Паспыталі сапраўднае паходнае жыццё

Непаўторны пах дыму ад вогнішча, зорнае неба, душэўнае сола гітарных струн, стома ад кіламетраў пройдзеных дарог, пяшчотны праменьчык сонца, які будзіць на досвітку… Рамантыка паходаў. Бацькі і дзяды сённяшніх школьнікаў могуць расказваць пра яе гадзінамі. У іх юнацтве, неабцяжараным ноутбукамі, айфонамі, камп’ютарнымі гульнямі, што “паглынаюць” амаль увесь вольны час сучаснай моладзі, падарожжы па навакольных мясцінах з рукзаком за плячыма былі прывычнымі. Сёння ж энтузіястаў, якія згодны на некалькі дзён адмовіцца ад утульнага ложка, прывычнай хатняй атмасферы і камфорту, сярод маладых людзей знаходзіцца не шмат. І ўсё ж метадыст Маларыцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Вячаслаў Зезюкоў задумаў адшукаць іх. Сярод тых, хто згадзіўся адправіцца ў пешы турыстычны паход па месцах баявой славы ў Олтушскім і Гвозніцкім сельсаветах, а прысвяціць гэты паход вырашылі Дню вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі сённяшнія вучні Олтушскай СШ і яе выпускнікі. Але, каб пашырыць кола юных падарожнікаў, арганізатары паходу паведамілі аб сваіх планах у сацыяльных сетках. Доўга чакаць тых, хто адгукнецца на заклік, не давялося. Адразу на сувязь выйшлі юнакі і дзяўчаты з Маларыты. Браць дзяўчынак у пяцідзённае пешае падарожжа, калі трэба ў дзень пераадольваць каля 20 кіламетраў, ісці па лясных сцежках ды яшчэ трымаць на плячах шматкілаграмовы рукзак, арганізатары паходу не планавалі. Але падумалі, абмеркавалі і вырашылі, большай кампаніяй падарожжа будзе яшчэ цікавейшым.
Стартам турыстычнага паходу была вёска Олтуш. Менавіта адсюль група з 9 юнакоў і дзяўчат разам з кіраўніком Вячаславам Зезюковым і яго памочнікам Аляксандрам Галенчуком узяла накірунак на вёску Навалессе. Першыя 20 кіламетраў да кропкі прыпынку, які назначылі турысты, распрацоўваючы маршрут, каманда пераадолела без асаблівых цяжкасцей. І ўсё ж, калі паказаўся навалескі хутар Мутвіца, усе ўздыхнулі з палёгкай. Месца для турыстычнага лагера доўга шукаць не давялося. Мясцовыя жыхары Марыя Рыгораўна і Аляксандр Іванавіч Касьянікі, пабачыўшы юных турыстаў, запрасілі іх размясціцца ў сваім двары. Першая паходная ноч, якая і без таго запомнілася б усім, дала ведаць аб сабе яшчэ громам і маланкаю. Але выпрабаванне навальніцай юныя турысты перанеслі дастойна і нават не згадзіліся пакінуць палаткі і схавацца ў доме. Калі ўжо захацелі ў пахо­дзе аб’яднацца з прыродай, вырашылі яны, дык трэба мірыцца з усімі нягодамі, паспытаць сапраўднае паходнае жыццё.
Ранак у паходзе – час асаблівы. Сонца турыста будзіць рана. Ды і пабачыць школьнікам хацелася многае. Ля помніка расстраляным мірным жыхарам у вёсцы Навалессе вандроўнікаў чакала сустрэча з Міхаілам Пятровічам Касьянікам, сведкам жудасных падзей знішчэння мірных жыхароў вёскі. Было Міхаілу Пятровічу тады 12 гадоў. На вачах хлопчыка карнікі забівалі дзяцей і дарослых. Яго расказ уразіў і прымусіў школьнікаў яшчэ раз задумацца аб тым, як гэта добра жыць у міры і спакоі. Працягам знаёмства з ваеннай гісторыяй было наведанне школьнага музея ў вёсцы Ра­дзеж. З гэтай вёскі дарога прывяла падарожнікаў у Ацяты. Школьнікі прайшлі па партызанскіх сцежках, наведалі помнікі і яшчэ завіталі ў госці да вельмі цікавага чалавека – майстрыхі Алены Тыцык. У доме Алены Георгіеўны гісторыя мінулага адкрылася ім з іншага боку. Моладзь пазнаёмілася з рамёствамі, якія адышлі далёка ў мінулае. З захапленнем і юнакі, і дзяўчаты разглядалі вышытыя ўзоры на ручніках, тканыя рэчы. І гэтае знаёмства было своеасаблівай машынай часу, якая аднесла сённяшніх школьнікаў больш чым на паўстагоддзя назад.
Другую ноч правялі турысты ў палатачным лагеры ля вёскі Ацяты, а ранкам, прытрымліваючыся карты мясцовасці, накіраваліся ў Багуслаўку. На пачатку шляху юныя турысты, якім кіраўнік паходу даў поўную самастойнасць у рабоце з картай, і не здагадваліся, што на ёй могуць быць недакладнасці. Але лішнія некалькі кіламетраў не маглі сапсаваць настрой, тым больш, што ісці па лесе было прыемна. Вячаслаў Мікалаевіч знаёміў сваіх спадарожнікаў з цікавымі відамі дрэў і раслін, турысты маглі пачаставацца ляснымі дарамі – ягадамі. І ўсё ж стомленасць дала ведаць аб сабе, калі ўдалечыні паказалася вёска. Група вандроўнікаў спынілася ля першага вясковага дома. На лаўцы ля яго адпачывала мясцовая жыхарка Пелагея Міхайлаўна Сіжук. Яна гасцінна пачала частаваць нечаканых гасцей яблыкамі. Завязалася размова. І якім было здзіўленне дзяўчат-турыстак, калі яны даведаліся, што гэта бабуля іх сяброўкі, да якой з Маларыты ў Багуслаўку дайшлі яны пешшу. Турыстам было цікава даведацца пра гісторыю вёскі, жыццё яе людзей. Але затрымлівацца надоўга яны не маглі, бо іх яшчэ чакала дарога ў вёскі Гвозніца, Брадзяцін, Арлянка, Язвін, Збураж. Заняла гэтая дарога не адзін дзень і падарыла вандроўнікам знаёмства з вельмі шчырымі і адкрытымі людзьмі – сям’ёй Чабанюкоў у вёсцы Гвозніца і Трэбікаў у вёсцы Язвін. Усе сустрэчы турыстаў з вяскоўцамі былі карыснымі і незабыўнымі.
— Мы пераканаліся, што ў вёсках жывуць людзі вельмі добрыя, чулыя. Нас, зусім незнаёмых людзей, вяскоўцы запрашалі ў дом, частавалі ягадамі, садавінай, давалі бульбу, дровы, прапаноўвалі памыцца ў ванне, адпачыць. У дамах вяскоўцаў не зачынены дзверы, адчувалася, што тут заўжды рады гасцям. У горадзе ўсё крыху інакш, бо кожны жыве, можна сказаць, паасобку. І гэта кідаецца ў вочы, — дзяліліся ўражаннямі ўдзельніцы турыстычнага паходу маларытчанкі Лізавета Лукавец і Дар’я Алесік.
Яшчэ дзяўчынак уразіла прыгажосць прыроды, паходныя звычаі і традыцыі, з якімі знаёміліся дзякуючы бывалым турыстам. Адно тое, што звычайны суп, макароны ці пельмені, якія куплялі ў вясковых магазінах і варылі на кастры, здаваліся неймаверна смачнымі, ужо было дзіўным. Але самы галоўны ўрок, які засвоілі юныя турысткі, што менавіта ў паходзе, калі разам пераадольваюцца розныя цяжкасці, калі ты адказваеш не толькі за сябе, але і за іншага, калі трэба мабілізаваць усе сілы і падпарадкаваць эмоцыі агульным інтарэсам, і нараджаецца сапраўдная дружба.
На памяць аб сотні кіла­метраў дарог, якія прайшлі разам у час паходу, у яго ўдзельнікаў засталося шмат фотаздымкаў. Кадры, на якіх зафіксаваны цудоўныя імгненні, яны з гонарам паказваюць сваім сябрам і аднакласнікам. І ўжо цяпер, як прызнаюцца, мараць аб новым падарожжы па Маларытчыне.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: моманты паходнага жыцця.
Фота ўдзельнікаў паходу Аляксандра Галенчука і Антона Амелянчука.

Опубликовано в «ГЧ» 12.08.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.