Вось дык ягадка — КАВУН!

Двор Надзеі Аляксандраўны Асіпук у вёсцы Збураж знайшлі мы хутка. Адрас, дзе жывуць працавітыя гаспадары, на зямлі якіх добра растуць не толькі памідоры, капуста, бульба, але і не традыцыйная для нашых мясцін культура – кавуны, ведае амаль кожны збуражскі жыхар.
Унук гаспадыні, Юрый Хатынюк, хоць жыў з бацькамі ў Маларыце, але з самага маленства шмат часу праводзіў у вёсцы, куды прыязджаў да бабулі. З дзяцінства яго цягнула да зямлі, хлопец не цураўся вясковай працы. А потым і прафесію сабе абраў сялянскую  — вывучыўся на агранома. Набыўшы пэўны вопыт, вырашыў узяць у арэнду зямлю і займацца вырошчваннем гародніны. Праўда, вырошчванне кавуноў у планы не ўваходзіла. Іх пасадзіў малады гаспадар  на дзвюх сотках ля дома, проста, каб праверыць: што ж  атрымаецца? Нечаканаму ўраджаю, а на полі вырасла больш за 200 кавуноў, здзівіліся ўсе.
— Калі б Юра быў дома, ён бы вам шмат расказаў пра кавуны, — заўважала, запрашаючы на “кавуновую плантацыю” маці Юрыя, Ніна Міхайлаўна. – Гэта ён сам і расаду яшчэ зімою ў цяпліцы вырошчваў, і садзіў маленькія расліны, і даглядаў,  а мы толькі, чым маглі, дапамагалі.
Кавуны, дзякуючы стараннасці гаспадароў, выраслі добрыя. Праўда, дапамагала ім і надвор’е: дожджыкі палівалі ўсё лета і далі магчымасць наліцца сокам, а спякотнае сонейка дапамагло паспець. У выніку кавуны атрымаліся нічым не горшыя за астраханскія  — вельмі сакавітыя і цукрыстыя, адным словам, смачныя. Здзівіла ўсіх і вага многіх кавуноў, яна была проста рэкордная. Тыя, што сарвалі першымі, як расказвалі гаспадары, важылі 15-16 кілаграмаў. Вось дык ягадка!
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: паказаць цуда-ягаду згадзіўся дзядзька Юрыя, Сяргей Міхайлавіч Асіпук, які таксама дапамагаў вырошчваць кавуны.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий