Цёзка па прозвішчы

Падчас работы ў абласной газеце “Народная трыбуна” мне давялося бываць у многіх сельгаспрадпрыемствах Брэстчыны. І практычна паўсюль кіраўнікі гаспадарак цікавіліся, ці не сваячка я дырэктару СУП “Савушкіна” Пятру Яцуры. Мне, вядома ж, было прыемна, што майго знакамітага цёзку ўсе ведаюць. Але Пётр Пракопавіч – цёзка па прозвішчы, адказвала ўсім, хоць і не выключана, што продкі нашы маглі знаходзіцца ў сваяцтве. 

Сваячкай знакамітаму земляку з’яўляецца мая аднакласніца. Таксама Надзея Яцура. Зараз яна, праўда, ужо Андрас і працуе спецыялістам па кадрах СУП “Савушкіна”. А ў школе нас з першага класа клікалі імем па бацьку: яе Іванаўна, а мяне Захараўна. Але гэта, як гавораць, іншая гісторыя. Мой жа аповяд пра колішняга дырэктара СУП “Савушкіна” (яшчэ раней старшыню калгаса “Перамога”), а цяпер кансультанта сельгаспрадпрыемства Пятра Яцуру.
Напісаць раней пра гэтага чалавека ніяк “рукі не даходзілі” – знаходзіліся важнейшыя падзеі і тэмы, якія неабходна было асвятляць першачаргова. Хоць у маёй журналісцкай дзейнасці галоўным героем заўжды быў і застаецца чалавек. Ва ўсёй яго фізічнай і духоўнай прыгажосці. І зусім не важна, якую работу ён выконвае: убірае хлеб, доіць кароў, займаецца грамадскай дзейнасцю ці кіруе калектывам, як Пётр Яцура.
Пятра Пракопавіча, хоць асабіста з ім тады яшчэ не была блізка знаёма, ведаю з савецкіх часоў. А дакладней, з далёкіх ужо 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады ён узначаліў калгас “Перамога”, якім да яго на працягу амаль 20 гадоў кіраваў Іван Базылеў. І, трэба сказаць, цвёрда паставіў яго на ногі.
У той час пра самага маладога старшыню ў раёне, а 29-гадовы Пётр Яцура тады і сапраўды быў такім, пра дасягненні гаспадаркі, якой ён кіраваў, нямала расказвалі ў “раёнцы”, ды і ў абласных СМІ таксама. Толькі добрыя водгукі пра кіраўніка гаспадаркі, пра яго арганізатарскія здольнасці і чалавечнасць неаднойчы даводзілася чуць і ад калег-журналістаў, якія бывалі ў калгасе і мелі з ім зносіны, і непасрэдна ад яго падначаленых. Маўляў, строгі, ды справядлівы. Клапоціцца пра сваіх работнікаў. А пра тое, што гэта і сапраўды так, ведала ад сваякоў, якія працавалі ў калгасе. У перабудовачны час не было ў нас, бадай, прадпрыемства, дзе б не ўзнікалі праблемы з выплатай зарплаты. А вось у “Перамозе” яе атрымлівалі стабільна. Няхай і невысокую.
Яшчэ адным яскравым прыкладам такога клопату пра калгаснікаў сталі ліхія 90-я мінулага стагоддзя. Тады на хвалі распаду СССР і ўсеагульнай “прыхватызацыі” ён мог нядрэнна прыстасавацца да новага жыцця, тым больш, прызнаецца Пётр Пракопавіч, што і прапановы заняцца камерцыйнай дзейнасцю яму паступалі. Але ён не стаў выпрабоўваць лёс і застаўся верны сваім калгаснікам, хоць і не абяцаў быць з імі ў радасці і ў горы. Як звычайны чалавек, сялянскі сын, у рэшце рэшт, зрабіў так, як падказвала сумленне. А дакладней, як і належыць дзейнічаць сапраўднаму мужчыну і кіраўніку.
Вось што распавядаў пра той няпросты ў жыцці гаспадаркі перыяд падчас нядаўняй сустрэчы сам Пётр Яцура:
— Магчыма, для кагосьці мае словы здадуцца пафаснымі, але я чыста па-чалавечы не мог здрадзіць тым людзям, з якімі больш за 10 гадоў працавалі ў адной запрэжцы, жылі і працягвалі жыць на адной вуліцы. Калі б я іх пакінуў, то не змог бы з чыстым сумленнем глядзець ім у вочы…
На нейкае імгненне ён задумваецца і працягвае:
— Як выжывалі ў той час? Цяжка. Можна нават сказаць, што гаспадарка аказалася на мяжы выжывання. Грошай не было, бо перапрацоўчыя прадпрыемствы з-за эканамічнага крызісу па некалькі месяцаў не разлічваліся за прададзеную прадукцыю. У дадатак да ўсяго значная частка кароў аказаліся хворымі на лейкоз, і ад іх давялося пазбавіцца. Як гавораць: адна бяда не ходзіць…
Ды толькі гэта не прыпыніла вытворчую дзейнасць гаспадаркі. Дзякуючы таму, што ўдалося захаваць практычна ўвесь машынна-трактарны парк і людзей, тут, як і раней, сеялі і ўбіралі хлеб. Нягледзячы на тое, што закупачныя цэны на сельгас­прадукцыю заставаліся вельмі нізкімі і не пакрывалі затрат на яе вытворчасць, калгаснікі даілі кароў і вырошчвалі мяса. А каб не толькі зводзіць канцы з канцамі, але і мець нейкую капейку на развіццё вытворчасці і ўкараненне новых тэхналогій, стаўку рабілі на запатрабаваныя культуры. У прыватнасці, на цукровыя буракі. І ўжо ў 1998 годзе атрымалі рэкордны ўраджай салодкіх караняплодаў – больш за 500 цэнтнераў з гектара.Гэта была важкая перамога калгаса “Перамога”. Валавы збор цукровых буракоў у той год упершыню перавысіў 3500 тон, што дазволіла гаспадарцы не толькі выйсці ў лідары па вытворчасці гэтай сельгаскультуры, але і прынесла добрыя дывідэнды.
Своеасаблівай палачкай-выручалачкай у фінансавым плане для сельгаспрадпрыемства ў той час было і сумеснае беларуска-польскае вытворча-гандлёвае прадпрыемства “Саў-Спес”, заснавальнікамі якога сталі калгас “Перамога” і польскае ТАА “Інтэрспес”. Створанае ў 1992 годзе СП спачатку займалася нарыхтоўкай грыбоў, ягад, гародніны, садавіны і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, аж да мясцовых далікатэсаў – ракаў і рыбы з іх далейшай рэалізацыяй у Беларусі і за яе межамі. Пазней, дзякуючы партнёрам з нямецкай фірмы “Эккертс Тыфкюлькост унд Айскрэмэ Гросхандэль”, якая таксама ўвайшла ў склад заснавальнікаў, на прадпрыемстве была ўстаноўлена лінія глыбокай замарозкі, што дазволіла павялічыць аб’ёмы нарыхтоўкі, перапрацоўкі і рэалізацыі ягад, грыбоў, а таксама рыбы і ракаў. Выручаныя за гэтую прадукцыю грошы ішлі на выплату зарплаты работнікам гаспадаркі, а таксама на набыццё новых трактараў і камбайнаў. Увесь гэты час не спыняліся будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм. А яшчэ працягвалася газіфікацыя цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, распачатая ў 1990 годзе: трубы для пракладкі блакітнага паліва Пётр Яцура яшчэ ў савецкі час прывёз з Украіны. Усім гэтым кіраваў і разам са спецыялістамі натхняў на работу калгаснікаў вопытны ўжо старшыня-гаспадарнік …
Хоць у жыцці для Пятра Яцуры ўсё магло скласціся па зусім іншым сцэнарыі. Бо ён, як і многія хлапчукі пасляваеннага пакалення, з самага ранняга дзяцінства бачыў сябе толькі ваенным: лётчыкам ці мараком. Надта ж падабаліся яму афіцэрская выпраўка і форма. Ён нават не стаў чакаць заканчэння сярэдняй школы. Разам з двума сябрамі пасля сёмага класа паехаў паступаць у сувораўскае вучылішча. Але… Падчас праходжання медыцынскай камісіі ў хлапчука выявілі хворыя гланды, і яму давялося вярнуцца дамоў. Ды толькі мара была настолькі моцнай, што ўжо ў 9 класе Пётр самастойна лёг у бальніцу для выдалення гландаў: каб яны зноў не перашкодзілі пры паступленні ў ваеннае вучылішча пасля дзесяцігодкі.
Ды на шляху да ажыццяўлення мары зноў стала хвароба. Грып, які хлопец падхапіў незадоўга да заканчэння школы, даў ускладненне. І ён амаль два месяцы праляжаў у бальніцы з запаленнем лёгкіх: там жа і экзамены здаваў. Вядома, што пасля гэтага пра вучобу і гаворкі не магло быць. Таму пасля выпускнога вечара, калі больш- менш ачуняў ад хваробы, уладкаваўся на работу ў мясцовы калгас. Працаваў там, куды накіроўвалі. А на наступны год, як параіла начальнік аддзела кадраў гаспадаркі Таццяна Кашко, паехаў паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на завочнае аддзяленне заатэхнічнага факультэта. І паступіў. Праўда, да вучобы прыступіў толькі праз два гады, бо ў маі яго прызвалі на службу ў армію, якая магла карэнным чынам змяніць жыццё вясковага юнака. Але, відаць, не лёс быць яму ваенным.
Справа ў тым, што вайсковую службу праходзіў у авіяцыі (менавіта пра яе былі мары хлопца). Пасля заканчэння “вучэбкі” ў Ленінградскай ваеннай акрузе ён быў накіраваны спачатку ў Закаўказзе, пасля – на кітайскую граніцу ў Казахстан, дзе забяспечваў сувязь з самалётамі. З пастаўленай задачай спраўляўся на выдатна, таму напрыканцы службы Пятру прапанавалі застацца ў арміі. А ён адмовіўся. Проста рэаліі вайсковай службы аказаліся не такімі рамантычнымі, якімі здаваліся ў дзяцінстве…
Тым прыемней было вяртанне на маленькую радзіму. Калгас “Запаветы Леніна” з радасцю прыняў хлопца. Работу слесара Пётр Яцура паспяхова сумяшчаў з вучобай у інстытуце. Адначасова закончыў курсы СПТВ, якія былі арганізаваны ў гаспадарцы, дзе атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. Гэта былі першыя прыступкі па кар’ернай лесвіцы будучага кіраўніка. Пасля непрацяглай работы механізатарам, у 1974 годзе старшыня калгаса Леанід Ляонаў прапануе Пятру пасаду загадчыка фермы “Сушытніца”. Праз пэўны час ён зноў сядае на трактар. Потым загадвае Хаціслаўскай фермай.
Арганізатарскія здольнасці спецыяліста не засталіся незаўважанымі. У хуткім часе яго прызначылі старшынёй Хаціслаўскага сельскага Савета. Праўда, ненадоўга, бо гаспадарцы быў патрэбны адукаваны галоўны заатэхнік. Менавіта такім, з вопытам работы ў жывёлагадоўлі, быў на той час Пётр Яцура. А калі яму споўнілася 29 гадоў, ён зноў быў пастаўлены перад выбарам. На гэты раз, праўда, яму самому прапанавалі ўзначаліць калгас. На выбар было 2 гаспадаркі: “40 гадоў БССР” і “Перамога”. Ды толькі яму зусім не хацелася пакідаць наседжанае месца. Калгас іх быў на добрым рахунку, зноў жа – зарплата адпаведная. І рамонт у купленым доме толькі-толькі зрабілі.
Тым не менш, галоўнаму заатэхніку перадавой гаспадаркі давялося зрабіць выбар. Вядома ж, на карысць таксама нядрэннага калгаса “Перамога”, хоць да “Запаветаў Леніна” яму было яшчэ далекавата. Усё гэта Пётр Яцура зразумеў і пабачыў наяве, калі прыняў гаспадарку. Нягледзячы на ўвогуле неслабую эканоміку калгаса “Перамога”, жывёлагадоўчыя памяшканні тут былі старыя і іх не хапала. Будаваўся, праўда, комплекс на 800 галоў дойнага статка. Тэхнікі ў гаспадарцы таксама не хапала, не было і дарог. Але найбольш новага кіраўніка (дарэчы, на той час самага маладога ў раёне) хвалявала тое, што не было кармоў. Штораніцы даводзілася выцягваць з памяшканняў худых абяссіленых кароў. А ў сакавіку ў цялятніку ў Нікольскай рухнуў дах. Добра, што абышлося без людскіх ахвяр. У спешным парадку давялося выгароджваць для ўтрымання цялят у сухім месцы загонку, а за лета пабудавалі новы цялятнік. У дадатак да ўсяго, 80-ты год выдаўся надта дажджлівым, таму на фермах была непралазная гразь.
Такім запомніўся Пятру Яцуры першы (з 34) год яго старшынёўства. І, як аказалася, такім ён быў і апошні. Бо ўжо зімоўку наступнага года, дзякуючы навядзенню парадку на фермах і рабоце з кармамі, калгас завяршыў з плюсам. Тым больш, што і прыдумваць нічога па выхадзе з цяжкага становішча не трэба было. Вопыт быў побач, у калгасе “Запаветы Леніна”. Ды і сам кіраўнік на той час прайшоў ужо добрую школу гаспадарання ў Леаніда Ляонава.
Яшчэ праз год у калгасе з’явіліся ўласныя грошы, якія выкарыстоўваліся на набыццё сучаснай тэхнікі і будаўніцтва дарог. Прычым не толькі паміж населенымі пунктамі калгаса, але і на палеткі, каб з поля можна было вазіць вырашчаны ўраджай. Далей развіццё калгаса ішло па ўзрастаючай. Пётр Пракопавіч падлічыў, гаспадарка каля 20 разоў атрымлівала прызавыя месцы толькі ў абласным і рэспубліканскім спаборніцтвах у самых розных “намінацыях”. І з кармамі з незабыўнага для старшыні 80-га года мінулага стагоддзя праблем больш не было. А самым ўдалым і лепшым па вытворчых паказчыках для працаўнікоў гаспадаркі быў 1995 год.
Вядома ж, заслуга кіраўніка ў гэтым вялікая, бо ад таго, наколькі правільна, адукавана і ўмела ён арганізуе работу, залежыць многае. Але без вопытных спецыялістаў і руплівых радавых працаўнікоў гаспадаркі дасягненні гэтыя наўрад ці былі б. Таму і сёння з цеплынёй успамінае Пётр Пракопавіч былога галоўнага агранома гаспадаркі Генрыха Канановіча, брыгадзіраў Марыю Сезік, Мікалая Абрамчука, загадчыц ферм Ганну Абрамчук,Веру Пашкевіч, Ганну Абрамчук, а таксама нябожчыцу ўжо Наталлю Алесік, якая выконвала некаторы час абавязкі галоўнага заатэхніка. Усе яны былі не толькі адукаванымі спецыялістамі і добрасумленнымі выканаўцамі даручэнняў кіраўніка, але і надзейнымі яго дарадчыкамі. Адным словам, згуртаваная каманда аднадумцаў, якая побач са старшынёй штодзень знаходзілася на перадавой. А тыл кіраўніку гаспадаркі, якая за гады яго старшынёўства мяняла не толькі назву, але і статус, забяспечвала сям’я.
Варта адзначыць, што Пётр Яцура паказаў сябе не толькі адукаваным кіраўніком. Ён, па цяперашніх мерках, яшчэ і мнагадзетны бацька: разам з жонкай Любай, якая 12 гадоў адпрацавала загадчыцай Олтушскага дзіцячага садка, выгадавалі траіх дзяцей. І дзяўчаты, Наташа з Аксанай, і сын Сяргей разам з маці заўсёды падтрымлівалі бацьку. Былі і застаюцца з ім не толькі ў радасныя імгненні перамог і дасягненняў. Яны – яго апора і ў цяжкія хвіліны, калі яму здраджвалі (на жаль, удзел гэты не прамінуў і знакамітага старшыню), калі пры сустрэчы лісліва заглядвалі ў вочы, а за спінай пісалі на яго скаргі. Маўляў, пакрыўдзіў.
Як сапраўдны мужчына, Пётр Пракопавіч не агучыў ніводнага прозвішча з тых, хто здраджваў і дасылаў на яго стосы скаргаў: няхай гэта застаецца на іх сумленні. Ён жа нікому з іх не нашкодзіў, бо жыў і жыве па прынцыпе: ніколі нікому не шкодзіць і не крыўдзіцца. Вось такі ён, мой цёзка па прозвішчы. І характары ў нас нечым падобныя, бо, як і для яго, галоўнымі якасцямі людзей для мяне з’яўляюцца сумленнасць і прыстойнасць. Ды і дзяды нашы жылі непадалёку — на хутарах Шумы і Залісы, што зусім не выключае і далёкага сваяцтва.
Надзея ЯЦУРА.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 19.08.2015 г.

Добавить комментарий


farm-pump-ua.com

http://oncesearch.com

алиэкспресс чехлы для телефонов
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!