КАЛЕЙДОСКОП «ДОЖИНОК»

“Кірмашовы россып”

“Панаехала гасцей з іншаземных абласцей” – спяваецца ў песні вядомай беларускай групы. На два дні гэтая песня стала для нас вельмі актуальнай, бо ў Маларыце адзначаўся абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”, прапусціць якое было б вялікай памылкай. Ад старога да малога – усе адправіліся ў цэнтр горада,  адчуваючы наперад, што іх чакаюць  цікавая святочная праграма, незабыўныя масавыя гулянні і, вядома ж, знаёмства з народнымі ўмельцамі,  якія падрыхтавалі шмат прыгожых і карысных вырабаў на выстаўку-продаж “Кірмашовы россып”. Думаю, кожны, хто не абмінуў чароўнае асарці рукатворных шэдэўраў, быў прыемна здзіўлены. Бо гэта ж не ў краму з сувенірамі зайсці. Тут кожная рэч, зробленая з вялікай пяшчотай рукамі таленавітых людзей, захапляла і ўражвала.

Многія майстры прыехалі на кірмаш не толькі паказаць свае работы, але і прадэманстраваць умельства. На вачах у гледачоў з саломы вырасталі кветкі, з нітак – паясы і ручнікі. І гэта не цуд, а проста спрытнасць рук. Сэрца замірала ад убачанай прыгажосці: усе колеры вясёлкі спляталіся ў ручніках і карцінах. Самабытныя ўзоры вярталі нас на многія-многія гады назад, у часы нашых прадзедаў, знаёмілі з непаўторным беларускім каларытам.
 Усё, што душа пажадае, можна было знайсці на пляцоўках “Горада майстроў”. Сцяпан Якаўлевіч Коцелеў з вёскі Грушка паклікаў усіх паглядзець на карагод вырабленых ім дубовых бочак, а Іван Васільевіч Кардзялюк з Ужова прадэманстраваў сваё ўмельства плесці кошыкі. Інкрустацыя саломкай і карункапляценне па-хаціслаўску прыцягнулі да сябе шмат захопленых позіркаў. Дзівосныя ўзоры на палатне нашай зямлячкі Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк проста зачаравалі сваёй непаўторнасцю, як і дзіўныя ручнікі Валянціны Мікалаеўны Струнец. Прываблівалі каларытам фарбаў вырабы мастацкага роспісу па шклу Дзіны Вітальеўны Астапук, чароўныя лебедзі, зробленыя рукамі маладых інвалідаў з гуртка «Крок насустрач» тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама партрэты знакамітых людзей нашай краіны і непасрэдна Маларытчыны мастака Сяргея Аляксандравіча Бескаравайнага.
Не менш цікавымі, чым у нашых землякоў, аказаліся вырабы майстроў-умельцаў з усёй Брэсцкай вобласці. Галіна Міхайлаўна Сцепанюк з Драгічынскага раёна, якая гэтым летам пабывала на міжнацыянальных фестывалях народнай творчасці ў Парыжы і Любліне, падзялілася сакрэтам пляцення паясоў, расказала іх гісторыю. Яе спрытныя рукі прыцягвалі здзіўленыя позіркі. Чароўныя гукі дудкі Мікалая Іванавіча Яраховіча з Лунінецкага раёна замілавалі слых і адкрылі сэрцы ўсіх, кто паспеў іх пачуць. Пінскі майстар прывёз прыгожыя, выразаныя ажурным узорам рамкі, якіх у магазіне не знойдзеш. Совы і стракозы з пацерак упрыгожвалі экспазіцыі івацэвіцкіх майстроў. Вязаныя сурвэткі і хусткі, пальчаткі з лялькамі на кожным пальцы і народнае адзенне прывезлі госці з Ганцавічаў. Каб у доме шчасце жыло і дастатак быў, “Палескія майстры” з Пінска прыгатавалі прыгожых дамавікоў – захавальнікаў хатняга ачага. Багатай была і калекцыя вырабаў, якую прывезлі ўмельцы з Баранавічаў. Тут і ручнікі, і сувеніры з саломкі, і вырабы з дрэва, скуры. Хоць на вуліцы яшчэ пануе прыгажуня-восень, а майстры з Іванава ўжо упрыгожылі ёлку. Ды  не простымі цацкамі, а саламянымі вырабамі, кожны з якіх вельмі сімвалічны. Напрыклад, парасончыкі шчасця захаваюць гаспадара ад бед, а званочкі адгоняць дрэнны настрой.
“Кому ложки-поварёшки, кому ложки-выпендрёшки, а кому ложки-подарёшки?” – весела пытаў у прахожых майстар з горада Пінска Мікалай Калько. І многія з задавальненнем куплялі палескі сувенір.
Паляцелі песні з нашай святочнай сцэны, панесліся ўдалячынь словы ўдзячнасці хлебаробам, каб у наступным годзе вярнуцца ўжо ў іншы горад на “Дажынкі-2011”. А падарункі для сябе і сваіх блізкіх, набытыя на “Кірмашовым россыпе”, назаўсёды застануцца памяццю аб цудоўным свяце — абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2010” на Маларытчыне.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: у горадзе майстроў.
Фота аўтара.
Выставачны комплекс пад адкрытым небам

Некалькі месяцаў Маларыта жыла дажынкамі. Усё, што адбывалася ў райцэнтры, так ці інакш тычылася гэтага мерапрыемства. У горадзе ўзводзіліся аб’екты сацыяльнай сферы, праводзіліся капітальны і бягучы рамонты, добраўпарадкаванне вуліц, дваровых тэрыторый і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Вельмі многае ўдалося зрабіць да гэтай даты. Усе стараліся, таму горад значна прыхарашыўся, змяніў сваё аблічча.
…11 верасня Маларыта нагадвала вялікі кірмаш. Ён у гараджан і гасцей быў на асаблівым ўліку. З-за яго многія сем’ямі выбіраліся са сваіх кватэр і дамоў у цэнтр. Гандлёвыя рады, якія пачалі сваю працу раней вызначанага часу, размясціліся на вуліцах Савецкая, Леніна, Паркавая і Піянерская. На дзень яны часткова сталі пешаходнымі і гандлёвымі зонамі. Тут можна было ўбачыць і набыць прадукцыю, напэўна, з усіх куточкаў Брэстчыны. Кожны райспажыўсаюз, таварыства і прадпрыемства не толькі нешта прадавала, але і на высокім прафесій­ным узроўні імкнулася аформіць “сваю тэ­рыторыю”, каб заманіць, прывабіць пакупніка да сябе. Цэнтральная частка Маларыты на адзін дзень ператварылася, без перабольшання, у своеасаб­лівы музей ці выставачны комплекс пад адкрытым небам. Прадуманыя да драбязы, з густам аформленыя, усе кампазіцыі заварож­валі. Хацелася прай­сціся ля іх раз, другі, трэці і проста пагля­дзець на зробленыя цуды. Сапраўдныя шэдэўры  стварылі прадстаўнікі з Брэста, Камянца, Бярозы, Кобрына, Пружан… Апетытнай, духмянай, прыгожа аформленай выглядала і ўся багата прадстаўленая прадукцыя на прылаўках, у асноўным – беларускай вытворчасці і высокай якасці. Ад убачанага разбягаліся вочы. Пры жаданні, здавалася, тут можна было купіць усё. Былі б у тым патрэба і тоўсты кашалёк. Між іншым, цэны не кусаліся, амаль усе пакупнікі называлі іх памяркоўнымі. Асаблівым попытам карыстаўся мёд з Белавежскай пушчы, хлебабулачныя і мясныя вырабы. Шырока былі прадстаўлены і прамысловыя тавары, у тым ліку – для дзяцей і забаў. Чэргі стаялі ля палатак-прылаўкаў “Купалінкі”, кніжнага магазіна “Іскра” і абутковага “Чабаток”, “Брэсцкага ЦУМа”, “Дываноў Брэста”. Не былі абдзелены ўвагаю пакупнікоў гандлёвыя кропкі і “Савушкіна прадукта”, “Брэсцкага марожанага”, Жабінкаўскага камбікормавага завода, Брэсцкага завода бытавой хіміі, “Кобрын-тэкстылю”, “Кобрынскага РКБА”… Сваю прадукцыю жыхарам і гасцям горада прапаноўвала Маларыцкае райспажыўтаварыства, ААТ “Маларыцкі кансерва­вагародніна­сушыльны камбінат”, раённы вузел паштовай сувязі… Было на што паглядзець таксама і ля радоў упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Напэўна, усе, хто быў на кірмашы, вярталіся дамоў не з пустымі рукамі, а з купленым таварам і станоўчымі эмоцыямі. Свята ўдалося. Шкада, што яно здалося такім кароткім і праляцела так хутка.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: імгненні кірмашу.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.