Арыентацыя на мясцовыя прыродныя рэсурсы

На мінулым тыдні на базе Маларыцкага і Брэсцкага раёнаў адбылася дзявятая сесія абласнога Савета дэпутатаў 27-га склікання

І гэта не выпадкова, што для практычнай часткі сесіі дэпутатаў абласнога Савета былі выбраны менавіта гэтыя рэгіёны. Тут і сапраўды ёсць што паглядзець у кан­тэксце разглядаемых пытанняў парадку дня сесіі: “Аб стане і перспектыўным выкарыстанні прыродна-рэсурснага патэнцыялу вобласці для забеспя­чэн­ня спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцт­ва вобласці” і “Аб мерах, прымаемых абласным тэ­ры­тарыяльным фондам дзяржаўнай маёмасці су­месна з мясцовымі орга­намі ўлады па ўцягненні невыкарыстоўваемай і не­эфектыўна выкарыстоў­вае­май маёмасці ў гаспадарчы абарот”. А гаспадарам ёсць што паказаць.
Але напачатку народныя выбраннікі заслухалі справаздачу начальніка аддзела па рабоце са зваротамі гра­мадзян і юрыдычных асоб абл­выканкама Вольгі Варабей. Вольга Леані­даўна агучыла нямала лічбаў, якія сведчаць аб колькасці зваротаў на “Прамыя лініі” і ў аблвыканкам, а таксама пытанні, якія хвалююць грамадзян. Гэта ў першую чаргу работа служб ЖКГ, будаўніцтва і рамонт дарог, капітальны рамонт жыллёвага фонду, пытанні льготнага крэдытавання, працаўладкавання, заработнай платы. Асноўныя накірункі дзейнасці народных выбраннікаў па ўдас­каналенні работы з гра­мадзянамі знайшлі сваё адлюстраванне ў ра­шэнні абласнога Савета дэпу­татаў.
А яшчэ дэпутацкі корпус зацвердзіў Рэгіянальную праграму па развіцці і ўтры­манні мясцовых аўтама­більных дарог у Брэсцкай вобласці на 2015-2019 гады. Вось толькі ці будзе нам лепш па іх ездзіць і ці з’явіцца ў рамках гэтай праграмы аб’язная дарога вакол Хаціслава (аб неабходнасці яе будаўніцтва з уводам “Кварцмелпрама” на сесіі гаварыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч)? У адказ на гэтыя пытанні старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Уладзімір Парашка зазначыў: “Бу­дзем спадзявацца”. І дадаў, што вялікіх надзей на асфальтаванне 340 кіламетраў мясцовых гравійных дарог ускладваць не варта. Усё будзе залежаць ад фінансавання.
Аб рабоце мясцовых органаў улады па забес­пячэнні ўстойлівага сацы­яль­на-эканамічнага раз­віцця рэгіёна, а таксама аб падыходах да вырашэння пытанняў выкарыстання прыродна-рэсурснага патэнцыялу Маларыцкага раёна дэпутацкаму корпусу вобласці распавёў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. А гэта не толькі запасы мелу і лясныя ўгоддзі, а яшчэ і сапрапелі, якіх багата ў мясцовых азёрах. Казімір Віктаравіч выказаў надзею, што іх час яшчэ настане. Як настаў час мелу, які выкарыстоўваецца для вырабу будаўнічых матэрыялаў. Праўда, выні­каў ад яго дзейнасці, на якія разлічвалі, пакуль не ўдаецца атрымаць, але ў раёне ўпэўнены, што гэта часовыя цяжкасці.
Больш канкрэтна пра выкарыстанне мелу і кварцавага пяску з Хаціслаўскага радовішча падчас наведання дэпутатамі завода па вырабе цэглы і сілікатных блокаў “Кварцмелпрам” расказаў яго дырэктар Віталь Сакалоў. Тут, акрамя цікавай інфармацыі пра дзейнасць прадпрыемства, дэпутаты змаглі таксама ўбачыць узоры гатовай прадукцыі, паназіраць за працэсам яе вытворчасці.
Падчас наведвання леса­на­­рыхтоўкі ў Маларыцкім лясгасе генеральны дырэктар Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Тыцык распавёў удзельнікам сесіі пра выкарыстанне лясных рэсурсаў для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў для патрэб мясцовага будаўніцтва. Увазе дэпутатаў была прапанавана прадукцыя пабочнай вытворчасці і саджанцы, якія вырошчваюць ў лясгасе для залясення непрыгодных для сельгасвытворчасці плошчаў, шматфункцыянальная лесанарыхтоўчая машына “Харвестар” у рабоце. А ў Маларыцкай ЖКГ паглядзелі вытворчасць шчэпак. Тут жа генеральны дырэктар абласнога “Упраўлення ЖКГ” Сяргей Лабанаў праінфармаваў дэпутатаў пра выкарыстанне лясных рэсурсаў недзелавой драўніны ў якасці мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Падводзячы вынікі ўбача­нага на Маларытчыне, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў рэзюмаваў: “У нас няма залежаў нафты і газу. Але мы ўбачылі, чым мы багатыя. Убачылі, як можна вы­карыстоўваць нашы прыродныя рэсурсы для вытворчасці будаўнічых і паліўна-энергетычных матэрыялаў. Але гэта далёка не ўсё, што можна яшчэ прапанаваць з тых жа лясных рэсурсаў насельніцтву. Чаму ў райцэнтрах у магазінах нельга купіць дошкі, плінтусы, штапікі, той жа пясок? Усё гэта наша багацце, і яго неабходна з карысцю для дзяржавы выкарыстоўваць, вядома ж, рацыянальна, каб нашым дзецям і ўнукам засталася спадчына, не горшая за тую, што атрымалі мы ад сваіх продкаў.”
Сваё пытанне кіраўнік дэпутацкага корпусу адрасаваў не столькі прадстаўнікам лясной галіны, галоўная задача якой вырасціць і аддаць ў вытворчасць лес, колькі старшыням раённых Саветаў дэпутатаў. Сяргей Ашмянцаў рэкамендаваў ім не стаяць у баку ад гэтай справы, бо ўсё гэта робіцца дзеля людзей, і заняцца стварэннем хоць па адным прадпрыемстве, якое вырабляла б такія дробныя, але часам так неабходныя ў паўсядзённым жыцці рэчы і пастаўляла іх у магазіны.
Што тычыцца ўцягнення ў гаспадарчы абарот невы­ка­рыстоўваемай маёмасці на Маларытчыне, то, як зазначыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч падчас наведання дэпутатамі прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Эліс-прым”, якое размясцілася ў адным з былых жывёлагадоўчых памяшканняў падсобнай гаспадаркі ліцэя, такіх аб’ек­таў у раёне амаль не засталося. А ўдзельнікі сесіі былі ў захапленні ад убачанага, бо сёння пра тое, што тут некалі ўтрымлівалі кароў, нішто не нагадвае. Цяпер ў памяшканні — шыкоўная зала для ўрачыстасцей з кухняй і ўсім наборам посуду ў адной яго палавіне і швейны цэх на 25 працуючых – у другой.
У Брэсцкім раёне народныя выбраннікі пабывалі ў ААТ “Цяплічны камбінат “Бярэсце”, дзе азнаёміліся з працэсам здабычы і выкарыстання для патрэб прадпрыемства геатэрмальнай вады. Свае меркаванні і заўвагі па абмяркоўваемых на сесіі пытаннях выказаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс, які прыняў ўдзел у пленарным пасяджэнні.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: дэпутацкі корпус вобласці ў “Маларыцкай ЖКГ”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.09.2015 г.

Добавить комментарий


profvest.com

Mi Mobile Power Bank 2

13.ua/lajtboks
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!