Сховішча ведаў і мудрасці

Сёння людзі сталі менш чытаць. Тлумачыцца гэта, як правіла, з’яўленнем новых спосабаў атрымання інфармацыі, тым, што жыццё стала іншым, людзі больш занятыя здабываннем сродкаў да існавання, чым раней, у савецкі час, калі краіна была самай чытаючай у свеце. Але перш чым адмаўляцца ад кніг, давайце зазірнем у бібліятэкі Маларыцкага раена.
Бібліятэчным абслугоўваннем насель­ніцтва раёна займаецца 21 бібліятэка: цэнтральная раённая, дзіцячая, 16 сельскіх (9 – у аграгарадках), 2 сельскія бібліятэкі-клубы, перасоўная бібліятэка-філіял (бібліобус). Фонд усіх складае больш за 256000 асобнікаў, а наведваюць бібліятэкі больш за 12000 чалавек у год. Але сёння гаворка пойдзе не пра гэта. Бібліятэкі сталі не толькі цэнтрам чытання і зносін, але і цэнтрам прыцягнення захопленых і дапытлівых людзей: мясцовых аўтараў, рукадзельніц, майстроў прыкладнога мастацтва.
Адной з эфектыўных форм работы з чытачамі і арганізацыі іх вольнага часу з’яўляюцца створаныя пры бібліятэках аматарскія аб’яднанні: клубы па інтарэсах, літаратурна-паэтычныя групы, агульная колькасць якіх – 15.
Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма прадстаўлена ў віртуальнай прасторы сайтам (maloritalib.by), дзе віртуальным наведвальнікам даступна інфармацыя аб новых паступленнях у фонды, аб мерапрыемствах, якія праводзяць бібліятэкі. Колькасць віртуальных наведванняў, у параўнанні з мінулым годам, павялічылася ў 3 разы.
Для людзей з праблемамі зроку раённая бібліятэка прапануе рабочае месца з партатыўным электронным відэапавелічальнікам, камп’ютарам з выхадам у Інтэрнэт і спецыяльнымі праграмамі “Увеличение”, “Озвучивание” (закуплена ў 2012 г.). У фондзе РЦБС 64 адзінкі аўдыявізуальных дакументаў.
Бібліятэкі раёна прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах і заўсёды атрымліваюць узнагароды. Так, па выніках XXIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, Лукаўская сельская бібліятэка (бібліятэкар Ларыса Анішчук) стала пераможцай сярод сельскіх устаноў у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.
Ці патрэбна сёння бібліятэка?
Вольга Сяргееўна Шахава, пенсіянерка, актыўная чытачка Маларыцкай раённай бібліятэкі:
– Людзі маладзейшыя запампоўваюць неабходную літаратуру з камп’ютара. Але ў многіх іншых камп’ютара няма, і не прадбачыцца ў гэтым жыцці… Ды і, мабыць, позна ўжо вучыцца асвойваць яго. Нядаўна чытала кнігу, і, павінна вам сказаць, адчуванні зусім не тыя, калі бярэш у рукі звычайную – са старонкамі, якія шалясцяць. Мне падабаецца, як з ціхім шолахам перагортваюцца гэтыя старонкі. Нават у самай глухой вёсцы патрэбна бібліятэка. Бо не ва ўсіх, як я ўжо сказала, ёсць аргтэхніка, а яшчэ і таму, што бібліятэка – месца сустрэчы для зносін людзей.
Кацярына Сілюк, вучаніца 11 класа Маларыцкай гімназіі:
— Камп’ютар – гэта, безумоўна, гіганцкая дапамога ў вучобе, адпачынку, атрыманні інфармацыі, у тым ліку і чытанні. Але кніга – гэта не толькі праца пісьменніка, гэта яшчэ і праца ілюстратара, выдаўца, гэта твор, які можна пагартаць, патрымаць у руках, прачытаць. Чытаць толькі ў камп’ютарных, электронных бібліятэках, несумненна, зручна, хутка, не трэба купляць дарагую кнігу, калі табе проста хочацца яе прачытаць, але гэта ўсё роўна, што гуляеш у камп’ютарным лесе і любуешся малюначкам ў камп’ютары. А калі бярэш кнігу ў рукі, то адчуваеш, як прыемна пахне новенькае выданне! Якія яркія і прыгожыя ў гэтай кнізе ілюстрацыі! Я заўсёды радуюся, калі ў мае рукі трапляе новая кніга, таму што я знаходжу ў ёй мудрага і добрага сябра.
— Я лічу, што сёння бібліятэка патрэбна і для горада, і для вёскі, — гаворыць Наталля Аляксееўна Кузьміцкая, дырэктар Маларыцкай ЦБС. — Гэта адзіная ўстанова культуры, дзе можна бясплатна ўзяць кнігу, прачытаць яе, бясплатна добра правесці час з задавальненнем для сябе. Сёння кажуць аб тым, што электронная кніга заменіць папяровы варыянт. Не, не заменіць. Таму што бібліятэка не проста сховішча кніг, а тут пануе асаблівая атмасфера ведаў і мудрасці. Бібліятэка ідзе ў нагу з часам. У работу ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Мы ствараем электронны каталог, які будзе выстаўлены на наш сайт. Натуральна, мы ствараем уласныя базы дадзеных, напрыклад, “Вялікая Айчынная вайна”. База складаецца з 12 электронных прадуктаў, большасць з якіх можна лічыць самастойнымі базамі дадзеных. Аблічбавана каля 100 артыкулаў перыёдыкі, раздзелаў кніг, гісторыка-дакументальнай хронікі Маларыцкага раёна, мемуараў, успамінаў, ваенных хронік… Ствараем электронныя базы да­дзеных уласнай генерацыі аб вёсках нашага раена. Першая – «Вёска Лукава». Такія базы будуць па ўсіх аграгарадках. Вядома, стварэнне ўласнага сайта дало нам магчымасць больш шырока рэкламаваць дзейнасць бібліятэкі ў сетцы Інтэрнэт, а значыць, і магчымасць падрабязна знаёміць чытачоў з працай нашай бібліятэкі. Што тычыцца абслугоўвання маланаселеных пунктаў, то ў нас працуе бібліобус, які дастаўляе лю­дзям літаратуру па 8 маршрутах. Чытачамі перасоўнай бібліятэкі-філіяла на працягу года сталі 346 жыхароў з 23 вёсак раёна, у т.л. дзяцей – 50. Выязджае бібліобус у кожную вёску, у асноўным, штомесячна.
Сення літаратура каштуе вельмі дорага, і далёка не ў кожнага ёсць магчымасць купіць упадабаную кнігу. Паважаныя чытачы, паважаныя жыхары горада і раёна, чакаем вас у нашай бібліятэцы. Прыходзьце, тут кожны знойдзе для сябе што-небудзь цікавае.
15 верасня – Дзень бібліятэк. Дарагія калегі і проста знатакі літаратуры, віншуем вас са святам. Дзякуючы бібліятэкам сувязь паміж чалавекам і кнігай ўсё яшчэ жывая. Падтрымлівайце айчынных аўтараў і знаёмцеся з замежнымі. Добрага вам здароўя, асабістага шчасця, прафесійнага ўдасканалення, шмат добрых чытачоў і прыемных сустрэч.
Галіна Кучына, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС.

Опубликовано в «ГЧ» 12.09.2015 г. 

Добавить комментарий


https://sledoc.com.ua

система полива

https://best-products.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!