Цэны ніжэй — пакупнік бліжэй

За акном – верасень. А гэта значыць, што пачаўся сезон актыўных нарыхтовак сельгаспрадукцыі. Цяпер дбайныя гаспадары старанна папаўняюць свае кладоўкі і склепы вітаміннай прадукцыяй. Добра, калі ёсць уласны дом з агародам ці дача з некалькімі соткамі. А што рабіць таму, у каго гэтага няма? Тады даводзіцца ісці ў першую чаргу на рынак, каб тое-сёе закупіць і быць з вітамінамі і ўзімку.
На рынку штодзень працуе некалькіх спецыялізаваных кропак па продажы сельгас­прадукцыі. Асабліва багаты маларыцкі рынак на мясцовую гародніну і садавіну ў выхадныя. У суботу і нядзелю сюды прывозяць лішкі прадукцыі не толькі гараджане, але і вяскоўцы з многіх населеных пунктаў раёна. Гледзячы на багацце садавіны і гародніны на рынку, не скажаш, што сёлетняе лета на Маларытчыне было засушлівым. Радуюць і невысокія цэны. Тавар цяпер, як кажуць, на любы густ і кашалёк.
У мінулую суботу сваю прадукцыю на рынку прапаноўвала больш за 20 гандляроў. У іх можна было набыць практычна ўсё, што расце ў садзе і агародзе. Вялікіх чэргаў ля прылаўкаў з сельгаспрадукцыяй не назіралася. Аднак і сумаваць гандлярам не даводзілася.
Маларытчанка Ніна Струнец (на здымку), напрыклад, прапа­ноўвала толькі тое, што вырасціла сама: яблыкі, бульбу, боб, маліны, пятрушку… У Мікалая Тарчыла можна было набыць літр маліны за 20 тысяч. Валерый Саўчук са Збуража прадаваў цыбулю па 5 і 6 тысяч за кілаграм, агуркі – ад 2 да 8 тысяч, моркву – ад 5 да 8 тысяч, памідоры – па 4 тысячы…
— У Валерыя Уладзіміравіча ўжо не раз купляла сельгаспрадукцыю, — гаворыць Марыя Бірчук. – Уся яна належнай якасці. Я аддаю перавагу таму, што вырашчана на агародзе. Такая прадукцыя без “хімікатаў”. Яна экалагічна чыстая, карысная для здароўя. Таму сёння спецыяльна і завітала сюды зноў, каб набыць тое-сеё.
Багаты выбар сельгас­прадукцыі быў на прылаўку і ў Яўгена Ханаўца з Чарнян. Ён прапаноўваў капусту па цане ад 3 да 5 тысяч за кілаграм, бульбу – па 4-5 тысяч, сталовыя буракі – па 4 і 8 тысяч, памідоры – па 5, 8 і 10 тысяч, кабачкі – па 6 тысяч, перац – па 17, 20 і 22 тысячы. У Яўгена Сцяпанавіча таксама можна было набыць баклажаны па 17 тысяч за кілаграм, грушы, моркву – па 10 тысяч, кроп і пятрушку – па 3 тысячы. Прывабліваў прылавак яшчэ і тым, што Яўген Ханавец прадаваў і кавуны, вырашчаныя на чарнянскіх землях. Пакупнікі хвалілі гэтую ягаду і казалі, што на смак яна не горшая за астраханскую.
На рынку Маларыты можна набыць не толькі сельгаспрадукцыю, але і дары рэк і азёр. Жывую рыбу жыхарам райцэнтра пастаянна прапаноўвае рыбгас “Сакалова”.
— Штодзень маларытчане ў нас набываюць амаль сто кілаграмаў рыбы, — кажа прадавец Алена Костур (на здымку). – Мы прадаем карпа буйнога па цане 40800 рублёў за кілаграм, таўсталобіка – па 30500 рублёў, карася – па 27900 рублёў. Ахвотней за ўсё купляюць карпа. У буднія дні рыбгас “Сакалова” прадае жывую рыбу ля гандлёвай кропкі “Каласок” на вул.Савецкая.
* * *
Гандляры, з кім давялося пагаварыць, сказалі, што вырошчваюць сельгас­прадукцыю на продаж, бо гэта — дадатковая крыніца папаўнення сямейнага бюджэту. Аднак цэны вялікія на сваю прадукцыю імкнуцца не ўстанаўліваць. На рынку канкурэнцыя, хоць і нязначная, але ўсё ж такі ёсць. Пакупнік, перш чым нешта набыць, абыдзе ўсе гандлёвыя рады, пацікавіцца коштам. Перавагу аддасць таму гандляру, у якога цана меншая. Таму ў народзе невыпадкова кажуць: цэны ніжэй — пакупнік бліжэй.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 9.09.2015 г.

Добавить комментарий


еще по теме

www.start-sport.com.ua

Наш авторитетный блог , он описывает в статьях про инсеминация.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!