Вышыванка… ад Антона

Антон Талашка – маларытчанін. Ён выпускнік СШ №1 райцэнтра. Нядаўна юнак атрымаў дыплом інжынера-энергетыка, закон­чыўшы энергетычны факультэт Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Паўла Сухога. На першае месца працы Антон размеркаваны ў г.Гомель. Каб не сядзець без справы, юнак у вольны час цяпер вышывае крыжыкам на швейнай машынцы.
— Пачаў вышываць нядаўна, — гаворыць мой субяседнік. – Мая мама, Алена Аляксандраўна, выдатна шые на машынцы. Не раз захапляўся яе віртуознасцю. Жадання самому сесці і нешта пашыць не ўзнікала. Лічыў, што гэта зусім не мужчынскі занятак. Бавячы час у інтэрнэт-прасторы, выпадкова трапіў на сайт, які быў прысвечаны вышыўцы на машынцы. Там мужчыны з веданнем справы расказвалі пра сваё захапленне і паказвалі гатовыя работы. Мне захацелася зрабіць прыемны і нечаканы падарунак для сваёй мамы. Адразу ж узяўся за ажыццяўленне задуманага.
Антону ўнікнуць у сутнасць справы было не так і цяжка. Быццам бы ўсё стала адразу атрымлівацца само па сабе. Пра захапленне сына даведалася і Алена Аляксандраўна, маці. Яна пярэчыць і перашкаджаць не стала. Наадварот, стала падказваць, дапамагаць, раіць.
— Цяпер я сябе магу, напэўна, лічыць спецыя­лістам, — усміхаецца Антон. – На 60 футболках ужо вышыты ўзоры. Але яны не паўтараюцца, не аднолькавыя, а зусім розныя. Кожная вышытая футболка – штучны тавар, эксклюзіўны. Спачатку былі проста нейкія ўзоры, затым – больш складаныя. Цяпер жа я пераключыўся на Маларыцкі строй адзення. Ён захапляе сваёй самабытнасцю, непаўторнасцю. Мы звыкла ацэньваем тканыя і вышытыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, асаблівасці арнаменту, гармоніі каларыту. Але народная вышыўка і ткацтва – гэта яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор — то сімвал. Цікава ж даведацца, пра што расказваюць яны. У гэтым мне дапамагае спецыяльная літаратура. Хлопец ці дзяўчына ў вышытай у народным стылі футболцы выглядае вельмі эфектна, стыльна… Адным словам, прыгожа. Акрамя таго, я заўважыў, што ў сучаснай моладзі ёсць пэўная патрэба ў нацыянальнай сімволіцы, цяга да роднага. Адзенне ў народным стылі становіцца модным, запатрабаваным.
— Антон, раскажы, калі ласка, пра “вытворчы працэс”.
— Калі вельмі коратка, то спачатку выбіраю ўзор, затым арнамент (малюнак) пераношу ў камп’ютар. Сам жа працэс вышывання адной футболкі ў мяне займае недзе 3 гадзіны… Неабходныя кансультацыі мне дае і Валянціна Струнец, дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці.
У Антона Талашкі падрыхтавана ўжо (у камп’ютарным варыянце) 26 арнаментаў мужчынскіх і 14 – жаночых, а таксама яшчэ 50 адвольных узораў. Усё гэта можна ў любы момант запусціць у вытворчасць. Цяпер юнак пераводзіць у камп’ютар узоры Маларыцкага строю адзення. Між іншым, 5 мужчынскіх на сённяшні дзень ужо гатовы.
Работы маларытчаніна можна было нядаўна ўбачыць на фестывалі “Гонару продкаў — 2015” (г. Вілейка), на кірмашы “Свет кніг” у памяшканні выставачнага цэнтра “БелЭкспа” (г. Мінск).
— Антон, у жніўні ты вый­дзеш на работу. Ці будзеш працягваць вышываць крыжыкам на машынцы?
— Не ведаю. Гэта пакуль маё захапленне. Як будзе далей — час пакажа.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Антон Талашка ў вышытай футболцы з арнаментам Маларыцкага строю адзення.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.07.2015 г.

Вышыванка… ад Антона: 1 комментарий

  • 14.07.2015 в 10:17 дп
    Permalink

    Прыгожа! Завiдна! Файна!

Добавить комментарий


http://designedby3d.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!