Літаратурны працэс на Маларытчыне

Літаратура Маларытчыны. Ці ёсць яна? Безумоўна, так. Хоць наша зямля і не ўзгадавала талентаў, роўных Я. Купалу, Я. Коласу, М. Багдановічу, альбо, скажам, Леаніду Дранько-Майсюку, Алесю Разанаву ці Ніне Мацяш, але ганарыцца ўсё ж такі нам ёсць чым.
У першую чаргу гэта тычыцца творцаў, якія не нарадзіліся на Маларытчыне, але жыццёвай дарогай ці прафесійнай дзейнасцю звязаны з ёю. Сюды можна аднесці, напрыклад, імёны Канстанціна Іванавіча Зноска (святар, педагог, літаратар, пастырскае служэнне праходзіў у в. Велікарыта), Францішка Віславуха (польскі пісьменнік, мастак, жыў у маёнтку непадалёк ад в.Чарняны), Барыса Паўлавіча Міцкевіча (літаратуразнаўца, перакладчык, працаваў у аддзеле кадраў Маларыцкага РК КПБ), Івана Сцяпанавіча Шпакоўскага (літаратуразнаўца і крытык, быў літсупрацоўнікам у раённай газеце “Сцяг Перамогі”, настаўнікам школы, а затым і дырэктарам Маларыцкай вячэрняй школы). Некалькі гадоў на Маларытчыне жылі і тварылі Яраслаў Пархута (пісьменнік-краязнаўца, журналіст, у 1965-1969 гг. — загадчык аддзела, намеснік рэдактара раённай газеты “Сельскае жыццё”) і Мікола Купрэеў (член Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт, празаік. З 16 жніўня па 26 кастрычніка 1965 г. працаваў загадчыкам аддзела пісем і масавай работы Маларыцкай раённай газеты “Сельскае жыццё”, у 1967-1968 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радзежскай СШ).
Ля вытокаў літаратурнага жыцця раёна стаяў Сцяпан Крываль (родам з в.Гутка Івацэвіцкага раёна), які некаторы час працаваў літсупрацоўнікам у газеце “Сцяг Перамогі”. Сцяпан Антонавіч у 1993 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ён выдаў зборнік апавяданняў “Аднойчы летам” (1990 г.), да друку была падрыхтавана і другая кніга “Чмяліная вясна” (1996 г.), аднак смерць перашкодзіла ажыццяўленню задуманага.
З Маларытчынай звязаны лёс і Аляксея Філатава (член Саюза беларускіх пісьменьнікаў з 2002 г., аўтар кніг “Ляхавецкая торба”, 1992 г.; “Дарога”, 1997 г.; “Адарваць ад сэрца”, 2000 г.; “Жывая зямля”, 2001 г.; “Страла жыцця”, 2007 г.; “Жывому жыць” (Споведзь качагара), 2013 г. і інш.).
Даследчыкі літаратуры шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя называюць залатым часам для літаратурнага працэсу Маларытчыны. Сапраўды, такога суквецця талентаў, як Яраслаў Пархута, Мікола Купрэеў, Аляксей Філатаў, Сцяпан Крываль, на тэрыторыі раёна больш, на жаль, доўгі час не назіралася. Затым для літаратурнага руху рэгіёна быў характэрны пэўны спад. Настаў зацішак.
Мясцовыя пісьменнікі разумелі, што для прапаганды мастацкага слова неабходна, каб была створана зваротная сувязь з чытачом. Для гэтай мэты і задумваўся выпуск тэматычнай літаратурнай старонкі. Намаганнямі ў першую чаргу Сцяпана Крываля 12 кастрычніка 1960 г. яна ўсё ж такі з’явілася ў раённай газеце “Сцяг Перамогі”. Тут былі змешчаны вершы І. Мельнічука, В. Жуковіча, І. Сцяпанава, нарыс С.Крываля. На працягу наступных 15 гадоў літаратурная старонка з’яўлялася не вельмі часта. Рэдакцыя газеты больш змяшчала ў асобных нумарах па 2-3 вершы пад рубрыкай “Літаратурны куток”. Сітуацыя змянілася ў 1975 г. З гэтага года чытачы мелі магчымасць з літаратурнай творчасцю мясцовых пісьменнікаў знаёміцца пастаянна (4-7 разоў на год). 15 лютага 1975 г. на тэматычнай падборцы было пазначана, што гэта – выпуск літаратурнага аб’яднання “Каласок”. У 1979 г. старонка называлася “Хвалі Рыты”, у 1981 г. – “На хвалях Рыты”, у 1988 г. – “Над рэчанькай Рытай”.
5 мая 1988 г. «раёнка» паведаміла, што на чарговым пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры газеце “Сельскае жыццё” абраны новы яго кіраўнік. Ім стаў Сямён Кавенька. Першым жа яго старшынёй быў Сцяпан Крываль. Але ў сувязі з падрыхтоўкай да друку свайго першага зборніка апавяданняў, пісьменнік выказаў просьбу аб перавыбранні. Трэцяга верасня пры рэдакцыі газеты “” афіцыйна аформлена літаратурнае аб’яднанне “Над рэчанькай Рытай”. Сямён Іванавіч яго ўзначальваў да 2012 г. З 2012 г. ім кіруе Мікалай Пацяюк (член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2013 г.). З прыходам Мікалая Іванавіча актывізаваўся выпуск тэматычнай старонкі. За 2014 г., напрыклад, іх выйшла 14.
Няправільна будзе сказаць, што паэтычныя творы да гэтага ў раённай газеце не друкаваліся. Але са стварэннем літаб’яднання, самым шчырым і добразычлівым прыхільнікам якога выступіў тады былы галоўны рэдактар Уладзімір Захарэвіч, сувязь з аўтарамі стала больш сістэматычнай і цеснай.
Разам з вядомымі прозвішчамі майстроў пяра Маларытчыны, такімі, як Мікалай Пацяюк, Уладзімір Данілюк, Генадзь Мішчук, Уладзімір Кучмінскі, у выпусках літаратурна­га аб’яднання “Над рэчанькай Рытай” на старонках газеты “” з’яўляюцца і новыя. Чытачоў сваімі творамі радуюць Таццяна Ефлакова, Надзея Кухцей, Валянціна Бярнадская, Алёна Сац, Тамара Марозава, Пётр Пальчук і інш.
Важнае месца для пашырэння творчасці мясцовых пісьменнікаў займае дзейнасць бібліятэк. Шмат у гэтым накірунку ўжо зроблена аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС (загадчык Галіна Кучына). Пачынаючы з 1996 г., свет убачылі ўжо 33 зборнікі майстроў пяра. Сваімі вершамі за гэты час чытачоў парадавалі: Аляксандр Ізбіцкі (5 зборнікаў), Мікалай Губей (4), Лідзія Гаўрылюк (4),Генадзь Мішчук (2), Міхаіл Коцелеў (2), Пётр Чагайда (2), а таксама – Уладзімір Данілюк, Іван Заматаеў, Лідзія Ківачук, Алена Мажароўская, Вольга Бачай, Ніна Надзяжук, Дзіяна Нікалаюк, Мікалай Пацяюк і інш. Маларыцкая ЦБС выдала і 2 калектыўныя зборнікі: “Ад сорак пятага да нас”. Паэты Маларытчыны пра вайну (вершы У. Данілюка, П. Чагайды, І. Заматаева, А. Ізбіцкага, С. Кавенькі) і “Млечнасць зорак” (вершы Таццяны Трыханюк, Людмілы Ардэмасавай, Дзіяны Нікалаюк, Валянціны Астапук). За апошні час аддзел бібліятэчнага маркетынгу выдаў яшчэ 3 паэтычныя зборнікі мясцовых паэтаў: Мікалая Губея “На парозе вечнасці”, Васіля Стасюка “Дорога до Домы” (вершы напісаны на дыялекце в. Лукава) і Генадзя Мішчука “Ля клёнаў і бяроз”.
У літаратурным працэсе Маларытчыны апошняга часу назіраецца і яшчэ адна станоўчая тэндэнцыя – пачала развівацца літаратурная крытыка. Даследаваннямі творчасці мясцовых паэтаў стала актыўна займацца Марыя Жыгалава, доктар педагагічных навук, прафесар Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ. Марыя Пятроўна ўжо надрукавала некалькі сваіх навуковых прац на гэтую тэму. Краязнаўчыя нарысы і артыкулы пра пісьменнікаў Маларытчыны, іх творы напісаны таксама і брэсцкімі навукоўцамі – Верай Ляшук, Галінай Снітко і Валянцінам Смалем. Пад кіраўніцтвам Ірыны Аксянюк, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі, падрыхтавана вучнёўская даследчая работа “Тэма Радзімы ў творчасці беларускамоўных паэтаў Маларытчыны”.
Аб вартасці твораў пісьменнікаў нашага раёна сведчыць і той факт, што іх вершы, апавяданні змяшчаліся і змяшчаюцца на старонках абласных газет “Заря” і “Народная трыбуна”, у выпусках літаратурнага альманаха “Жырандоля” Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, рэспубліканскай газеты “Звязда”, часопіса “Маладосць” і інш. А Генадзь Мішчук у 2003 г. заняў ІІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе апавяданняў, які праводзіла рэдакцыя газеты “Звязда” сумесна з ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Мікалай Навумчык.
На здымку: Мікалай Пацяюк, старшыня літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай” пры раённай газеце “”.
Фота аўтара.

 Опубликовано в «ГЧ» 26.08.2015 г.

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!