Хлебу нізка пакланіцца

і ўшанаваць пераможцаў і прызёраў абласнога спаборніцтва на жніве ў сталіцу “Дажынак-2015” — горад Іванава — у мінулую суботу сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны, жыхары райцэнтра і шматлікія госці свята

Што тычыцца хлеба, то ён у Іванаве прысутнічаў паўсюль і быў, бадай, галоўным атрыбутам свята. Прыгожым духмяным караваем на Іванаўшчыне сустракалі раённыя дэлегацыі абласнога фестывалю-кірмашу, каравай са збожжа новага ўраджаю хлебаробы Брэстчыны паднеслі губернатару Анатолю Лісу (на здымку). Пірагі, булкі, караваі і іншую выпечку прапаноўвалі ўдзельнікам свята ў гандлёвых радах, якія раскінуліся па цэнтральнай вуліцы горада і вакол плошчы. І ўсе гэтыя хлебабулачныя вырабы людзі ахвотна набывалі ў якасці сувеніраў, каб парадаваць сваіх блізкіх дома. Сярод гандлёвых радоў размясціўся нават каравайны гарадок.
…Ушанаванне перамож­цаў і прызёраў абласнога спаборніцтва, канцэртная праграма з удзелам лепшых самадзейных калектываў Брэстчыны і заслужанай артысткі Рэспублікі Бела­русь Іны Афанасьевай, якія адбываліся на імправізаванай сцэне на цэнтральнай плошчы райцэнтра ў засені двух храмаў – Свята-Пакроўскай царквы і Крыжаўзвіжанскага касцёла — усё было прыгожа і ўнушальна. І, вядома ж, незабыўна і хвалююча для шматлікага атрада кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, непасрэдных удзельнікаў жніва – камбайнераў, вадзіцеляў, якія працавалі на адвозцы збожжа, аператараў ЗСК, аграномаў і інжынераў.
У тым ліку і для нашых землякоў: старшыні СВК “Дарапеевічы” Васіля Юхі­мука, які за ўзнагародамі двойчы ўзнімаўся на сцэну, галоўнага агранома гэтай жа гаспадаркі Марыны Калмыковай, дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Сяргея Гусака і аператара ЗСК гэтага ж прадпрыемства Віктара Галоўчыка. Прыемна і ганарова было ад таго, што маларыцкія хлебаробы могуць і ўмеюць працаваць, што ў абласным караваі ёсць і іх праца. Наш раён быў адзначаны ў ліку тых, хто, нягледзячы на сёлетнюю спякоту, не знізіў валавога намалоту збожжа, а пераўзышоў мінулагодні паказчык. Шчыра парадаваліся прадстаўнікі дэлегацыі нашага раёна і за намесніка начальніка райсельгасхарчу Вячаслава Федзюковіча, які за шматгадовую працу ў сельгасвытворчасці адзначаны Падзячным пісьмом Мінсельгасхарчу.
Не забудуцца і словы падзякі старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса за плённую працу на жніве ў адрас хлебаробаў. А яшчэ за тое, што дзякуючы іх руплівасці і стараннасці, вобласць першай у рэспубліцы перасягнула мільённы рубеж па намалоце збожжа, што паспяхова справілася з дзяржзаказам. Найбольшы ж уклад у важкі абласны каравай (1,4 млн. тон) у хлебаробаў Баранавіцкага раёна, якія намалацілі больш за 200 тысяч тон збожжа. За гэтае дасягненне раёну прысуджана першае месца ў абласным спаборніцтве сярод раёнаў Брэстчыны, а яго кіраўніку Васілю Хваціку разам з дырэктарам ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” (перамож­цай спа­­бор­­­ніцт­ва сярод сель­гас­прад­пры­емстваў) Васі­лём Мар­кевічам і лепшым кам­бай­не­рам воблас­ці Валерыем Савіц­кім з гэтай жа гаспадаркі выпаў гонар падымаць флаг абласных дажынак.
Асобна па­дзя­каваў гу­бер­натар і хлебаробам тых раёнаў, якія перасягнулі ста­тысячны ру­беж па валавым намалоце зерня. Сярод іх Пружанскі (127 тысяч тон), Ка­мянецкі (117), Пінскі (114), Кобрынскі (100). Уклад у агульны каравай вобласці маларыцкіх хлебаробаў хоць і больш сціплы (41 тыс. тон), але не менш важны для вобласці і важкі для нашага рэгіёна. Таму ўсе віншаванні са святам “Дажынак-2015” і падзякі за працу на зямлі, якія прагучалі са сцэны, цалкам тычыліся і хлебаробаў Маларытчыны, як перадавікоў, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстасці ў Іванава, так і тых, хто ў гэты дзень знаходзіўся ў полі…
Але для таго, каб па-сапраўднаму адчуць атмасферу фестывалю-кірмашу, які распачаўся напярэдадні вечарам раён­нымі дажынкамі, трэба было акунуцца ў песенна-танцавальны рытм гарадскіх вуліц: зазірнуць у гандлёвыя рады, адведаць шашлычкоў, на хвіліначку спыніцца ля музычных пляцовак, адкуль даносіліся мелодыі і песні на розны густ. Бо сапраўднае свята ў суботу кіпела, гудзела, спявала і танцавала да позняга вечара менавіта тут.
Надзея ЯЦУРА.

Опубликовано в «ГЧ» 16.09.2015 г. 

Добавить комментарий


https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!