Скрыжаванне лёсаў

У вёсцы Хаціслаў прыжылася добрая традыцыя: на свята Троіцы ўсёй вёскай у мясцовым Праабражэнскім храме ўшаноўваюць сямейныя пары, якія адзначылі важкі юбілей сумеснага жыцця. Вось і сёлета словы віншаванняў і шчырыя пажаданні яшчэ шмат гадоў ісці па жыцці ў пары прымалі ад свяшчэнна­служыцеля, прадстаўнікоў улады, мясцовай гаспадаркі, царкоўнага сястрынства, сваіх аднавяскоўцаў чатыры сям’і – залатыя і ізумрудныя юбіляры. Як і 50 гадоў назад, у той дзень у царкве стаялі поруч Расціслаў Іванавіч і Лідзія Цімафееўна Касьянкі.

Гавораць, калі лёс на­значыў двум людзям сустрэчу, яна адбудзецца нягледзячы ні на што. Ні сотні кіламетраў, ні жыццёвыя абставіны не стануць перашкодай. Вось, відаць, і Расціслаў з Лідзіяй былі прызначаны адзін аднаму, а іх выпадковае знаёмства – толькі маленькі штрышок у чарадзейным плане Лёсу.
На календары быў 1965 год. Украінская дзяўчына Ліда, якая жыла ў вёсцы Забалацце, збіралася ў дарогу. Яна ехала ў адну з вёсак на Валыні, каб выручыць сястру, якой тэрмінова трэба было на пэўны час вярнуцца дамоў, а кіраўніцтва паляводчай брыгады, дзе яна працавала, дзяўчыну згаджалася адпусціць толькі пры ўмове, што ёй знойдзецца замена. Ці магла падумаць тады Ліда, што ў вёсцы Крахінічы яна заменіць сястру не толькі на рабоце, але і пазнаёміцца з маладым чалавекам, з якім раней сустракалася сястра. Калі Расціслаў убачыў Лідзію, зразумеў: тыя пачуцці, што былі раней, – адышлі назаўжды, тым больш, што няўдалы раман завяршыўся ўжо даўно. Але ж расказаць Лідзе пра тое, што звяз­вала яго з сястрой, не адважыўся. Вельмі зача­піла яго душу прывабная, вясёлая дзяўчына, таму баяўся неасцярожным словам разарваць пакуль яшчэ даволі тонкі ланцужок пачуццяў.
Двух тыдняў рамантычных спатканняў хапіла Расціславу, каб прыняць сур’ёзнае рашэнне і прапанаваць каханай пайсці пад вянец, а Лідзіі — каб разглядзець, што яе Расціслаў – сур’ёзны малады чалавек.
— Зразумела, за два тыдні характар чалавека не раскрыецца. Але, бывае, доўгія гады людзі разам жывуць, а на якія ўчынкі здольны кожны і як сябе можа павесці, пазнаюць толькі ў нейкай складанай сітуацыі. Я адразу пабачыла, што Расціслаў — хлопец не скупы. Ён кветкі штодня прыносіў, стараўся пачаставаць мяне нечым, — успамінае Лідзія Цімафееўна.
І дзявочая інтуіцыя яе не падвяла. Бо мужа ёй падарыў лёс уважлівага, на ўсе рукі майстравітага, душою шчодрага, уступчывага. Вяселле, якое было для ўсіх нечаканым, усё ж атрымалася на славу. Сястра Лідзіі на былога кавалера зла не трымала, бо адчувала, што гэта не яе палавінка. А сваю знайшла таксама для ўсіх неспадзявана. Проста прыглядзелася ўважлівей да хлопца, які раней сябраваў з Лідзіяй. Такое вось шчаслівае скры­жаванне лёсаў атрымалася.
Маладыя пасля вяселля засталіся жыць на радзіме Расціслава. Лідзія працавала даяркай, была заўжды ў ліку лепшых, Расціслаў – трактарыстам. У сям’і панавалі каханне, лад і было ўжо трое дзетак, а вось свайго ўтульнага гнязда не было. Маці падказала Лідзіі:
— Вы адпраўляйцеся ў беларускую вёску Хаціслаў, там, я чула, у калгас работнікаў запрашаюць.
Рашучая Ліда адразу сабралася ў дарогу. Старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Леанід Ляонаў работу маладой сям’і прапанаваў: ёй — жывёлавода, яму – механізатара. І з жыллём паабяцаў дапамагчы, калі згодзіцца сям’я пачакаць, пакуль у старэнькім непрыстасаваным будынку зробяць рамонт. Так Касьянкі сталі хаціслаўскімі жыхарамі. Праўда, тады ніхто і думаць не думаў, што праз некалькі дзесяцігоддзяў суседнія рэспублікі тады яшчэ адзінага Савецкага Саюза раздзеляць межы.
Паўстагоддзя сямейнага жыцця Касьянкаў прайшло ў клопатах. Што сялянская праца нялёгкая, ведае кожны. А калі яшчэ дома пяцёра па лаўках, дык зразумела, што і расходаў больш, і спраў прыбаўляецца.
— Расціслаў перайшоў у будаўнічую брыгаду, а я ўсё жыццё на ферме працавала. Хоць сям’я вялікая, але дэкрэтнага водпуску і года не назбіраецца. Дзяцей, пакуль яны былі маленькія, па чарзе глядзелі: то ён, то я. Сваякоў жа побач не было, каб папрасіць дапамагчы. Але неяк спраўляліся, затое дружна жылі, — расказвае Лідзія Цімафееўна.
На невялікі дзіцячы садок іх дом падобны і цяпер. Сюды і ўнукі, якіх 14, пастаянна наведваюцца, і трое праўнучкаў цяпер бабуля з дзядулем гадуюць.
— Гэта ж і ёсць шчасце, калі ў доме шумна, калі дзеці смяюцца, гуляюць, наперабой расказваюць пра свае справы, бягуць за пачастункамі, — заўважаюць Касьянкі.
Праўда, давялося ім перажыць і цяжкую трагедыю – смерць сына. Цяжэй за ўсё, прызнаюцца, было бачыць, як ад невылечнай хваробы ён згасаў на вачах. Але на тое і даецца чалавеку свядомасць, каб умець асэнсаваць і прыняць тое, што нельга змяніць. Падтрымліваючы адзін аднаго, яны перажылі гора ці, лепш сказаць, наву­чыліся жыць з ім і радавацца кожнаму новаму дню.
Ад дома Касьянкаў да праваслаўнага храма ўсяго дзясятак метраў. Гэта Лідзія Цімафееўна заўжды лічыла добрым знакам. Яшчэ калі была маленькая, яе матуля, замілоўваючыся чыстым, прыгожым голасам дачкі, не раз гаварыла: яна будзе спяваць у царкоўным хоры. Пра прадказанні матулі ўспомніла жанчына, калі ёй ужо ў сталым узросце прапанавалі прыйсці на рэпетыцыю хора. Яна пайшла і заспявала. Цяпер не прапускае ні адну службу. І, спяваючы, просіць у Бога для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў добрай долі, верных і надзейных спадарожнікаў, такіх, як яе Расціслаў.
У мітуслівых сялянскіх буднях, калі трэба і на падворку за парадкам глядзець, і ў полі з работай справіцца, рэдка знаходзіцца час на святы, нават сямейныя. Вось і залатое вяселле Лідзія Цімафееўна і Расціслаў Іванавіч не збіраліся адзначаць вялікай бяседай. Схадзілі ў царкву, паслухалі віншаванні. А калі вярнуліся дамоў, аж ахнулі… У двары стаяў вялікі стол з рознымі пачастункамі. Дзеці і ўнукі пастараліся і зрабілі бацькам такі прыемны сюрпрыз. Кожны яшчэ падрыхтаваў свой падарунак. Хто куплены, хто зроблены сваімі рукамі.
— Не добра хваліцца, але ж як не сказаць: добрыя ў нас дзеці, працавітыя, паважлівыя, — заўважалі Касьянкі.
А мне падумалася: відаць правільна выхоўвалі іх бацькі, прыклад ім добры давалі. Не выпадкова ж гавораць: як гукнеш, так і адгукнецца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: залатыя юбіляры Расціслаў і Лідзія Касьянкі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2015 г.

Добавить комментарий


www.uniti.ua

www.velotime.com.ua

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!