Без фальшу і гордасці

Цяпер мала ёсць прыкладаў, калі нявестка і свякроў знаходзяць, як гавораць, агульную мову, узаемаразуменне, а тым больш, паважліва адносяцца адна да адной. Часцей за ўсё яны канфліктуюць, не ладзяць, а нярэдка на ўсё жыццё застаюцца нават ворагамі. Таму цёплыя сяброўскія і шчырыя адносіны паміж свякроўю і нявесткай выклікаюць самае што ні ёсць захапленне.

…Слухала Ніну Васільеўну Стасюк, якая з цеплынёю расказвала пра сваю свякроў Еўдакію Іванаўну Стасюк, і радавалася, што гэтыя чужыя жанчыны сталі адна адной роднымі, што паважаюць адна адну, удзячны адна адной за ўсё добрае, што кожная зрабіла.
— Сама я з Украіны, — расказвала Ніна Васільеўна. – Нікога з родных у мяне тут няма. Але я ніколі не адчувала сябе чужой у сям’і свекрыві. Яна адносілася да мяне, як да роднай дачкі. Бывала, калі што не так, і паплачам разам з ёю, а калі нешта прыемнае, і парадуемся. У мяне ад яе не было ніякіх сакрэтаў, а ў яе – ад мяне. Я і цяпер дзялюся з ёй самым патаемным. Бо ўпэўнена, што яна мяне зразумее. Добрая мая свякроў. Нягоды, якіх было шмат на яе вяку, не зрабілі яе бяздушнай.
…Два месяцы было Еўдакіі, калі памерла маці. Немаўля ўзялася гадаваць бабуля. А з бацькам засталіся трое таксама малалетніх хлопчыкаў. Праўда, ён праз нейкі час ажаніўся, прывёў у хату мачаху, але бабуля па мацярынскай лініі не аддала малую Еўдакію назад у сям’ю.
8 гадоў было дзяўчынцы, калі бацьку забралі на фронт. Яна памятае, як моцна білася яе маленькае сэрцайка, калі ён са слязамі на вачах развітваўся з імі, сваімі дзецьмі, і з роднымі. Быццам бы прадчуваў, што дамоў з фронту не вернецца. Так і здарылася. У сям’ю неяк прыйшло паведамленне, што бацька загінуў.
Як і ўсе, Еўдакія вучылася ў школе, дапамагала, чым магла, бабулі, з братамі апошнім дзяліліся. Вырасла і замуж пайшла за аднавяскоўца Сцяпана. Раслі ж разам, таму ведала, што ён не з ліку спешчаных адзіночак, а з сям’і шматдзетнай, дзе вельмі рана сыны і дочкі становяцца самастойнымі. І Сцяпану, як сярэдняму сярод дзяцей, трэба было з ранніх гадоў гаспадарыць разам з маці.
На вяселле Еўдакія не разлічвала, бо не было каму ёй яго спраўляць. Бабуля памерла за некалькі гадоў да вяселля. Але братам дзяўчыны вельмі хацелася, каб хоць тут іх адзіная сястра не адчувала сябе пакрыўджанай. Усе ра­зам сабраліся і вяселле ёй справілі.
Жылі маладыя, як і трэба, спачатку ў бацькоў Сцяпана. А затым і пра сваё ўласнае жыллё пачалі клапаціцца. Цяжка было распачынаць будоўлю, але яны, загартаваныя жыццём і выпрабаваннямі, якія ім выпалі, пра цяжкасці не думалі, не баяліся іх. Яны прывыклі з маленства працаваць і добра ведалі, што найлепшы памочнік – зрабі сам.
30 гадоў Еўдакія Іванаўна Стасюк адпрацавала даяркай у мясцовай гаспадарцы. Не хочацца лішні раз акцэнтаваць увагу на тым, якой цяжкай тады была праца даярак. У вёсцы да іх адносіліся неяк з асаблівай павагай, бо ведалі, што ў даяркі ідуць самыя-самыя працавітыя і самыя-самыя старанныя. Не, ніхто не зайздросціў іх вялікім грошам, бо кожны добра ведаў, як цяжка іх было зарабляць, якой неймаверна напружанай працай яны даваліся. Пад’ём – у 5 гадзін, а то і раней. Зойдзеш, падоіш, ды не апаратам, а рукамі, і хутчэй дахаты, каб дзецям сняданак прыгатаваць, у школу адправіць. А затым за касу — і ў поле. Трэба было падкормку каровам уручную накасіць, а на ферме ўручную раздаць. Пра хатнюю гаспадарку іншы раз забываў, хаця і яе трэба было дагледзець.
Мала таго, дзялянку буракоў кожнай даярцы, як і паляводам, выдзялялі. Бяжыш і туды, каб прапалоць, бо зарастуць. Малыя дзеці, няма куды іх падзець. На плечы — і з сабою ў поле. А падраслі — і іх на дзялку. І на ферму малыя прыбягалі, даіць дапамагалі. Сын Сцяпан так і навучыўся кароў даіць. І цяпер не забыў.
Сцяпан Паўлавіч, муж Еўдакіі Іванаўны, не радавым калгаснікам быў. Доўгі час ферму ўзначальваў. Хоць толькі 8 класаў адукацыі меў, але са сваімі службовымі абавязкамі спраўляўся добра. Разбіраўся ва ўсім. Адказным быў, перажываў за грамадскае, як за сваё. Адукаваныя, з дыпломамі спецыялісты прыедуць у гаспадарку, не паспеюць увайсці ў курс спраў, а ўжо ўцякаць збіраюцца. А Сцяпан да выхаду на пенсію на варце грамадскіх інтарэсаў прастаяў, бо любіў сваю работу. І ў адносінах да падначаленых някепскім быў.
Па крупінках убіралі ў сябе ўсе лепшыя бацькоўскія якасці і іх дзеці. Ні тады, ні цяпер ніхто слова дрэннага не мог і не можа пра іх сказаць. Дачка выйшла замуж за ваеннага, сама закончыла службу ў органах унутраных спраў у званні афіцэра. Сын Сцяпан застаўся дома, у Лукаве. У сельгаскааператыве ўвесь час працуе. На добрым рахунку і ў кіраўніцтва яго, і ў аднавяскоўцаў.
Так, гэта ён некалі прывёз у Лукава ўкраінку Ніну. Як сустрэлі яе ў бацькоўскай хаце? Як родную.
— З першай сустрэчы мне свякроў здалася вельмі ветлівым і гасцінным чалавекам. Складвалася ўражанне, што мы ведаем адна адну шмат гадоў, — успамінае Ніна Васільеўна. – На наступны дзень я ад’язджала на радзіму, ва Украіну, дык яна да аўтобуснага прыпынку мяне праводзіла і не пайшла да таго часу, пакуль я не села ў аўтобус і не паехала.
Калі Сцяпан і Ніна пажаніліся, нікуды з хаты бацькоўскай не пайшлі. Жылі ўсе разам больш чым 10 гадоў. І нават калі пабудавалі пры дапамозе бацькоў свой уласны дом, перасяляцца не спяшаліся.
— Вясною наш дом быў ужо дабудаваны, мы ра­зам з 2-гадовым сынам Юрам пераехалі туды, але пераначавалі і пайшлі назад да свекрыві. Пасля цёплага ўтульнага абжытага сямейнага гнязда наш дом здаваўся халодным і пустым. Кожнаму з нас не хапала клапатлівай і шчырай маці і бабулі.
Быць чалавечнай і ўсяму таму, што ўмее, Еўдакія Іванаўна навучылася і ў бабулі, і ў людзей.
— Я не глядзела на тых, хто лянуецца працаваць, хто нічога не ўмее, каму абы дзень да вечара. Я вучылася жыць у мудрых, добрых, шчырых, чулых людзей, якіх нямала было побач са мною, — прызнавалася Еўдакія Іванаўна.
А ўмее яна не толькі пячы смачныя пірагі, булкі, гатаваць апетытныя стравы, чысцютка мыць бялізну, палоць да апошняй травінкі агарод, касіць, капаць. Яна ахвотна дапаможа ў складанай сітуацыі. І любому.
— Дачка наша вучылася ў інстытуце, а малое дзіця не было куды дзець, — расказвае Ніна Васільеўна. – Мы са свекрывёю па чарзе ў Брэст кожны дзень ездзілі, каб быць з Кірылкам, пакуль дачка з вучобы прыйдзе. А неяк свякроў і кажа: “А чаго мы будзем туды-сюды штодня матацца? Давайце я Кірылку да сябе забяру і буду глядзець”. Так мы і зрабілі. Да паўгода яна Кірылку даглядала. І таксама, як і сваіх дзяцей, унукаў старалася не абдзяліць ні любоўю, ні клопатам, ні ўвагай.
— Бабуля мая мне некалі маму замяніла, а мне хочацца цяпер сваім унукам быць карыснай, — гаворыць Еўдакія Іванаўна.
Бацькоўскі дом і дом сына – не побач. Але Ніна Васільеўна штодня, калі ідзе на работу, абавязкова забягае хоць на хвілінку да свекрыві.
— Праведаю, пераканаюся, што ў іх усё добра, і цэлы дзень спакойная.
…Мы сядзім ва ўтульным, чыстым пакоі вясковай хаты, гутарым. Еўдакія Іванаўна толькі што прыйшла з агарода, палола градкі. У свае 80 з лішнім гадоў яна не адмаўляецца ад іх, нягле­дзячы на тое, што падводзіць здароўе, муж цяжка хворы, за якім трэба пастаянны догляд. Не пакідае яго без увагі. Пяцьдзясят дзевяць жа гадоў, як яны разам.
Жанчына зноў і зноў расказвае пра дзяцей, унукаў, праўнукаў. У ліку гэтых блізкіх ёй людзей — зяць і нявестка. Бо любіць іх не менш, чым родных.
На хвілінку забегла Ніна Васільеўна, другі раз на дзень. Пацікавілася самаадчуваннем маці, бо з ранку той нездаровілася. І, упэўніўшыся, што ўсё добра, зноў пайшла на работу. А я лішні раз пераканалася, што Ніна Васільеўна перажывае за свякроў, як за родную маці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Лукава.
НА ЗДЫМКУ: Еўдакія Іванаўна СТАСЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.07.2015 г.

Добавить комментарий


подробно

read here progressive.ua

www.adulttorrent.org/details/chaturbate_magicbodymark
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!