Паласаты далікатэс

Ніколькі не горшыя за знакамітыя астраханскія кавуны вырасцілі сёлета ў ААТ “Чарняны”

Такія вялікія плантацыі бахчавых раней даводзілася бачыць толькі па тэлевізары. Але яны, скажу шчыра, не ўражвалі. Магчыма, таму, што былі не жывыя. Тое ж, што назіралі гэтымі днямі на 15-гектарным кавуновым палетку ў ААТ “Чарняны”, дагэтуль перад вачыма. А салодкі смак сакавітай ружовай мякаці ягады, якой прама на плантацыі пачаставалі жанчыны, што ўбіралі вырашчаны “паласаты” ўраджай, буду адчуваць на вуснах яшчэ доўга. Карацей кажучы, я ў захапленні ад паласатых прыгажуноў, якія выраслі на чарнянскай зямлі! А яшчэ ад таго, што пры жаданні такія салодкія паўднёвыя далікатэсы можна вырасціць і ў Беларусі, прычым ніколькі не горшыя за знакамітыя астраханскія.
… Ініцыятарам вырошчвання кавуноў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарняны” стаў яго дырэктар Міхаіл Перкавец. Вядома ж, пры дапамозе навукоўцаў. І ў першую чаргу прафесара Беларускага навукова- даследчага інстытута гароднінаводства і пладаводства Аляксандра Ауткі, які дапамог з тэхнікай для апрацоўкі глебы, нарэзкі грабянёў і для сяўбы насення. Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Казімірам Сядлецкім да позняй ночы знаходзіўся ён у полі падчас сяўбы салодкай ягады, настройваў агрэгаты, рэгуляваў норму высеву насення, глыбіню яго заштукоўвання. Як сапраўдны навуковец, Аляксандр Аляксандравіч не мог пусціць на самацёк ажыццяўленне цікавай і такой салодкай, сакавітай задумкі. Хваляваліся за лёс новай культуры і кіраўнік гаспадаркі з галоўным аграномам. І да пары да часу абыходзілі тэму яе вырошчвання: маўляў, гэта эксперымент, вынікі якога падвядзём восенню. Зусім як у прымаўцы пра куранят, якіх па восені лічаць. А каб прыадчыніць заслону ўвогуле не тайнай справы, у гаспадарцы гаварылі, што пад кавуны адведзена 15 гектараў плошчы, а яшчэ пра закладзеныя вопыты з 9 гатункаў расійскай і галандскай селекцый. Вось, бадай, і ўсё.
Сёння, калі кавуны даспелі і радуюць кіраўніцтва акцыянернага таварыства не толькі добрым ураджаем, але і сваімі цудоўнымі смакавымі якасцямі, Міхаіл Перкавец і Казімір Сядлецкі не хаваюць свайго маральнага задавальнення. Яно і зразумела: эксперымент удаўся. У дадатак да ўсяго, чарнянскія кавуны – экалагічна чыстыя. Яны не апрацоўваліся супраць шкоднікаў і хвароб. “У нас такіх проста няма. Таму і неабходнасці выкарыстоўваць хімікаты не было”, — распавядаў да паездкі на кавуновую плантацыю колішні аграном Беларускага навукова-даследчага інстытута гароднінаводства і пладаводства, зямляк чарнянцаў Мікалай Сідзюк, які ўжо займаўся кавунамі ў адной з гаспадарак Кобрынскага раёна. І не таму, што вырошчваліся на самым чыстым полі ў рэспубліцы, зазначае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства, на якім і сапраўды не ўбачылі ніводнага сцябла пустазелля. Чысціня дасягнута дзякуючы агрэгатам і машынам, якія выкарыстоўваліся пры апрацоўцы глебы. Дарэчы, аўтарам іх, калі можна так сказаць, з’яўляецца Аляксандр Аутка. Гэта з яго дапамогай і пры яго непасрэдным ўдзеле тэхніка была дастаўлена ў Чарняны. І з нітратамі праблем няма, бо азотныя ўгнаенні пад кавуны гатункаў “Раманзі” і “Топ-Ган” галандскай фірмы “Сенгента” амаль не ўносілі.
Вырашчаная паласатая ягада, вядома ж, радуе. Але, як прызнаўся па дарозе на бахчавую плантацыю галоўны аграном, ёсць праблемы з яе збытам. І цана, па якой кавуны прадаюць аптавікам – 3 тыс. рублёў за кілаграм, не задавальняе. Бо, акрамя маральнага задавальнення, хацелася б яшчэ не толькі затраты на вырошчванне кавуноў акупіць, але і прыбытак нейкі атрымаць. Хоць бы на далейшае развіццё дагэтуль не культывуемай у сельгаспрадпрыемстве культуры.
Дзе можна купіць чарнян­скі паласаты дэсерт? Непасрэдна ў Чарнянах. А яшчэ ў райцэнтры. Праўда, машына з салодкай ягадай на пляцоўцы ля ўнівермага бывае не кожны дзень. Калі ж некага зацікавіла паўднёвая прадукцыя, вырашчаная на Маларытчыне, патэлефануйце ў ААТ, і вам падкажуць, у які дзень чарнянскія кавуны можна будзе купіць ў райцэнтры і, паспрабаваўшы іх, годна ацаніць. Ад сябе асабіста і ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі, якія прадэгуставалі гэты паласаты дэсерт, запэўніваю: завезеныя з поўдня кавуны, што прадаюцца ў гандлёвых кропках горада, смакавымі якасцямі не могуць параўнацца з чарнянскімі. Калі не верыце, дык праверце.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: вось такія паласатыя прыгажуны убіраюць Галіна Клебановіч, Валянціна Пякалава і На­дзея Кулічык на бахчавай плантацыі ў Чарнянах; а такія выраслі на вопытным участку.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 12.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


автоматический полив цена

https://medicaments-24.com

steroid-pharm.com/oxaver.html