Праверка надзейнасці і згуртаванасці

У чарговы раз спар­­тыўны комплекс “Жам­чужына” стаў пля­цоўкай для аблас­­ной спартакіяды работнікаў спажы­вецкай кааперацыі. 16 каманд райспажыўтава­рыстваў вобласці прыехалі ў Маларыту, каб у атмасферы спартыўнага запалу з карысцю правесці час і, разам з тым, выявіць самую згуртаваную і падрыхтаваную каманду, самых спартыўных кааператараў, здольных дастойна прадставіць вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
— У цэлым у краіне, адзначыў, настройваючы каманды на пераможны лад, старшыня праўлення аблспажыўтаварыства Леанід Янковіч, — значная ўвага надаецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Спажывецкая кааперацыя не можа заставацца ўбаку, тым больш што развіццё фізічных і спартыўных здольнасцей дапамагае не толькі ў жыцці, але і ў рабоце. Як у спорце перамога каманды залежыць ад асабістага ўдзелу і поспеху кожнага, так і ў паўсядзённай працы асабісты ўклад кожнага фарміруе агульны вынік калектыву.
Кіраўнік спажывецкай кааперацыі вобласці выказаў спадзяванні, што традыцыйная спартакіяда дапаможа не толькі выявіць лепшых, але і пасадзейнічае яшчэ большай згуртаванасці калектыву, што неабходна ў вырашэнні важных прафесійных задач.
Павітаў каманды і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. Падкрэсліўшы прыемны факт, што месцам правядзення абласной спартакіяды спажыўкааператараў вобласці не першы год становіцца менавіта спартыўная база Маларытчыны, Казімір Віктаравіч пажадаў удзельнікам спаборніцтваў поспехаў, перамог і адчування сапраўднага спартыўнага свята.
На працягу больш чатырох гадзін каманды змагаліся за перамогу. Спаборніцтвы ў мнагаборстве “Здароўе” праверылі спрытнасць і вытрымку ў бегу, скачках у даўжыню, падцягванні і адцісканні. І хоць змагаліся паміж сабой далёка не прафесійныя спарт­смены, але вынікі многія паказалі даволі добрыя. Спартыўны запал праявіўся ў валейбольных гульнях, турнірах па настольнаму тэнісу, шашках, шахматах, дартсе.
Лідзіруючы па многіх пазіцыях, перамогу ў спартакіядзе адваявала ў іншых каманда Лунінецкага райспажыўтаварыства. Прызавыя другое і трэцяе месцы занялі кааператары з Пінска і Століна. Камандзе Маларыцкага райспажыўтаварыства спартыўная фартуна на гэты раз не ўсміхнулася. Але заняўшы шостую пазіцыю з шаснаццаці, каманда ўвайшла ў дзясятку мацнейшых. Прызавыя месцы занялі маларыцкія кааператары ў спаборніцтвах па валейболе і дартсе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час спартакіяды.
Фота аўтара.

Опубликовано  в «ГЧ» 16.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.