Мастацтва не хварэць

“Самая першая і лепшая перамога чалавека — пакарыць самога сябе”, — гаварыў некалі філосаф Платон. Далёка не кожны чалавек задумваецца над тым, што карысна для яго, а што прыносіць шкоду. І яшчэ меншы працэнт тых, хто актыўна працуе над сабой, падтрымліваючы свой арганізм у пастаянным тонусе, не дазваляючы яму старэць. Між іншым, заўважана, што старасць – гэта не ўзрост, а стан не толькі душы, але і ўсіх працэсаў арганізма. Калі чалавек прывык да актыўнасці і яго арганізм працуе, як гадзіннік, многія хваробы проста не здольны парушыць гэты зладжаны механізм. А калі ў арганізма ёсць сілы, дык ён па-ранейшаму малады. У гэтым упэўнены маларытчанін Валерый Савасціёнак. Ён і сам актыўна выпрабоўвае розныя метады аднаўлення сіл арганізма, і іншым стараецца перадаць свой вопыт. Вось і нядаўна, у час фізкультурна-спартыўнага мерапрыемства “Мастацтва быць здаровым”, якое прайшло ў клубе для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык” тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Валерый Антонавіч правёў майстар-клас па мастацтву аздараўлення. Удзельнікі сустрэчы не толькі пазнаёміліся з рознымі метадамі станоўчага ўздзеяння на свой арганізм, але і на практыцы, узброіўшыся дыванкамі, развучвалі практыкаванні лячэбнай гімнастыкі, асвойвалі мастацтва валявога абмежавання дыхання, знаёміліся з лячэбнымі рухамі. У час майстар-класа члены клуба “Незгасальны агеньчык” вучыліся правільна выконваць такія простыя на першы погляд практыкаванні, як прысяданні, умацаванне прэса і адцісканне, знаёміліся з трыядай даўгалецця, у якую ўваходзяць хадзьба, сілавыя практыкаванні і расцяжкі, пераймалі вопыт скандынаўскай хадзьбы.
Пра скандынаўскую хадзьбу, пры якой задзейнічаны не толькі мышцы ног, але і рук, і дзякуючы актыўным рухам губляецца лішняя вага, нармалізуецца артэрыяльны ціск, размова ішла асобная. Гэты новы аздараўленчы від спорту знайшоў нямала прыхільнікаў сярод пенсіянераў горада. Папоўніць групу, якая кожны вечар збіраецца на стадыёне па вуліцы Заводскай і адпраўляецца ў паход скандынаўскай хадзьбой, запрасіў Валерый Антонавіч усіх, хто жадае.
Галоўны акцэнт у час фізкультурнага мерапрыемства быў зроблены на тое, што пачынаць працаваць над аздараўленнем свайго арганізма можна ў любым узросце. Але чым больш упушчана часу, тым больш цярплівасці і намаганняў трэба для таго, каб аднавіць сілы, умацаваць мышцы, ад стану якіх якраз і залежыць маладосць арганізма.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час майстар-класа.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.09.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!