Моцная духам

…Сям’я Голуб чакала першынца. Дзевятнаццаці­гадовая Вольга ўся была ў прадчуванні шчасця мацярынства. І вось прыйшоў ён, той дзень, калі дзіця павінна было з’явіцца на свет. Але ў час родаў раптам нешта пайшло не так. Нованароджаны хлопчык атрымаў траўму і цэлы тыдзень знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. У Юр’еў дзень ён упершыню дыхнуў самастойна, без апаратаў, таму і далі бацькі сыну імя Юрый. Праўда, тады маладая мама зусім не ўяўляла, якімі могуць быць вынікі асфіксіі, што здарылася пры родах. Але нават калі б і ўяўляла, як упэўнена Вольга, усё роўна ніколі б не адмовілася ад сына, якой бы цяжкай ні малявалі ёй будучыню.
Першыя месяцы ў развіц­ці маленькага Юры маладая мама нічога незвычайнага не заўважала. Ды і ўрачы маўчалі. Першай забіла трывогу бабуля – маці Вольгі. У бальніцы, агледзеўшы хлопчыка, сказалі, што няма ніякіх асаблівых падстаў для хвалявання. Але ішоў час, і праблемы станавіліся ўсё больш відавочныя. А потым як жорсткі прыгавор прагучалі словы ўрача абласной дзіцячай кансультацыі: “У вашага сына цяжкая хвароба, хутчэй за ўсё ён увогуле не будзе хадзіць”. Надзея, як гавораць, памірае апошняй, таму бацькі не здаваліся. Шэсць гадоў яны ездзілі з сынам у медыцынскі цэнтр “Тонус”. Але асобых станоўчых вынікаў гэта не дало. Былі яшчэ спадзяванні на аперацыю, але і іх развеялі ўрачы, растлумачыўшы, што з такім дыягназам, як дзіцячы цэрэбральны параліч самай складанай ступені, аперацыя бяссэнсавая. Бацькам заставалася сабраць усе свае сілы ў кулак і цярпліва несці свой крыж.
Як заўважала польская пісьменніца Эліза Ажэшка, ні адзін чалавек сілы сваёй не ведае, пакуль яна не спатрэбіцца. Вось і Вольга не думала, што, акружыўшы цяплом і клопатам свайго сына Юрыя, які не мог ні рухацца, ні размаўляць, і якому кожную хвіліну патрэбна была ўвага, адважыцца стаць мнагадзетнай мамай — народзіць яшчэ дваіх сыноў, а потым, калі яны падрастуць, пойдзе працаваць туды, дзе вельмі карысным будзе яе вопыт, — памочнікам выхавальніка ў спецыяльную групу для дзетак з цяжкімі адхіленнямі ў псіхафізічным развіцці.
Жыццё нельга перапісаць, як заданне ў школьным сшытку. А таму Вольга ніколі не наракала на лёс. Як слабая па сваёй прыродзе жанчына, яна рада, што побач з ёй ва ўсіх цяжкасцях і нягодах заўжды быў яе муж Віктар, адзіны чалавек, на якога яна сапраўды цалкам магла і можа паспадзявацца. А як моцная духам маці, яна шчаслівая, што перамагла страх і яшчэ неаднойчы адчула шчасце мацярынства.
Адважыцца на такі крок, як нараджэнне другога дзіцяці, бацькам было няпроста. Хоць разумелі яны, што праблемы са здароўем Юры былі звязаны не з генетыкай, а з ускладненнямі пры родах, думкі не давалі спакою. З аблягчэннем уздыхнула Вольга толькі тады, калі пачула, што яе сын нарадзіўся здаровым. А яшчэ праз тры гады Вольга стала тройчы мамай. Вялікая сям’я – вялікія клопаты. Але Вольгу гэта не пужала. Яна радавалася, што разам з меншымі дзецьмі, Артурам і Сашам, і Юра адчуваў сябе інакш. У яго з’явілася цікавасць да цацак, ён навучыўся гля­дзець мультфільмы. Адным словам, ажываў.
Прывычны рытм жыцця сям’і змяніўся, калі Вользе прапанавалі работу памочніка выхавальніка ў Цэнтры карэкцыйна-раз­віццёвага навучання, дзе тры гады назад адкрылася спецыяльная група для дзетак з цяжкімі адхіленнямі ў развіцці. Для новай групы яна была знаходкай, бо са свайго жыццёвага вопыту добра ведала, як знайсці падыход да “асаблівага” дзіцяці, магла падказаць, дапамагчы, растлумачыць.
— На час адкрыцця групы Вольга Пятроўна была ў нас, можна сказаць, ключавой фігурай. Ні ў каго, акрамя яе, не было навыкаў работы з такімі дзецьмі. А таму і выхавальнікі, і ўвогуле ўсе мы прыслухоўваліся да яе парад, — успамінае дырэктар Цэнтра Людміла Лукавец.
Але не толькі спачатку ў групе не маглі абысціся без Вольгі. Без яе тут і сёння як без рук. Работа з “асаблівымі” дзецьмі няпростая. Памочнік выхавальніка і выхавальнік у адной звязцы і ў час заняткаў, і за абедам, калі трэба накарміць дзяцей, і на прагулцы. І так з ранку да вечара. А пасля работы Вольга спяшаецца дамоў, дзе чакае яе ўся сям’я і, вядома ж, Юра, якога ніхто так не разумее, як мама. І хоць у канцы дня маральныя і фізічныя сілы, прызнаецца Вольга, ужо на зыходзе, зранку і сям’я, і калегі зноў бачаць на яе вуснах прывычную, крыху загадкавую і заўжды шчырую ўсмешку. І яе пазітыў перадаецца іншым.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Голуб.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.07.2015 г.

Добавить комментарий


Детские коврики у нас
также читайте на сайте www.profvest.com

www.pillsbank.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!