Валянціна

Даючы ёй такое імя, бацькі наўрад ці ведалі яго паходжанне і тым больш, што яно абазначае, а яна і сапраўды аказалася моцнай перад працоўнымі буднямі і лёсам.

Валянціна Наркевіч доўга не згаджалася на сустрэчу. Маўляў, што пра мяне пісаць: высокіх дзяржаўных узнагарод не маю, а працавала як і ўсе. І ўвогуле, каму цікава чытаць пра пенсіянераў? Маладых вунь колькі, пра іх і распавядайце. А наш час прайшоў ужо.
Я не пагадзілася з Валянцінай Прохараўнай, бо ведала, што яе жыццё ў свой час было напоўнена цікавымі падзеямі і па-сапраўднаму ўдарнымі працоўнымі буднямі, хоць і без узнагарод. На жаль, яны часам так і не знаходзяць свайго сапраўднага героя.
Відаць, мае перакананні падаліся ёй справядлівымі, і яна, у рэшце рэшт, здалася. Вось толькі ў першы прыезд у Печкі дома жанчыну мы не засталі. Не было яе і на мясцовай ферме, дзе колішні галоўны заатэхнік калгаса імя XXII з’езда КПСС Валянціна Наркевіч зараз працуе загадчыцай. І ў канторы, куды нас накіравалі суседзі, яе не аказалася. А мабільнік адказваў доўгімі працяглымі гудкамі. Відаць, нешта не склалася, вырашылі тады. Хоць цалкам магло стацца, што жанчына ў апошнюю хвіліну перадумала сустракацца з намі.
— Яна вельмі сціплая і ніколі не любіла быць у цэнтры ўвагі, хоць яе ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі значны, — задоўга да паездкі ў Печкі распавядала мне пра Валянціну Наркевіч былы галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Алена Пятроўская. – Я даўно ведаю Валянціну і магу з упэўненасцю сказаць, што яна заслугоўвае таго, каб пра яе напісалі ў газеце. І лёс у яе няпросты, але яна годна выносіла і выносіць усе яго перыпетыі…
Другая камандзіроўка ў Велікарыцкі сельсавет аказалася больш удачнай і плённай. Валянціну Прохараўну мы знайшлі на ферме. Разам з жывёлаводамі яна наводзіла парадак у памяшканнях.
— Да зімы рыхтуецеся? – пацікавілася ў загадчыцы фермы.
— І да яе таксама. Але найперш я збіраюся ў водпуск, таму пасля сябе хачу паўсюль навесці парадак. Каб не было нараканняў з боку кіраўніцтва гаспадаркі і таго, хто будзе мяне падмяняць, — адказвае жанчына, а для гутаркі запрашае да сябе дамоў.
З нейкай маладзецкай лёгкасцю яна сядае на веласіпед і практычна ўслед за рэдакцыйным “Жыгулёнкам” пад’язджае да дыхтоўнага дома напрыканцы вёскі. Скінуўшы гумавыя боты, запрашае ў хату. Але нас больш прываблівае лавачка ў цяньку пад вішнямі.
І практычна за паўгадзіны перада мной нібыта ў фільме праплывае жыццё Валянціны Наркевіч. Спачатку школьныя гады. Яны, бадай, самыя светлыя і бесклапотныя. І вучоба давалася лёгка. Асабліва ж са школьных прадметаў ёй падабаліся матэматыка, фізіка і хімія. І яна магла б стаць настаўніцай ці доктарам. Менавіта гэтыя прафесіі напачатку прываблівалі вучаніцу Олтушскай сярэдняй школы Валянціну Мелянчук. Ды надта ж баялася яны крыві. Таму медыцынская ВНУ адпала сама па сабе. Што не склалася з педагагічнай, як і тое, чаму пасля заканчэння школы яна адмовілася паступаць вучыцца на агранома, куды яе накіроўваў калгас, і пайшла працаваць на Маларыцкі гароднінасушыльны завод, я высвятляць не стала. Магчыма, Валянціна проста хацела разабрацца ў сабе і вызначыцца ў сваіх схільнасцях.
І быццам вызначылася. Бо на наступ­ны год паступіла ўжо ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Ды толькі ў хуткім часе перадумала быць ветурачом і перавялася на заатэхнічны факультэт. І хоць увогуле ніколі не пашкадавала аб гэтым, словы бацькі, які на гэтае яе рашэнне сказаў: “Заатэхнік — не спецыяльнасць”, калі працаваць было цяжка, успамінала часта. Ветурач адказвае толькі за здароўе жывёлы, а заатэхнік – за ўсё. І за людзей, якія працуюць на фермах, і за кармленне грамадскага статка, і за надоі малака з прыбаўленнямі ў вазе, і за тое ж здароўе кароў і цялят таксама. Праўда, зразумела Валянціна гэта пазней, калі ўжо стала самастойна працаваць. Галоўнае ж для людзей гэтых прафесій, і яно аб’ядноўвае іх, тое, што яны абавязкова павінны любіць жывёлін. Без гэтага, лічыць жанчына, заатэхнікамі і ветурачамі не варта працаваць.
Што Валянціна Прохараўна любіць жывёлін, было бачна з таго, як лашчылася да яе малое кацяня, якое бегала ў двары. У адваротным выпадку, яно нават не падышло б да жанчыны. Тых, хто негатыўна адносіцца да іх,каты адчуваюць на адлегласці і ніколі не тое што туліцца, падыходзіць да такіх людзей блізка не будуць.
Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута Валянціна: на той час яна ўжо выйшла замуж за Валерыя Наркевіча, з якім пазнаёмілася падчас праходжання практыкі ў калгасе імя Гастэла Мінскай вобласці, была размеркава на работу ў Расонскі раён Віцебскай вобласці. Ды толькі бацьку не хацелася адпускаць так далёка ад дому дачку. А паколькі Прохар Мелянчук быў не апошні чалавек у калгасе, ды і ў раёне яго ведалі, то ён папрасіў цяпер ужо нябожчыцу Тамару Феафілаву, якая тады працавала ў райсельгасхарчы, уладкаваць Валянціну на работу дзе-небудзь на Маларытчыне. Месца галоўнага заатэхніка для маладога спецыяліста знайшлося ў калгасе імя XXII з’езда КПСС. Так была вырашана праблема з працаўладкаваннем выпускніцы Віцебскага ветэрынарнага інстытута.
І ўжо 25 лютага 1969 года Наркевічы прыехалі ў Велікарыту. А Валянціна ўзначаліла самую важную галіну гаспадаркі. На той час у калгасе налічвалася паўтары тысячы галоў буйной рагатай жывёлы і тысяча авечак. У падначаленні галоўнага заатэхніка знаходзіліся таксама ўсе работнікі жывёлагадоўлі.
Успамінаючы той час зараз, Валянціна Прохараўна гаворыць, што ў гаспадарцы іх прынялі добра. Старшынёй калгаса тады быў Міхаіл Лісавец, які ўсяляк падтрымліваў і маладую сям’ю, і галоўнага заатэхніка ў прыватнасці. Пра першага свайго кіраўніка ў Валянціны Прохараўны засталіся самыя добрыя ўспаміны, бо ён не толькі вучыў яе працаваць, але і жыць. Праз год калгас выдзеліў Наркевічам дом. У гаспадарцы паступова вырашалася кармавая праблема, з’явіліся першыя дасягненні, а ў сям’і Наркевічаў падрасталі трое дзяцей. І нішто, здавалася, не прадвяшчала бяды. Але яна ўсё ж пастукала ў дом. У 1982 годзе раптоўна памёр муж Валянціны.
Страта была нечаканая і настолькі вялікая, што ёй здалося, быццам з-пад ног пайшла зямля. Жанчына думала, што не выжыве пасля такога ўдару лёсу. Ды нездарма, відаць, ёй бацькі далі імя, якое ў перакладзе з лацінскага азначае моцная. Моцнай яна аказалася і на самой справе. Няпроста было адной падымаць дзяцей. Ды яшчэ пры такой рабоце, калі іх практычна не бачыш. Але яна, іншым разам сціснуўшы ад крыўды зубы (чаму менавіта яе так рана напаткаў удовін лёс?), працягвала жыць.
— Дзеці, можна сказаць, самі выраслі, бо я не магла кінуць работу і займацца імі, — прызнаецца зараз Валянціна Прохараўна. — Яны з маленства былі самастойнымі: заробленыя грошы я аддавала ім, і яны самі хадзілі ў магазін за прадуктамі, дапамагалі мне па хатняй гаспадарцы. І ў школе вучыліся нядрэнна. Адным словам, клопатаў вялікіх не дастаўлялі…
Жанчына задумваецца на хвіліну. На яе твары я бачу адбітак суму па нечым нязбытным. І каб неяк развеяць успаміны пра страчанае, прапаную вярнуцца ў працоўную атмасферу тых далёкіх ужо гадоў. Валянціна Прохараўна згаджаецца. Тым больш, што і распавесці ёсць пра што. У гады, калі яна ўзначальвала жывёлагадоўчую галіну гаспадаркі, тут была ўкаранёна і паспяхова дзейнічала такая прагрэсіўная форма аплаты працы, як сямейны падрад. Трэба сказаць, што “сямейнікі” тады і сапраўды дасягалі высокіх паказчыкаў, асабліва на адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы.
— А ўсё таму, — гаворыць жанчына, — што на фермах працавалі свае людзі – мясцовыя. Яны былі зацікаўлены ў канчатковым выніку, бо ад яго напрамую залежаў іх заробак, таму стараліся, да работы адносіліся з вялікай адказнасцю. Цяпер і сем’яў такіх няма. Усё больш прыезджыя, і часам не самыя лепшыя. А свае былі ад зямлі. У дамах у калгаснікаў з’явіліся дываны, сценкі. Дабрабыт вяскоўцаў павышаўся з году ў год , а дастатак у доме настройваў людзей на стваральную працу.
Усё гэта было. І хоць вяскоўцы і сёння працуюць не горш, і набыткі ў гаспадарцы ёсць, і сама жанчына яшчэ пры справе, час яе прайшоў ужо. Яна не шкадуе аб пражытым і перажытым. У кожнага свой лёс і свой шлях у жыцці…
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: пяшчотны дотык рукі Валянціны НАРКЕВІЧ у момант закалыхвае малое кацяня.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.08.2015 г.

Добавить комментарий


https://best-mining.com.ua

ここで読みます www.cfax.jp

https://vorteleather.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!