Трэнер

Васіль Хапаль з в.Ляхаўцы цяпер на заслужаным адпачынку. Гэта незвычайны чалавек. Майстар спорту па кіданню кап’я, другаразраднік па скачках у даўжыню і штурханню ядра, трэцяразраднік па падняццю штангі – усе гэтыя дасягненні належаць яму.

…1957 год. У складзе збор­най каманды раёна школьнікаў Васіль Хапаль едзе на абласную спартакіяду па лёгкай атлетыцы. Выступіў юнак там добра. З вынікам 48 м ён займае першае месца сярод школьнікаў па кіданні кап’я. Многія такі поспех ўспрынялі як выпадковасць. Аднак за гэтым была карпатлівая штодзённая праца.
— Кіданнем кап’я захапіўся ў дзяцінстве, — кажа Васіль Дзмітрыевіч. — У нейкай ступені гэтаму паспрыяў мой школьны настаўнік фізічнай культуры Іван Сярдзюк. Пасля службы ў арміі ён стаў выкладаць у мяне гэты прадмет. Менавіта Іван Іванавіч і ствараў умовы, каб я сур’ёзна пачаў займацца спортам. Ён спачатку даў асновы тэхнікі кідання вучэбнай гранаты. Адразу ў мяне ўсё атрымлівалася. А потым я зрабіў драўлянае кап’ё і стаў сам для сябе трэніравацца на выгане за вёскай. Ніхто не прыму­шаў.
У 1958 г. на абласных спаборніцтвах кап’ё, пушчанае рукой Васіля Хапаля, праляцела 55 м. Такі вынік — другі спартыўны разрад.
На таленавітага юнака звярнулі ўвагу не толькі спецыялісты з Брэста. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Васіль Хапаль за кароткі прамежак часу перамагае на шматлікіх абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод школьнікаў, займае нават прызавое месца на Усе­саюзнай спартакіядзе школьнікаў у Ленінградзе.
Неўзабаве пасля заканчэння школы Беразняк, тагачасны намеснік начальніка аблана, прапаноўвае юнаку пасаду настаўніка. Хутка Васіль Дзмітрыевіч сустракаецца з Васілём Маркавым, загадчыкам аддзела адукацыі, і пачынае працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў Радзежскай школе.
Затым была служба ў арміі. Тут Васіль Хапаль адшліфоўваў і спасцігаў сакрэты многіх відаў спорту, набыў неабходныя веды, якіх не хапала. Дзякуючы сваёй настойлівасці, мэтанакіраванасці, праца­вітасці, хутка стаў майстрам спорту па кіданню кап’я. Ён выступаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню ў Кіеве, Тбілісі, Данецку, 5 разоў прымаў удзел у спаборніцтвах БССР — рэспублікі Прыбалтыкі, некалькі разоў пабываў на першынстве Савецкага Саюза. Практычна з усіх мерапрыемстваў вяртаўся з узнагародамі.
Васіль Хапаль мог бы стаць вядомым спартсменам. Аднак жыццё ўнесла свае сур’ёзныя карэктывы. Пасля службы ў арміі хлопец паступае вучыцца ў Мінскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і адразу ж пераводзіцца за завочнае аддзяленне. Чаму? Асноўная прычына – шлюб, які ўзяў з любімай дзяўчынай Еўдакіяй. Атрымалася так, што Васіль ні дня ў ВНУ так і не правучыўся. Ён стаў працаваць інструктарам фізічнага выхавання Маларыцкага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, а пасля – у добраахвотным сельскім спартыўным таварыстве “Ура­джай”. Спачатку трэнерам па веласпорце на базе Макранскай школы і адначасова старшынёй савета калектыву фізкультуры калгаса імя Кірава, пазней — трэнерам па лёгкай атлетыцы на базе Ляхавецкай школы.
Васіль Хапаль не толь­кі стаў выкладчыкам, аргані­затарам спартыўна-масавай работы на вёсцы. Ён яшчэ і сам з поспехам абараняў гонар раёна і вобласці на спартыўных спаборніцтвах. Напрыклад, на ІІІ рэспубліканскай спартакіядзе прафсаюзаў, якая праходзіла ў ліпені 1965г., Васіль Дзмітрыевіч штурхнуў кап’ё на 67 метраў 39 сантыметраў. Ён стаў чэмпіёнам Беларусі.
Васілю Хапалю праца з дзецьмі падабалася, аднак вышэйшай адукацыі за плячамі ў яго не было. Таму ў сілу абставін давялося звольніцца. На жаль, усё далейшае жыццё непасрэдна са спортам і фізічнай культурай звязана ўжо не было. Але ж Васіль Дзмітрыевіч з ім не развітаўся назаўжды. Займаўся спортам для сябе.
Васіль Хапаль быў таленавітым трэнерам. Многія яго выхаванцы дасягнулі ў спорце добрых вынікаў. Напрыклад, Васіль Дзмітрыевіч быў першым трэнерам у Пятра Пачанчука, сярэбранага прызёра Алімпіяды-1980 па спартыўнай хадзьбе на 20 км, а таксама ў Валянціна Курдзюка, Мікалая Бурштына.
На здымку: Васіль Хапаль.

Опубликовано в «ГЧ» 2.09.2015 г.

Добавить комментарий


https://220km.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!