ШЭСЦЬ ПРЫНЦЭС НУШЧЫКАЎ

Ордэн Маці. Ім проста так не ўзнагароджваюць. І не ўсіх. Гэтай высокай узнагароды заслугоўваюць самыя годныя маці, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. 7 гадоў таму назад ордэнам Маці была ўзнагароджана і Ніна Мікалаеўна Нушчык з Хмялёўкі. Праўда, пра гэта я даведалася не ад яе, а зусім выпадкова. І пасля таго, як пазнаёмілася з сям”ёю Ніны Мікалаеўны, ёю самою, зрабіла вывад: гэтая жанчына заслугоўвае не адзін, а некалькі ордэнаў — за мацярынскую любоў, за вялікае сэрца, у якім хапае дабрыні, чуласці, спагады і цеплыні на ўсіх яе шасцярых дзяцей. А яшчэ — за мацярынскі подзвіг, які Ніна Мікалаеўна штодзённа здзяйсняе ў імя сям”і.

…Задаваць Ніне Нушчык пытанне, ці цяжка спраўляцца аж з шасцярымі дзецьмі, я не стала. Прадбачачы яго, Ніна Мікалаеўна адказала сама.
— З вялікай сям’ёй цяжка матэрыяльна.Бо не аднаго ці два альбо тры чалавекі карміць, абуваць і апранаць трэба, а 8, калі браць з намі, бацькамі. А сёння, вы самі ведаеце, якія цэны на ўсё. У плане фізічным, я б не сказала, што цяжка. Наадварот, з адным дзіцём больш складана, бо яму і пазабаўляцца няма з кім, а гэта значыць, што ні на хвіліну не пакінеш яго самога.
І сапраўды, калі ў сям’і Нушчыкаў з’явілася трэцяя па ліку дачка, Наташа, старэйшыя Іра і Алена ўжо добра ведалі, што з ёю рабіць. Да сваёй маленькай сястрычкі дзяўчынкі праяўлялі асобы інтарэс, вельмі любілі яе, таму кожнай хацелася быць ёй «маці». А найменшанькую Танечку цяпер гадуюць і Наташа, і Насця, і Люда. І зноў кожнай хочацца ўзяць на сябе ролю мамы.
— Я без іх прапала б, — прызнаецца Ніна Мікалаеўна. — Працую ў мясцовай гаспадарцы цялятніцай, на рабоце амаль цэлы дзень, і выхадных не бывае, але не хвалююся, бо ведаю, што дзяўчынкі мае ўсю работу за мяне дома зробяць.
А Наташа, Насця і Люда, якія сёлета закончылі 9, 8 і 6 класаў, не прывыклі сядзець без справы. Бо з маленства прывучаны працаваць. Гаспадарку ж Нушчыкі заўсёды трымалі вялікую, участак немалы апрацоўвалі, бо ведалі: хоць фізічных затрат патрэбна і шмат, але як добра мець сваё. Гэта такая вялікая падмога для любой сям’і, а для шматдзетнай — тым больш.
— Яны ў нас не цураюцца ніякай работы, -расказвае Ніна Мікалаеўна. — І палоць любяць, і хатнюю гаспадарку дагледзяць, і ежу згатуюць, і ў хаце прыбяруць. Словам, працаваць любяць. Старэйшая Іра ўжо замужам, дзіця мае. Праўда, жылля пакуль свайго няма, здымаюць. Але не лянуецца на ўчастку ля дома і агарод пасадзіць, і курэй трымае.
Між іншым, у верасні Ніна і Сяргей Нушчыкі будуць аддаваць замуж яшчэ адну дачку, Алену. Рады за яе. І задаволены, што мае любімую спецыяльнасць, пашанцавала з устройствам на работу. А працуе Алена медсястрой-анестэзіёлагам у рэанімацыйным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы. Тут яна некалі праходзіла практыку, калі вучылася ў Брэсцкім медыцынскім каледжы. Работнікі аддзялення душы не чулі ў Алене, бо бачылі ў ёй вельмі перспектыўнага і добрасумленнага работніка, выхаванага чалавека, таму з радасцю ўзялі Алену ў свой калектыў.
А ў Радзежскай школе, дзе вучацца Наташа, Насця і Люда Нушчык, вельмі даражаць гэтымі вучнямі, бо яны і ў вучобе паказваюць прыклад, і ў грамадскім жыцці, і ў спорце. Не адзін раз абаранялі гонар школы на розных спаборніцтвах. Наогул, Насця так любіць спорт, у прыватнасці футбол, што проста трызніць аб ім. І цэлы дзень, калі ёсць вольны час, паказвае футбольныя “фокусы” сваім сёстрам Наташы, Людміле і Тані, якія, дарэчы, мала ў чым адстаюць ад яе.
Дзяўчынка прызналася, што хоча звязаць сваё жыццё са спортам. Ва ўсякім выпадку, марыць паступіць вучыцца на спартыўны факультэт. А Наташа, у якой найбольшая цяга і інтарэс да хіміі, падумвае аб прафесіі настаўніка. І добра ведае, што, каб ажыццявіць сваю мару, трэба старацца вучыцца. Вось толькі і яе самую, і бацькоў засмучае тое, што не сфарміруецца сёлета ў іх школе 10 клас, а гэта значыць, усім, хто будзе працягваць вучобу, давядзецца ісці ў іншую школу.
Людка ж, 12-гадовая, сціплая, як і ўсе Нушчыкі, дзяўчынка, ужо знайшла прывабнасць у кулінарных і кандытарскіх справах. Таму мне шчыра прызналася, што хацела б быць поварам.
— Часта малая дапякае мяне:”Мама, давай што-небудзь смачненькае спячэм. Калі не згаджаюся, кулінарыць сама. І някепска ў яе атрымліваецца, — расказвае Ніна Мікалаеўна
Танечцы пакуль толькі ўсяго 2 гады і 2 месяцы, але і яна стараецца не адставаць ад сваіх старэйшых сясцёр, калі тыя нечым заняты.
— Дзяўчынкі могуць і карову падаіць, і свіней дагледзець, і птушку пакарміць. Выдам тайну: калі я працавала даяркай, для мяне падменнымі былі мае дзеці: самі маглі падаіць групу маіх кароў. Прычым, рабілі гэта з вялікім задавальненнем.
З вялікім задавальненнем наводзяць дзяўчынкі і парадак у хаце, у чым мы таксама пераканаліся. У кожным з пакояў-чысціня, утульна, акуратна засцелены ложкі. А на верандзе адразу кідаецца ў вочы роўна выстаўлены, нібы пад шнурок, чысцюткі абутак.
Не толькі ў маці вучыліся дзяўчынкі любові да працы. Яны бачылі, што любая работа атрымліваецца і ў руках іх бацькі. А рукі ў яго — залатыя. Альтанку, набор мэблі ў кухню, дзверы ў пакоі — усё рабіў сам. І ўсё атрымалася прыгожым, дыхтоўным. Сяргею нічога не каштуе зрабіць са старых рэчаў новыя ці перарабіць старыя на новы лад. Давай толькі матэрыял. А найлепш у руках Сяргея слухаецца дрэва, з якім ён навучыўся абыходзіцца яшчэ ў дзяцінстве. Рос жа без бацькі. Таму прывучаны быў рабіць усё, у тым ліку і майстраваць.
Дзякуючы прыроджанаму таленту зрабіць сваімі рукамі ўсё, што бачыць, гаспадар давёў да ладу ўласны дом. І цяпер у ім ёсць усе зручнасці, як і ў гарадскім жыллі. Ну, а падтрымліваць ідэальны парадак у ім, як мы пераканаліся, ёсць каму.
Чым займаюцца Нушчыкі ў вольны час? Яго, між іншым, у іх амаль не бывае. Асабліва летам. І ўсё ж бацькі і дзеці любяць зносіцца з прыродай, любяць лес, балазе, ён побач, любяць збіраць ягады і грыбы. А яшчэ ім лес падабаецца сваёй свежасцю і прыгажосцю ў любы час года. Тут можна проста спакойна пасядзець, набрацца новых сіл ля сваіх любімых дрэў. Яны ж здольныя зараджаць добрай энергіяй, дзякуючы якой мы і ствараем вакол сябе той свет, у якім жывем. Свет, у якім жывуць Нушчыкі, гэта бязмежная любоў адзін да аднаго, адданасць сям’і, любоў да зямлі і працы, шчырасць і добразычлівасць у адносінах да іншых.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: Ніна Мікалаеўна Нушчык і яе прынцэсы Насця, Наташа, Люда і Танечка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 5.08.2015 г.

Добавить комментарий


http://lkredit.com.ua

citroen.niko.ua

https://uniti.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!