Дзе камфортна душы, там і трэба жыць, лічаць ураджэнцы Казахстана Анатоль і Наталля Калініны

Чалавек хутка прывыкае да ўсяго. Вось і героі майго творчага праекта, з кім добра пазнаёміліся, сімпатычныя тым, што яны, далёка не беларусы, вельмі хутка прызвычаіліся не толькі да нашага клімату, рэчаіснасці, людзей, але і перанялі той уклад жыцця, што характэрны для большасці нашых суайчыннікаў. Маю на ўвазе іх працавітасць, жаданне весці асабістую падсобную гаспадарку, апрацоўваць зямлю і вырошчваць на ёй тое, што неабходна для сябе.

Не адсталі ад гэтай кагорты Анатоль і Наталля Калініны, ураджэнцы горада Петрапаўлаўска Рэспублікі Казахстан.
4 гады таму назад яны пераехалі ў вёску Дарапеевічы. І, як прызналіся ў час нашай сустрэчы, рады, што аказаліся ў гэтым населеным пункце.
— Мы збіраліся сюды прыехаць у 90-ыя гады, — расказвае Анатоль. — Былі ў той час неяк у Макранах у гасцях. Вельмі спадабаліся нам тутэйшыя мясціны, і мы планавалі пераехаць у Беларусь. Тым больш, што і малодшаму сыну, у якога сур’ёзныя праблемы са здароўем, дактары рэкамендавалі змяніць клімат. А калі размова ідзе пра здароўе, не стрымлівае нічога.
Таму і Калініны, дачакаўшыся, пакуль старэйшыя сыны закончаць школу, прадалі ў Петрапаўлаўску жыллё, сабраліся і паехалі ў Беларусь. Спачатку, праўда, уладкаваліся ў Лукаве, але абставіны склаліся так, што давялося памяняць гэты населены пункт на Дарапеевічы. Ездзіць туды-сюды, з аднаго месца на другое, – не ў характары Калініных, але пераезд у Дарапеевічы быў толькі да дабра.
— Па-першае, нам тут адразу знайшлося месца работы: Анатоль уладкаваўся ў мясцовы сельгаскааператыў, я — у дзіцячы садок. Калі мне прапанавалі там працаваць выхавальнікам, вельмі ўзрадавалася. Нарэшце, думаю, збылася мая мара. Бо ў школьныя гады хацела паступаць у педагагічную ВНУ. Вядома, працаваць з дзецьмі – вялікая адказнасць, але я люблю, мне падабаецца, тым больш, што ў мяне сваіх чацвёра.
Самым жа важным і значным Калініны лічаць тое, што ім не давялося стаяць у чарзе на атрыманне жылля. Наадварот, кіраўніцтва дарапеевіцкага сельгаскааператыву адразу прапанавала ім новы з усімі выгодамі дом. Прычым, старшыня даў права выбару: маўляў, выбірайце такі, які вам больш падабаецца.
Калініны і спыніліся на новым доме 7Б на вуліцы 17 Верасня.
— Нам доўгі час не верылася, — прызнаваліся Анатоль і Наталля, — што маем свой дом. Прычым прасторны, з усімі выгодамі. У Казахстане пра такі, напэўна, і марыць было нерэальна.
Не лішнім аказаўся для Калініных і хлеў, які быў пабудаваны разам з домам. Па прыкладу вяскоўцаў яны завялі ў ім жыўнасць. І цяпер амаль ні ў чым не ўступаюць тутэйшым сялянам. Ёсць у гаспадарцы і кароўка, і свінні, і куры, і агарод садзяць. Уся прадукцыя выкарыстоўваецца не толькі для сваіх патрэб. Лішкамі яе яны дзеляцца з аднавяскоўцамі.
— Даўно мы не елі такіх смачных натуральных прадуктаў, якія ядзім тут, — прызнаецца Наталля. — Адно толькі малако ад сваёй кароўкі чаго варта.
Да ўсяго, Наталля ўмее і любіць рабіць з гэтага прадукта далікатэсы, у чым мы пераканаліся самі. Гаспадыня частавала нас такім смачным адтопленым малаком, што і мы, вясковыя, хто вырас на каровіных малацэ і смятане, не маглі паверыць, што гэты прадукт не заводскі. Як і «хвораст», што ў прыкуску да адтопленага малака здаваўся не проста кулінарнай выпечкай, а сапраўдным шэдэўрам.
Кароўку ў сваю ўласную гаспадарку Калініны выбіралі самі. Куплялі ў лю­дзей, бо былі перакананы, што найбольш высокапрадуктыўныя каровы ў вяскоўцаў. І цяпер малако ў Калініных ахвотна бяруць і тыя, у каго каровы няма. А сала ад выгадаваных свіней Наталля і Анатоль раздаюць проста так суседзям і знаёмым, бо самі яго не ўжываюць.
Вельмі рады Калініны, што тут, у Беларусі, у Дарапеевічах намнога палепшылася здароўе і іх саміх, і малодшага сына Данііла.
— Калі жылі ў Казахстане, 12 гадоў я не працавала па стане здароўя. Той клімат не падыходзіў і нашаму Даніку, у якога бранхіяльная астма, а вось тут мы сябе зусім інакш адчуваем. Калі ж сімптомы хранічнага захворвання ў сына і праяўляюцца, дык не ў такой цяжкай форме.
Праўда, сумуюць Калініны па сапраўднай зіме, якой у нас у Беларусі амаль не бывае.
— Я забыў, калі зімою снег расчышчаў, — гаворыць Анатоль. — І мароз у вас не мароз. Мы прывыклі, што калі ў нас зіма, дык зіма. І мароз не 15-20 градусаў, а 30-38. Там натуральныя футры насілі, а ў вас толькі раз за 4 гады апранулі.
Прызвычайвацца Калініным давялося не толькі да нашых зім, клімату, але і да тутэйшых умоў цывілізацыі. Ім было ў навіну, што, каб падстрыгчыся ці зрабіць прычоску, трэба было ехаць у Маларыту ці ў суседні Кобрын; што ў вёсцы няма ўстановы, куды б можна было вечарам схадзіць усёй сям’ёю, каб выпіць шклянку кавы ці какавы; што амаль ніякіх забаў няма для дзяцей; што аўтобусы і маршрутнае таксі ходзяць не кожны дзень; што вясковы магазін працуе ўсяго толькі да 18 гадзін і шмат яшчэ да чаго.
Вядома, адсутнасць пэўных выгод цывілізацыі стварае пэўныя цяжкасці. Асабліва, калі ты прывык да іх. Але Калініны задаволены, што ім пашанцавала ў другім плане: з работай, жыллём, і людзі лічаць іх не чужынцамі, а тутэйшымі, сваімі.
— Было б яшчэ лепш, — гаворыць Наталля, — калі б мы тут былі ўсе разам. Але двое нашых сыноў са сваімі сем’ямі жывуць у Казахстане. Ездзіць да іх пастаянна не можам, бо гэта больш за 4 тысячы кіламетраў, таму сумуем.
Былі б Калініны няшчырымі, калі б сказалі, што не сумуюць па Радзіме, дзе пражылі амаль усё сваё жыццё – 49 гадоў.
— Радзіма вабіць усіх, на тое яна і радзіма, — прызнаецца Наталля. — А што датычыць таго, дзе нам лепш, дык скажу так: жыць усюды добра, калі ты здаровы, калі ў цябе ёсць пастаянная работа, сям’я, калі ты маеш свой куточак.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Дарапеевічы.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль і Наталля КАЛІНІНЫ разам з сынам Даніілам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 9.09.2015 г.

Добавить комментарий


креатин купить

Cheap Drones

farm-pump-ua.com/sustaged.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!