МУРМАНСК — НОВАЕ РАМАТОВА

Па такому маршруту, а паездка на цягніку займае трое сутак, імчаць штогод карэнныя жыхары Поўначы, — сям’я Любові Уладзіміраўны Белік.

Чаму менавіта ў Новае Раматова? 3 гады таму назад у гэтай вёсцы ўраджэнцы Мурманска купілі невялікі драўляны домік. А загарэліся жаданнем прыехаць у беларускую вёску крыху раней, калі пабывалі ў гасцях у знаёмых у Кобрыне.
— Дачка мая прыехала з такімі добрымі ўражаннямі, з такім запалам, адразу дала заданне свайму мужу прыгледзець дзе-небудзь у Беларусі домік, — расказвае Любоў Белік. — Між іншым, давялося аб’ехаць нямала населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Нехта падказаў пабываць у Новым Раматове. Вось тут мы і “аселі”.
І вось ужо чацвёрты год запар Любоў Уладзіміраўна разам са сваёй дачкой і яе сям’ёй прыязджае на Маларытчыну на адпачынак. Пакуль на адпачынак, хаця, прызнавалася Люба, ёсць жаданне назаўсёды пакінуць родны Мурманск і жыць тут.
— Мяне пакуль толькі адно спыняе: я яшчэ працую, хаця на пенсіі. Але думаю, што абавязкова прыеду сюды назаўсёды. Мне тут вельмі і вельмі падабаецца, адчуваю сябе, як дома. І стан здароўя палепшыўся. У Мурманску ўвесь час на таблетках “сядзела”. Тут жа пра іх забыла, настолькі спрыяльны для мяне клімат. Клімат — гэта адно. Вашымі людзьмі я захапляюся, іх чуласцю, добразычлівасцю, выхаванасцю. Вось і тут у вёсцы ні ад каго не чула дрэннага слова. Усе ветлівыя, усе заўсёды павітаюцца, хаця нас жа добра і не ведаюць. Да каго б ні зайшоў, прымаюць, як сваіх.
Дарэчы, калі б не ведаў, што Люба Белік і яе сям’я — прыезджыя, ніколі не сказаў бы, што яны не тутэйшыя. Хіба што выдала б чыста руская гаворка. Яны хутка прызвычаіліся да тутэйшага ўкладу жыцця. І нават стыль новараматоўцаў улавілі і яго перанялі. Скажам, і ў двары мурманчан цяпер так прыгожа і ўтульна, як і ў большасці новараматоўцаў. І яны садзяць агарод (Люба спецыяльна прыязджае ранняй вясной), каб мець усё сваё. Сёлета добра ўрадзілі і агуркі, і таматы, і бульба. І яблыкаў шмат у садзе, груш. Новая гаспадыня дома сама прыдумала і зрабіла спецыяльнае прыстасаванне, дзе сушыць садавіну. Ніколькі не збянтэжыў яе і той факт, што прадукты харчавання давя­дзецца купляць не ў стацыянарнай гандлёвай кропцы, а ў аўтамагазіне, які рэгулярна ў вызначаныя дні прыязджае ў вёску.
— Мы на такое нават увагі не звяртаем. Тым больш, што сама вёска размешчана ў вельмі зручным геаграфічным месцы: хочаш паехаць у Брэст, калі ласка, цягнік ходзіць, і да паўстанку недалёка. Хочаш у Маларыту—таксама,-гаворыць Любоў Уладзіміраўна.
Цывілізаваныя ж бытавыя ўмовы новыя жыхары стварылі для сябе самі. У хаце ёсць гарачая і халодная вада, душ, усё астатняе.

А яшчэ паказалі вяскоўцам, што яны любяць прыгажосць і ўмеюць ствараць яе сваімі рукамі. На прысядзібным участку цяпер, нібы ў казачным царстве. Чаго і каго тут толькі няма! І гномікі, і чарапашкі, і шматлікія іншыя казачныя героі. Ну проста глядзі і ўспамінай, які герой з якой казкі. А першым Любоў Уладзіміраўна зрабіла сімвала Беларусі — бусла.
— Мне так захацелася,-прызна­ецца яна, — у знак любові да вашай краіны. Вельмі люблю Беларусь. Захапляюся ёю. Калі мы ўпершыню ступілі на вашу зямлю, мне мову заняло ад таго, што тут убачыла: які ў вас парадак навокал! Малайцы!

На стварэнне казачнага царства Любові Уладзіміраўне не спатрэбілася затрачваць матэрыяльныя сродкі. Яна рабіла ўсё з непрыдатнага ці кінутага матэрыялу.
— Калі зайшла ў хлеў і ўбачыла там пні ад дрэў, у мяне вочы разбегліся, — прызнаецца Любоў Уладзіміраўна. “Вось дык так!”-падумала тады пра сябе. І адразу ўявіла, якой цудоўнай з найбольшага пня атрымаецца жаба, калі крыху пафантазіраваць. Зрэшты, у жанчыны, як мы пераканаліся, вельмі багатая фантазія. І прыроджаны талент мастака. Бо ўсё, што ёсць на прысядзібным участку, мог стварыць толькі чалавек вельмі творчы, адораны.
Убачыўшы сапраўдны цуд, што стварылі залатыя рукі новай гаспадыні на прысядзібным участку, зразумела, чаму яе, пенсіянерку, не адпускаюць з работы (Люба Белік працуе мастаком-афарміцелем у дзіцячым садку). Без такіх, як яна, дзецям у дашкольнай навучальнай установе будзе нецікава.
…Прыехаў з прагулкі старэйшы ўнук Любові Уладзіміраўны, Арцём. Прыгожы, загарэлы. Павітаўся. Яму ў вёсцы таксама падабаецца: прастор усюды і раздолле, паветра свежае і вада вельмі смачная з мясцовых калодзежаў. Трэба толькі папрасіць, і кожны дазволіць напіцца. А Арцём, як удакладнілі вяскоўцы, ніколі без дазволу не падыдзе сам да кало­дзежа. І абавязкова падзякуе, што не адмовілі. І ў той жа час Арцём прызнаўся нам, што ўжо засумаваў па Мурманску, дакладней, па сваіх сябрах, якіх у яго ў горадзе вельмі шмат.
Неахвотна ішла з намі на кантакт толькі 4-гадовая малодшая ўнучка Любові Уладзіміраўны, Дашачка. Яно і зразумела: незнаёмыя ёй людзі, хаця, удакладніла бабуля, яна дзяўчынка гаварлівая.
— У кожным доме, куды б ні зайшла, у Дашы — сябры, — заўважае Любоў Уладзіміраўна.

Ну а дачку Любові Белік, Кацярыну, нам самім не хацелася адрываць ад хатніх спраў: яна займалася нарыхтоўкамі на зіму, якіх зрабіла шмат з прадукцыі, вырашчанай на прысядзібным участку.
Усё гэта яны павязуць за сотні кіла­метраў, у Мурманск. А зімою, калі будуць спажываць марынаваныя і салёныя агуркі, таматы, яблыкі і грушы, вырашчаныя на беларускай зямлі, напэўна, зноў і зноў будуць успамінаць нашу краіну, невялікую вёсачку Новае Раматова, яе дабрадушных і працавітых людзей, якія кожны год прымаюць іх, як сваіх. Будуць успамінаць цяпер ужо свой домік, у якім было ўтульна і спакойна. І зноў планаваць сустрэчу з любімай Беларуссю, дзе не шкадуюць цяпла для кожнага, хто да нас едзе з добрым намерам.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: у казачным царстве, створаным умелымі рукамі мурманчанкі Любові Уладзіміраўны Белік.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.08.2015 г.

Добавить комментарий


http://xn----7sbajornvhu8c.com.ua

система полива для газона
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!