“А я цябе чакаю…”

Той, хто, не ведаючы ўсіх “падводных рыфаў” прафесіі сацыяльнага работніка, наіўна лічыць, што гэтай справай можа займацца кожны, толькі было б жаданне, вельмі памыляецца. У тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ведаюць нямала такіх прыкладаў, калі прыходзіў новы работнік, працаваў тыдзень-два і прызнаваўся, што больш не вытрымлівае. І не таму, што нагрузка вялікая, што работу даводзіцца выконваць складаную. Проста не ўмее чалавек быць цярплівым слухачом і тактоўным суразмоўцам. А без гэтага ў рабоце з адзінокімі састарэлымі людзьмі, што добра ведае Галіна Іванаўна Пацяюк, якая ў сацыяльнай службе працуе ўжо 17 гадоў, не абысціся. У сацыяльнага работніка свой графік, у якім запісана, колькі часу ён павінен праводзіць каля сваіх падапечных і якую непасрэдна работу выконваць. Але ні для каго не сакрэт, што працаваць даводзіцца так, як падказвае сумленне, быць шчырым і шчодрым душою, не прытрымлівацца вызначанага часу: і ўвечары патэлефанаваць, каб даведацца, ці ўсё ў падапечнага добра, і ў свой выхадны прыехаць да нямоглага чалавека, і затрымацца надоўга, каб па пятаму разу выслухаць адну і тую ж доўгую гісторыю жыцця.
Сваіх падапечных, а ў вёсцы Ляхаўцы Галіна Пацяюк абслугоўвае шэсць пажылых жанчын, сацыяльны работнік шчыра шкадуе. У кожнай яе бабулькі свой няпросты лёс, свая жыццёвая трагедыя. Адна нядаўна пахавала мужа і вельмі пакутуе ад адзіноты ў доме, другая жыве на хутары, а таму суразмоўца для яе – вялікая радасць, у трэцяй дзеці рэдка могуць прыехаць з Украіны, а таму сацыяльны работнік для яе, як дачка, што паблізу. Усім хочацца душэўнай цеплыні і хоць некалькі хвілін увагі. І ёю яны не абдзеленыя. Праўда, уменне выслухаць, нягледзячы на тое, што наперадзе візіты яшчэ да некалькіх падапечных, ды і сваіх спраў нямала, бо ёсць сям’я, падсобная гаспадарка, упэўнена Галіна Іванаўна, прыходзіць з часам. Як і ўменне набірацца ад сваіх падапечных жыццёвай мудрасці, прыслухоўвацца да каштоўных, назапашаных доўгім жыццём парад.
Дамаўляючыся з Галінай Пацяюк аб сустрэчы, мы не ведалі, дзе канкрэтна яна адбудзецца. За дзень сацыяльнаму работніку трэба пабываць у траіх падапечных. Прывезці ў кожны дом прадукты, лекі, змераць артэрыяльны ціск, дапамагчы ў хатніх справах, а калі трэба, выканаць платныя паслугі – памыць бялізну, згатаваць ежу. Дзе ж тут будзеш сядзець і чакаць гасцей, калі ведаеш, што цябе ў акенца даўно ўжо выглядаюць. Таму і адправілася Галіна Іванаўна зранку па даўно знаёмым маршруце. Знайшлі мы сацыяльнага работніка ў доме яе падапечнай Ганны Сцяпанаўны Чагайды.
— Як рада я, што ёсць такая важная служба, — даведаўшыся, што да яе памочніцы Галіны прыехалі карэспандэнты, пачала дзякаваць пажылая жанчына. — Што я, інвалід, рабіла б сама. Яна ж і просьбу любую выканае, і здароўем пацікавіцца, і дакументы, якія трэба, аформіць, а часам, калі нешта забуду, дык і двойчы ў магазін з’ездзіць. У дзяцей толькі ў выхадныя дні атрымліваецца прыехаць. А яна заўжды побач. Толькі пакліч, не затрымаецца, хутка прыедзе.
— Калі забаўлюся недзе, толькі дзверы адчыняю, а мае бабулькі ўжо пытаюцца: што здарылася такое, чаму спазнілася? Хвалююцца за мяне. А я за іх. Асабліва зімою, калі ў печах паліцца. Званю, пытаюся, ці ўсё добра, – расказвае Галіна Іванаўна.
У сацыяльную службу Галіна Пацяюк трапіла, можна сказаць, выпадкова, калі засталася без работы. Але ў сваёй прафесіі яна чалавек зусім не выпадковы, бо добра ведае, на што ў доме трэба звярнуць увагу, умее не пакрыўдзіць пажылога чалавека, падтрымаць, з аптымізмам падбадзёрыць, быць разам памочнікам і сястрой міласэрнасці.
Ляхаўцы – вёска немаленькая. А таму і сацыяльны работнік тут не адзін, а цэлых пяць. Калегі, кожны з якіх са сваім багатым вопытам, цесна супрацоўнічаюць. Для сваіх падапечных святы разам ладзяць, гародніну нарыхтоўваюць, сапраўднай будаўнічай брыгадай невялікі рамонт у дамах, калі трэба, робяць. І, безумоўна, раяцца, вучаць адзін аднаго. Бо сітуацыі ў сацыяльнай рабоце бываюць самыя розныя, нярэдка складаныя.
…Развітваемся з Галінай Іванаўнай. Хоць справы ўжо зроблены, яна застаецца, каб яшчэ на некалькі хвілін забавіць душэўнай размовай сваю падапечную. А потым зноў сядзе на веласіпед, у кошыку якога яшчэ адзін пакет з прадуктамі, хутка дамчыць на другі бок вёскі, адчыніць дзверы, падорыць адзінокаму чалавеку сваю шчырую ўсмешку і пачуе знаёмае і такое шчымліва прыемнае: “А я цябе чакаю…”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Галіна Пацяюк пачынае сустрэчу з падапечнымі з размовы пра здароўе.
Фота  Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.08.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий