Пытанні, якія заўжды актуальныя

Пад старшынствам Казіміра Лапіча адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. На ім разгледжаны пытанні гатоўнасці ўстаноў адукацыі раёна да 2015-2016 навучальнага года і ход выканання суб’ектамі гаспадарання Комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнню санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва раёна за 2011-2015 гады.

Па першым пытанні выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка. З 1 верасня ў раёне будуць функцыянаваць 42 установы: раённая гімназія, 16 сярэдніх школ і школ-садоў, 2 базавыя школы, 1 базавая школа-сад, 15 дашкольных устаноў, Цэнтр дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічны Цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, станцыя дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, вучэбна-метадычны кабінет. Як адзначыла Таццяна Міхайлаўна, ва ўсіх установах адукацыі сёлета пастараліся, каб з максімальнай аддачай падрыхтавацца да новага навучальнага года. Асоба яна адзначыла кіраўніцтва Хаціслаўскага дзіцячага сада, дзе па яго ініцыятыве да дапамогі прыцягнулі бацькоў і выканалі немалы аб’ём работ, каб дзецям было тут утульна і камфортна. Гэтая ўстанова, як сказаў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, будзе заахвочана раённай уладай каштоўным падарункам.
Сёлета на капітальны і бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі з раённага бюджэту выдзелена 1 мільярд 301,8 мільёна рублёў. І гэта нямала, улічваючы сёлетні няпросты фінансавы год. Па праграме энергазберажэння з рэспубліканскага бюджэту на капітальны рамонт па замене аконных блокаў у Пажэжынскай школе было вы­дзелена 230 мільёнаў рублёў. Пасля праведзеных капітальных рамонтаў пачаты адукацыйны працэс у Макранскай і Радзежскай школах. Значныя аб’ёмы работ па бягучаму рамонту выкананы ў Хаціслаўскай, Мельніцкай школах, раённай гімназіі, яслях-садзе № 2, Макранскім, Арэхаўскім дзіцячых садах. Слайды, якімі суправаджалася выступленне Таццяны Лаўрэенка, гаварылі самі за сябе: зроблена многа і па рамонту харчблокаў, і па замене і ўстаноўцы новага абсталявання ў іх, вучэбных кабінетах, санвузлы ззяюць сучаснай абліцовачнай пліткай, санабсталяваннем. Ёсць у дастатковай колькасці аўтобусы для падвозу дзяцей, сучасныя сродкі навучання, лабараторнае абсталяванне, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычная літаратура.
Прымаемыя меры па забеспячэнню гатоўнасці матэрыяльна-тэхнічнай часткі адукацыйнага працэсу, як падкрэслівала Таццяна Міхайлаўна, вельмі і асабліва важныя па той прычыне, што на ІІІ ступені адукацыі ўводзіцца профільнае навучанне. Так, сёлета асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні будуць вывучаць у Олтушскай і Лукаўскай школах. Усяго профільнае навучанне будзе арганізавана для 40 вучняў 10-ых класаў.
— Агульнымі намаганнямі, прыцягваючы і спонсарскую дапамогу, і сродкі з пазабюджэтных крыніц, удалося многае зрабіць у гэты нялёгкі фінансавы год, — адзначыў, завяршаючы разгляд гэтага пытання, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. – Хацелася б, каб такую традыцыю мы захоўвалі і надалей, таму што ад гэтага залежыць і якасць агульнаадукацыйнага працэсу.
З інфармацыяй па другім пытанні выступіў галоўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Кляцко. Ён адзначыў, што ў раёне захоўваецца стабільная эпідэмічная сітуацыя па інфекцыях, упраўляемых сродкамі спецыфічнай прафілактыкі. У разглядаемым перыядзе не рэ­гістраваліся захворванні полія­міэлітам, слупняком, адзёрам, выпадкі эпідэмічнага паратыту, коклюшу. Захворванні вострымі кішэчнымі інфекцыямі і сальманелёзам маюць тэндэнцыю да зніжэння. Не было выпадкаў групавых захворванняў сярод насельніцтва і ў арганізаваных калектывах.
У сваім выступленні Уладзімір Анатольевіч асобую ўвагу звярнуў на захворванні грыпам. І гэта не выпадкова, бо грып і вострыя інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў займаюць па-ранейшаму вядучае месца ў структуры інфекцыйных і паразітарных захворванняў. Напрыклад, за мінулы год іх доля склала 92%. Як вядома, у прафілактыцы грыпу галоўным сродкам з’яўляецца прышчэпка. Летась прышчэпкамі ў навучальных установах былі ахоплены 75%. Як вынік, ніводную ўстанову на каранцін не закрывалі. Найбольш адказна адносяцца да вакцынацыі сваіх работнікаў за кошт сродкаў прадпрыемстваў кіраўнікі Маларыцкай ЖКГ, райспажыўтаварыства, кансерва­вагароднінасушыльнага камбіната, усіх сельгасарганізацый, лясгаса. За леташні і сёлетні перыяд найбольш востра эпідэмічная сітуацыя па захворванні вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі адзначалася сярод кантынгентаў не прышчэпленых супраць грыпу.
На санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт уплываюць і такія фактары, як ахова навакольнага асяроддзя, здароўе і праца, якасць і бяспечнасць прадуктовай сыравіны і прадуктаў, гігіенічнае навучанне і фарміраванне здаровага ладу жыцця. Мэтанакіраваная работа дазволіла за перыяд дзеяння Комплексу мерапрыемстваў дабіцца 100%-га ахопу санітарнай ачысткай усіх населеных пунктаў, павелічэння працэнта спажывання вады з цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, паляпшэння якасці вады, спажываемай гарадскім насельніцтвам, дзякуючы пабудаванай станцыі абезжалезвання. Але разам з тым, як адзначыў Уладзімір Кляцко, застаюцца нявырашанымі пытанні будаўніцтва такіх станцый у сельскай мясцовасці. Што датычыцца здароўя і працы, то ў выніку сумеснай работы органаў улады, кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, а таксама выканання прадпісанняў РЦГіЭ, удалося прывесці ў адпаведнасць з гігіенічнымі нарматывамі 528 рабочых месцаў. Як вынік, за справаздачны перыяд у раёне зніжаецца ўзровень захворванняў з часовай стратай працаздольнасці сярод працуючых, а з 1996 г. не рэгіструюцца прафесійныя захворванні. Аднак гэта не значыць, як гаварыў Уладзімір Анатольевіч, што праблему падтрымання належнага стану тэрыторый, рабочых месцаў трэба знімаць з парадку дня. Яна застаецца па-ранейшаму актуальнай.
Галоўны санітарны ўрач звярнуў увагу на захаванне санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства ў аб’ектах гандлю, дзе кантроль яшчэ вядзецца не на належным узроўні, у тым ліку за тэрмінамі прыгоднасці, умовамі захоўвання прадуктаў, наяўнасцю дакументаў, што засведчваюць іх якасць, санітарным станам гандлёвых кропак. Як актуальнае, Уладзімір Анатольевіч назваў пытанне забеспячэння аб’ектаў гандлю на вёсцы вадой. Бо на сённяшні дзень у 45% аб’ектаў карыстаюцца прыноснай вадой, кантроль за якасцю якой не вядзецца. Недастатковае і забеспячэнне сельскіх магазінаў халадзільным абсталяваннем, што не можа задавальняць у поўнай ступені патрэбы насельніцтва разнастайнасцю прапаноўваемых да рэалізацыі прадуктаў. А падчас тое, што ёсць, не дазваляе забяспечыць тэмпературны рэжым захоўвання тавараў у адпаведнасці з патрабаваннямі. Напрыклад, у магазінах вёсак Галёўка, Хмялёўка, Дворышча, Горы, Масевічы і інш.
Санэпідслужба разам з кантрольна-нагляднымі мерамі праводзіць і прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на матывацыю захавання суб’ектамі гаспадарання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Так, напрыклад, штогод па спецыяльных праграмах навучаюцца і атэстоўваюцца каля 2000 чалавек з кантынгенту сферы адукацыі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі.
Па разглядаемых пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 2.09.2015 г.

Добавить комментарий


www.avto-poliv.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!