Мiкола Купрэеў i Маларытчына

Пры краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі ўжо некалькі гадоў існуе пошукавая група. Вучні 9-11 класаў, якія ўваходзяць у яе склад, займаюцца зборам, вывучэннем, аналізам і сістэматызацыяй мясцовага матэрыялу. Не так даўно юнакі і дзяўчаты зацікавіліся асобай Міколы Купрэева (25 мая 1937г. – 19 верасня 2004г.), вядомага пісьменніка Берасцейшчыны, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў (1994г.), лаўрэата прэміі Саюза пісьменнікаў імя Аркадзя Куляшова.

Здавалася б, якое дачыненне мае Мікола Сямёнавіч, які нарадзіўся ў вёсцы Ямнае, цяпер гэта Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, да Маларытчыны. Сотні кіламетраў паміж гэтымі геа­графічнымі часткамі Бе­ларусі. Тым больш, што Маларытчына ў вершах і прозе Міколы Купрэева нідзе не ўзгадваецца.
— Ва ўсіх даступных кры­ніцах пра пісьменніка можна прачытаць, што ў 1943 г. захопнікі арыштавалі яго бацьку і забілі маці, — расказвае Кацярына Бітуліна, вучаніца 10 класа. — У 1947 годзе Мікола Купрэеў з бацькам пераехаў на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953 г. — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёна. Далей коратка пра будучага мастака слова паведамляецца, што ён скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу ў 1957 г., а затым факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута ў 1962 г. Мікалай Сямёнавіч працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты “Будаўнік камунізму”. Апошнія 15 гадоў жыў на Пружаншчыне: спачатку настаўнічаў ў вёсцы Папялёва, а  калі выйшаў на пенсію, жыў у  г. Пружаны… Заўважце: ні слова нідзе нават не ўпамінаецца пра Маларытчыну.
— У даведачнай літаратуры і ў інтэрнэце мы прачыталі, — гаворыць Кацярына Дацык, вучаніца 10 класа, — што Мікола Купрэеў пісаць пачаў яшчэ ў школьныя гады. Аднак друкавацца стаў падчас вучобы ў інстытуце (1957-1962). Яго першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958 годзе ў “Советской Отчизне” (ця­пер часопіс “Нёман”). Першая кніга паэзіі “Непазбежнасць” убачыла свет у 1967 г. (творцу тады было 30 год), а ў 1995 г. вый­шаў другі зборнік паэзіі “Правінцыйныя фантазіі”.
— Дык чаму ўсё ж такі пошукавую групу зацікавіла асоба Міколы Купрэева?
— Таму, што Мікола Сямё­навіч сваім лёсам быў звязаны з Маларытчынай, хоць і не працяглы час, — кажа Кірыл Крэйдзіч, вучань 10 класа. – Пасля працы з рознымі архіўнымі дакументамі, пошукаў і апрацоўкі матэрыялу можна дапоўніць жыццёвы шлях пісьменніка наступнымі фактамі.
16 жніўня 1965 г. Мікола Купрэеў быў залічаны ў штат Маларыцкай раённай газеты “Сельскае жыццё”. Ён стаў працаваць загадчыкам аддзела пісем і масавай работы. Аднак 26 кастрычніка 1965 г. звольніўся з гэтай пасады. За невялікі прамежак часу раённая газета надрукавала напісаныя Міколам Сямёнавічам наступныя вершы: “Элегія”, “Парусы”, “А мы ўсё пытаемся”, “Яблынькі”, “Па вуліцы плыў тапаліны пух”, “Трывожная, ваенная і ўсё ж – вясна” (другая назва верша “Вайна і вясна”), а таксама замалёўку “Схадзіце ў асенні лес”, фельетон “Свіная гісторыя”, артыкулы “У надзеі на лепшыя ўмовы” і “Калі педагог зліваецца з класам. Нататкі з урока”. Тры з гэтых вершаў (“Элегія”, “А мы ўсё пытаемся”, “Трывожная, ваенная і ўсё ж – вясна”) увайшлі ў першы зборнік паэта “Непазбежнасць”.
Амаль праз 2 гады лёс зноў закінуў Міколу Купрэева на Маларытчыну. 22 жніўня 1967 г. ён прыняты настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Арэхаўскую СШ, а праз некалькі дзён (з 5 верасня) пераведзены на пастаянную працу ў Радзежскую СШ настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Працаваў Мікола Сямёнавіч у гэтай навучальнай установе да 12 лістапада 1968 г.
На старонках раённай газеты ў 1967 г. было на­друкавана толькі 3 вершы паэта: “Спатканні ў сярэдзіне ХХ стагоддзя”, “На базары”, “Залатое руно” (пераклады са зборнікаў вершаў “Музыка высокага вецця” ўкраінскага паэта Віктара Лазарука), а ў 1968г. – толькі адзін артыкул, які называўся “Помнік у Радзежы” (5 сакавіка).
Пра Міколу Купрэева памятаюць былыя настаўнікі Ніна Касьянюк (Кумко) і Надзея Братчук (Кохан), якія разам працавалі ў Радзежскай школе.
— Мікола Сямёнавіч у 5 класе выкладаў рускую мову і літаратуру, а ў астатніх — беларускую мову і літаратуру, — кажа На­дзея Ільінічна. – Акрамя таго, загадам дырэктара ён быў замацаваны за Новым Сялом, дзе вёў улік дзяцей, якія падлягалі навучанню ва ўстанове адукацыі. Аб тым, што пісаў вершы, нікому не гаварыў.
— Мікола Купрэеў са сваёй жонкай Святланай Ягораўнай жыў на кватэры ў Ніны Фадзееўны Холад, — гаворыць Ніна Уладзіміраўна. — Чалавекам ён быў не ганарлівым, добразычлівым і шчырым. Нічым асаблівым сярод настаўнікаў не вылучаўся, быў вельмі сціплым у быце, негаваркім.
— У мяне Мікола Купрэеў некаторы час выкладаў родную мову і літаратуру, — успамінае Валерый Піпко. — Мне здаецца, што ён быў звычайным настаўнікам. Памятаю, што Мікола Сямёнавіч ніколі не павышаў голасу на вучняў. Урокі яго заўсёды праходзілі ціха, спакойна.
* * *
Гурткоўцы краязнаўчага музея “Спадчына” раённай гімназіі выказваюць па­дзяку за дапамогу Наталлі Самасюк, бібліятэкару Ра­дзежскай бібліятэкі-філіяла, а таксама Лідзіі Дацык, настаўніцы Радзежскай СШ.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Кацярына Дацык, Кацярына Бітуліна, Кірыл Крэйдзіч і Вадзім Ляўчук, вучні 10 класа, вывучаюць матэрыял, звязаны з дзейнасцю Міколы Купрэева на Маларытчыне.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 5.09.2015 г.

Добавить комментарий


https://www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

https://avrora-trans.com

http://militarycenter.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!