якіх мы прыехалі ў вёску Мыслячы, што ў Макранскім сельсавеце, да дзевяці гадзін ранку ўладкавалі ўжо ўсе справы па гаспадарцы і ў агародзе і гатовы былі сустракаць гасцей.
— Знайшлі нашу вёску? Яе ж нават на карце раёна няма, — з усмешкай, ветліва запрашаю­чы ў прасторную, утульную веранду дома, цікавілася Вера Мікалаеўна.
Сапраўды, далёка не кожны жыхар раёна ведае вёску Мыслячы. Ды і самі яе жыхары дакладна не скажуць, дзе канчаецца Асавая і пачынаюцца Мыслячы. Так ужо склалася, што абедзве вёскі быццам зліліся ў адну. І калгасная трактарна-паляводчая брыгада тут некалі была адна, прычым амаль ва ўсе гады перадавая. А ўзначальвала гэтую брыгаду Вера Мікалаеўна Волчык.
Дзяўчына Вера, якая расла ў вёсцы і з малых гадоў ведала, што бохан хлеба пачынаецца з зярнятка, кінутага ў зямлю, без асаблівых разваг вырашыла, што будзе аграномам і пасля школы паступіла ў саўгас-тэхнікум. Калі прыйшоў час размеркавання, Вера, якая сустрэла каханне на сваёй маленькай радзіме, у вёсцы Асавая, ужо дакладна ведала, што ў Дзяржынскі раён, куды атрымала накіраванне, не паедзе, а прыкладзе ўсе сілы, каб вярнуцца ў сваю мясцовую гаспадарку. На Маларытчыне тады, як, між іншым, і сёння, патрэбны былі адукаваныя кадры для сельскай гаспадаркі. Маладога агранома сустрэлі з радасцю. Першыя гады працавала Вера Мікалаеўна ў Ляхаўцах. А калі ў сям’і было ўжо двое дзяцей, старшыня калгаса прапанаваў маладой маці ўзначаліць паляводчую брыгаду ў сваёй вёсцы. У той час, а былі гэта 70-ыя гады мінулага стагоддзя, Волчыкі з хутара ля Асавой разам з бацькамі перабраліся ў Мыслячы. Каб быць бліжэй да дома, яна згадзілася і ніколькі аб гэтым не пашкадавала. Брыгада Веры Мікалаеўны была дружнай, згуртаванай. Вяскоўцы, якія працавалі ў ёй, хварэлі за сваю справу.
— Вось цяпер дзяржава змагаецца з дармаедамі. А тады не трэба было прымушаць людзей працаваць. Кожны калгаснік сам стараўся, вёў нават свой сшытак адпрацаваных выхададзён. І калі апошніх не хапала, вяскоўцы прыходзілі і прасілі даць работу. Стараліся, працавалі, хоць зарплата невялікая была, — успамінае былы брыгадзір.
Вера Мікалаеўна нясе з пакоя стос грамат, якіх удастоена была брыгада, што яна ўзначальвала, у розныя гады. Бяру верхнюю з іх. 1988 год – калектыў выйшаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва на ўборцы зерневых, 1989 год – брыгада заахвочана граматай за лепшую ўраджайнасць бульбы. І так амаль кожны год… Па атрыманых узнагародах можна пісаць цэлую гісторыю гаспадаркі. Для самой Веры Мікалаеўны гэта памяць аб маладосці, аб тым запале, з якім браліся людзі за любую справу, не скардзіліся, хоць было цяжка, не шукалі лёгкага шляху, бо добра памяталі яшчэ, як даводзілася, у поўным сэнсе слова, выжываць у пасляваенныя гады, радаваліся маленькім перамогам, спаборнічалі калектывамі брыгад, гаспадарак, каб дабіцца лепшага не для сябе, для ўсіх. І дарагой узнагародай было добрае слова, падзяка, грамата. Званне “Заслужаны калгаснік”, партрэт на Дошцы гонару, магчымасць пабываць на XV з’ездзе прафсаюзаў – гэта былі ўжо асабістыя ўзнагароды брыгадзіра Веры Волчык за 30 гадоў стараннай працы ў калгасе «Новы шлях».
— Калі і былі заслугі, дык яны агульныя, усёй брыгады, бо сам брыгадзір нічога не зробіць, — разважае Вера Мікалаеўна і шчыра просіць, каб яе не хвалілі, бо яна, маўляў, працавала, як і ўсе, нічога гераічнага не рабіла, проста старалася разумець людзей, а яны – яе.
Вядома, у трактарна-палявод­чай брыгадзе ўсе маленькія і вялікія перамогі залежалі ад кожнага – і механізатараў, якія, калі брыгадзір папросіць, за ноч маглі поле для сяўбы падрыхтаваць, і паляводаў, якія шчыравалі на палях з бульбай, морквай, кармавымі і цукровымі буракамі, ільном, зерневымі. Але, тое, як будзе арганізавана ўся работа, залежала менавіта ад брыгадзіра.
— Былі б такія ўмовы, якія ёсць сёння, — уздыхае Вера Мікалаеўна. – Цяпер у кожным доме тэлефон праведзены, ды яшчэ амаль ва ўсіх мабільнікі ёсць. А тады на дзве вёскі, а гэта каля 140 двароў, усяго два тэлефоны было.
Паедзе ранкам Вера Мікалаеўна на нарад у Ляхаўцы, а потым па дамах у Асавой і Мыслячах ідзе, каб сказаць кожнаму, куды яму на работу адпраўляцца. І так штодня. Даводзілася і самой, калі людзей не хапала, на праполцы працаваць, бульбу перабіраць, лён грузіць.
— Бывала, па восені не знойдзеш людзей на сартаванне калгаснай бульбы, бо ўсе сваю стараюцца хутчэй выкапаць, — успамінае Вера Мікалаеўна, — вось і ідзеш працаваць сама. Прыязджае старшыня гаспадаркі і жартуе, маўляў, не трэба было для сваіх людзей зямлю “выбіваць”, каб больш бульбы садзілі, не давялося б тады самой сартаваць.
Але брыгадзір добра ведала псіхалогію вяскоўцаў, а таму не хвалявалася. За дзень-два яны ўбіралі ўраджай на сваіх участках, а потым, супакоеныя, ішлі ўбіраць калгасную бульбу і працавалі старанна, як гаворыцца, да сёмага поту. Вера Мікалаеўна заўжды хвалявалася за людзей. І не толькі як брыгадзір, але і як стараста вёсак Асавая і Мыслячы. Была яна старастай і ў час брыгадзірства, і калі працавала землеўпарадкавальнікам у сельвыканкаме. Так і засталася за ёй гэтая пасада калі пайшла на заслужаны адпачынак. Ды і каму ж, як не ёй — чалавеку, які здаўна ведае кожны двор, кожнага гаспадара, быць старастай — звяном паміж уладай і вяскоўцамі. Яна хутка абвясціць усіх, што трэба сабрацца на сход, «прасігналіць» у сельвыканкам аб праблемах.
— У красавіку я прайшла па ўсіх дварах, пагутарыла з кожным гаспадаром, каб высветліць, ці няма праблем з праводкай, пячным ацяпленнем, звяртала ўвагу і на санітарны стан, і на добраўпарадкаванасць тэрыторыі, — расказвае Вера Мікалаеўна.
Да яе як да старасты звярталі­ся вяскоўцы з просьбай дамовіцца з работнікамі аўтамагазіна, каб спынялася машына ў зручным для жыхароў вёскі месцы. Дамовілася. Цяпер усе задаволены. Старалася Вера Мікалаеўна вырашыць і транспартнае пытанне. Каб дабрацца з вёскі Мыслячы да аўтобуснага прыпынку, трэба прайсці пешшу тры кіламетры. Гэта не кожнаму пад сілу. Ад імя вяскоўцаў Вера Мікалаеўна патэлефанавала на “прамую лінію” з просьбай хоць раз у тыдзень пусціць у вёску аўтобус. Але пакуль праблема застаецца нявырашанай. Яшчэ хвалюе старасту і дэпутата сельскага Савета, якім з’яўляецца Вера Мікалаеўна, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол дамоў, дзе няма цяпер гаспадароў. Многае атрымалася вырашыць у час суботніка, які быў арганізаваны ў Асавой вясной гэтага года па ініцыятыве абласнога ўпраўлення МНС. Былі спілаваны старыя аварыйныя дрэвы, высечаны хмызнякі, прыбрана будаўнічае смецце, якое засталося пасля таго, як разабралі пустыя дамы. Гэта была, як заўважае Вера Мікалаеўна, значная падмога для людзей састарэлых, якіх у вёсцы пераважная большасць. Усяго з 67 жыхароў Мыслячаў і Асавой толькі 9 – працаздольнага ўзросту. Вёска прыкметна старэе.
— Калі праводзіла падворны абход, цікавілася ў вяскоўцаў, хто будзе браць соткі. Хацела адразу скласці спіс. Але не было каго запісваць. Усе адмаўляліся, бо нават ля хаты не кожны здольны агарод пасадзіць. А я памятаю час, калі, падзяліўшы зямлю, даводзілася яшчэ прасіць участкі, дабаўляць соткі. Цяпер аж крыўдна, што вяскоўцы губляюць сілу.
У словах Веры Мікалаеўны адчуваецца шчыры боль чалавека, які ўсёй душой любіць месца, дзе жыве, тых людзей, якія побач. Цяпер ужо і самі Волчыкі “скарацілі” сваю гаспадарку, ужо некалькі гадоў не трымаюць карову. У хляве толькі свінні ды куры. Але спраў ля дома хапае. У гаспадарлівых людзей усё, як кажуць, на сваім месцы. У садзе — дрэвы дагле­джаныя, ля хаты – кветкавае асарці радуе вока, на агародзе і ля дома – парадак, а на стале – смачны сняданак. Тут заўжды рады гасцям, асабліва дзецям з унукамі, якія прыязджаюць з Брэста і Маларыты. Бо адметная рыса характару Івана Данілавіча і Веры Мікалаеўны Волчыкаў – гасціннасць.
— Вы ж шмат пра мяне не пішыце. Думаеце, за гады працы толькі добрае было? Не заўжды ўраджай важкі атрымлівалі, і праблем хапала. У нас усе вяскоўцы добра працавалі. І іншыя брыгады ўзнагароды атрымлівалі. А тут мяне хваліць будзеце, — просіць на развітанне Вера Мікалаеўна. І я адчуваю, што сціпласць жанчыны сапраўды шчырая, непадробная.
І ўсё ж не выканала я просьбу Веры Мікалаеўны. Не змагла. Бо лічу, што такія нераўнадушныя людзі заслугоўваюць добрых слоў, шчырага дзякуй за працу і ўвагі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: стараста вёсак Мыслячы і Асавая Вера Мікалаеўна Волчык.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.07.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!